Знайсці
26.02.2021 / 10:48РусŁacБел

Хто такія пангаліны і чаму яны ў небяспецы

Пангаліны, якія жывуць у Азіі і Афрыцы, знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Першапачаткова гэтых жывёл абвінавацілі ў перадачы каранавіруса чалавеку.

Фота Depositphotos.com

Нягледзячы на іх выгляд, гэтыя жывёлы не з’яўляюцца рэптыліямі, як можа адразу падацца. Насамрэч яны адзіныя ў свеце лускаватыя млекакормячыя, таму іх яшчэ называюць лускаватымі мурашкаедамі. У даўжыню гэтыя істоты могуць вырасці да метра, піша DW.

Лічыцца, што слова «пангалін» паходзіць ад малайскага «той, хто зварочваецца» — і гэта тое, чым яны адметныя. Пангалін зварочваецца клубком падчас сну або для аховы. Істоты жывуць у норах і харчуюцца мурашкамі і кузуркамі.

Усе віды пангалінаў знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Прычына таму браканьерства і вырубка лясоў. Сусветны фонд дзікай прыроды назваў іх «жывёламі, якія часцей за ўсіх выкарыстоўваюцца для продажу».

Луска пангаліна шырока цэніцца ў традыцыйнай медыцыне Кітая і В’етнама, а яго мяса лічыцца далікатэсам у некаторых азіяцкіх краінах. Праз гэта пангаліны сталі вельмі прываблівымі для браканьераў, у выніку чаго іх усё часцей перапраўляюць кантрабандай з Афрыкі ў Азію.

Адзін кілаграм мяса жывёлы можа прынесці на чорным рынку некалькі тысяч даляраў. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе было прададзена больш за 1 мільён асобін. Гэта прыводзіць да імклівага скарачэння папуляцыі.

На пачатку 2020 года лічылася, што менавіта мяса пангаліна стала крыніцай распаўсюджвання каранавіруса. Цяпер жа большасць навукоўцаў мяркуюць, што першакрыніцай усё ж такі быў кажан. Аднак пандэмія выявіла небяспеку ўжывання дзікага мяса чалавекам.

Даследчыкі робяць усё магчымае, каб захаваць пангалінаў. Узмацніліся пакаранні для кантрабандыстаў, якія гандлююць гэтымі жывёламі, а ў Кітаі ўвялі забарону на выкарыстанне пангалінаў у медыцынскіх мэтах.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031