Знайсці
22.02.2021 / 16:06РусŁacБел

Пракурор патрабуе для гродзенскага таксіста Лапы, якога моцна збілі пры затрыманні, тры гады калоніі

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 22 лютага працягнуўся разгляд крымінальнай справы мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), паведамляе spring96.org.

Гэта адзін з самых працяглых судоў па крымінальнай справе па артыкуле 364 за апошні час, суд распачаўся яшчэ 5 лістапада і доўжыцца тры з паловай месяцы.

У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПа — Арцём Логіш і Павел Конан. 

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца — пракурор Георгій Смольскі.

Перапынак ад 24 снежня быў абумоўлены неабходнасцю правядзення экспертызы відэазапісу інцыдэнту.

Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня «з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то бок наехаў на іх на машыне». Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і раны: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя.

Так Аляксей выглядаў пасля збіцця. Spring96.org

11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПа і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.

Пракурор перакананы, што «па арт. 364 КК РБ факт прымянення сілы з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўнікаў АМАПа знайшло пацвярджэнне ў поўным аб'ёме. Удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве не прымаў. А б-ч-б сцяг не ягоны, а пакінуты ў салоне пасажырам.

Віна Лапы пацвярджаецца таксама паказаннямі пацярпелых, сведак, матэрыяламі справы. Паказанні сведак супрацоўнікаў АМАПа пацвярджаюць паказанні пацярпелых.

У сувязі з выкладзеным, паказаннямі пацярпелых і сведак, факт атрымання цялеснага пашкоджання пацвярджаецца заключэннем судмедэкспертызы».

Пракурор Смольскі запатрабаваў прызнаць Лапу вінаватым і прызначыць яму 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і ўзяць пад варту ў зале суда. Таксама спагнаць з яго працэсуальныя выдаткі ў памеры 164 рублі, а сцяг знішчыць.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера