Знайсці
27.02.2021 / 21:29РусŁacБел

«Мой сын, якому беларусы некалі сказалі, што ён лішні, рупіцца і перажывае за Беларусь» — вялікая гутарка з Ганнай Хітрык

Ганна Хітрык, актрыса Купалаўскага тэатра і салістка гурта S°unduk, разам з мужам Сяргеем Рудзенем з’ехала з Беларусі тры гады таму — дзеля лепшых умоў для сына Сцёпы, у якога дыягнаставалі аўтызм. У Ізраілі, дзе яна з сям’ёй уладкавала жыццё, Ганна працягнула і граць, і спяваць. Але хутка выявіла, што мае сур’ёзную стадыю анкалогіі, з якой таксама давялося выбірацца. Сёння праз эпідэміялагічныя абмежаванні актрыса працуе ў павольным рэжыме. Пра бел-чырвона-белы сцяг ля дзвярэй, розніцу ў стаўленні да жыцця ў Беларусі і Ізраілі ды амаль згубленую надзею — у нашай з Ганнай размове.

— Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?

— Пазамінулым летам. Мы збіраліся прыехаць у мінулым ліпені перад выбарамі, каб прагаласаваць, але ў Ізраілі абвясцілі строгі каранцін і нам давялося здаць білеты. Таму мы прагаласавалі ў Тэль-Авіве.

— І за каго?

— За Ціханоўскую.

— У «Навагодняй паштоўцы», якую вы запісалі на верш Андрэя Хадановіча, ёсць словы пра «жыццё без крат». Ад якіх умоўных крат вы ў свой час з’ехалі з Беларусі?

— Вось ёсць паняцце краіны: людзі, якія ў ёй жывуць альбо разам, альбо не. (Цяпер наша краіна зразумела, што значыць быць разам, шкада толькі, што пры такіх умовах.) А ёсць паняцце сям’і, дзе вы таксама альбо разам, альбо не. Для таго, каб у нашай сям’і быць разам, мы павінны былі дапамагчы нашаму сыну. У нас было адчуванне закрытасці, быццам недзе там, у такіх жа сем’ях, жыццё і шчасце магчымыя, а ў нашай краіне чамусьці немагчымыя.

Таму мы вырашылі паспрабаваць усё кінуць і з’ехаць. Гэта было жудасна, страшна, кашмарна, мы рыдалі, сварыліся і не вельмі разумелі, куды едзем. Але ў нас было адчайнае жаданне ўсё разарваць, зламаць і даказаць, што можа быць па-іншаму. Тут мы зразумелі, што так, можа быць па-іншаму. 

— А калі б не сын, вы б з’ехалі?

— Мы заўсёды ўсведамлялі, дзе жывём, але я б не з’язджала. Не таму, што мы такія патрыёты-патрыёты, проста мне падабаецца мая краіна. Яна прыгожая, там мае сябры, там бярозы — гэта падаецца жартам, але ў Ізраілі няма бяроз і мне іх дзіка не хапае. Там на Новы год пахне ялінкай, а мандарыны — гэта дорага і ты іх цэніш, а тут яны растуць за рогам і ты думаеш: «Растуць і растуць». Нават не мільён, а мільярд дробязяў складвае пазл прычын, па якіх я люблю Беларусь. Гэта здаецца, маўляў, мы сядзім у пальмах, нам крута і класна. Не, нам тут складана, мы жудасна сумуем і перажываем, і вялікая частка нас усё роўна ў Беларусі.

— Вы з мужам абмяркоўваеце навіны з Беларусі?

— Штодзённа, штогадзінна. Калі не бачымся пару гадзін, сустракаемся і пачынаем: «А ты бачыў? А ты чытаў? Ды як так можна? Што рабіць? Трэба напісаць, спець, сказаць». У нас выпрацавалася нейкае пачуццё віны. Увесь час знаходзіцца нехта, хто кажа: «Лёгка вам там». І мне сорамна за тое, што так, мне сапраўды лягчэй, я магу ўсміхацца, магу хадзіць на мітынгі і не баяцца, магу чым заўгодна ўпрыгожваць сваё акно. Мы жывём насупраць аддзялення пошты, і часам яе наведвальнікі пытаюцца пра вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць у нас ля дзвярэй. Я кажу, што гэта сцяг Беларусі, а ў мяне пытаюць: «Што такое Беларусь, гэта Расія?» — і я пачынаю расказваць пра краіну, што там адбываецца і што я ганаруся беларусамі. Але пры гэтым мне не страшна за сябе.

— Вы адчулі, што ў апошнія месяцы адбыўся лікбез і людзі ў Ізраілі ўжо ведаюць, што Беларусь — не Расія?

— Абсалютна, гэта добра відаць на мітынгах. Звычайна яны праходзяць у такіх знакавых гарадах, як Тэль-Авіў і Іерусалім — нам сігналяць машыны, некаторыя ізраільцяне далучаюцца, а калі мы крычым «Freedom Belarus!», людзі крычаць разам з намі. Я малюся толькі за тое, каб гэта мела нейкі плён, каб праз гэта нешта змянілася.

— Вы адмыслова ездзіце ў Тэль-Авіў, каб паўдзельнічаць у акцыях салідарнасці?

— Канечне, ездзілі і ў Іерусалім. Нас там сабралася чалавек дваццаць, але мы «запалілі», папелі беларускіх песень і з’ехалі шчаслівымі. Гэта патрэбна, бо, па-першае, людзі даведваюцца пра падзеі ў Беларусі — наш мітынг нават паказвалі ў ізраільскіх навінах, а па-другое, гэта трэба нам самім. На апошнім мітынгу мой сын кажа: «Мама, чаму ўсе маўчаць?» Я пытаюся: «А што трэба рабіць?» — «Трэба крычаць «Жыве Беларусь!». — «Ну крыкні». — «Я саромеюся». — «Ну, давай я крыкну, а ты за мной».

Здорава, што чалавек, якому беларусы некалі сказалі, што ён лішні, вось так рупіцца, перажывае і хоча паехаць і ўбачыць гэтую краіну такой, пра якую Беларусь мы марым. Ён уявіў яе сабе цудоўнай краінай буслоў і ўсмешлівых людзей.

— Ці знайшлі вы ў Ізраілі тое, чаго вашаму сыну не хапала ў Беларусі?

— Так, знайшлі. Ізраіль — маленькая краіна, я не магу сказаць, што тут лёгкае жыццё. Калі тут цвітуць пальмы і няма лютых марозаў, гэта не значыць, што можна жыць на вуліцы і есці бананы. Даводзіцца шмат працаваць, твае дыпломы тут абсалютна нікога не хвалююць, ты прыязджаеш дарослай цёцяй і разумееш, што нічога не ўмееш і ты ўвогуле ніхто. Але людзі і стаўленне да жыцця тут настолькі іншыя, што здаецца, гэта іншая планета. Па першым часе нам здавалася, што з нас здзекуюцца. У Сцёпы нават быў нервовы зрыў, бо ён не разумеў, чаму да яго ўвесь час лезуць і ўсміхаюцца. Усе гаварылі на іўрыце, і я не адразу зразумела, што мне кажуць: «Які ў вас цудоўны хлопчык, ён самы прыгожы і разумны, чаму вы перажываеце, у вашага дзіцяці аўтызм — віншуем, ён асаблівы». Я глядзела на іх і думала: «Вы што, дурныя? Гэта ж жыццё скончана, я зараз пайду павешуся на вашай пальме!» А яны іншыя — я ўбачыла гэта і як новапрыбылы, і ў адносінах да сына, і калі захварэла на рак.

— То-бок сакрэт у тым, каб папросту прасцей ставіцца да жыцця?

— Сцёпа неяк сказаў, што хоча стаць работнікам пошты. У Мінску я б валасы на сабе вырвала, калі б мой сын такое сказаў, а тут думаю: «О, цудоўна, ну!» Тут любая праца — супер. І ўсё жыццё такое: тут няма шпалер, няма гэтага «я паслала сабе ламінат», мала ў каго ёсць сваё жыллё і ніхто з-за гэтага асабліва не перажывае.

У Мінску ў нас наклёўвалася свая жылплошча, мы купілі машыну, і нам здавалася, што гэта вельмі важна. У мяне з’явілася першая ўласная пральная машына і шафка Ikea для бруднай бялізны, пра якую я марыла некалькі гадоў, — я з’язджала і ледзь усё гэта не цалавала. У Ізраілі новая пральная машына ў нас з’явілася толькі нядаўна, і мне ўсё роўна. Я гляджу на яе і думаю: «Ну, пральная машына», — а тады думала: «ПРАЛЬНАЯ МАШЫНА!». У нас бегае хлапчук без валасоў, і на яго не вытарэшчваецца ніхто, апроч мяне ў першы дзень: спрацоўвае інстынкт, што яго трэба абараніць, бо з яго цяпер будуць смяяцца і тыкаць у яго пальцам. Але тут ніхто гэтага не робіць. Калі мы збіраліся пераязджаць, папярэдне прыехалі сюды паглядзець, што і як. І неяк адзін хлопчык гадоў дванаццаці спытаў у мяне: «Чаму ты не пераязджаеш?» Я кажу: «Ну, шмат усяго, ты не зразумееш, зноў жа страшна». Ён падумаў, што страшна мне з-за вайны, сказаў, што няма нічога страшнага, і паказаў, як трэба легчы, калі пачнуць бамбіць. Разумееце, які жах? Большасці нашых праблем у параўнанні з гэтым не існуе. Я прымушаю сябе ўзгадваць гэтую размову, а таксама першыя дні, калі я ўваскрасала пасля хіміятэрапіі, — гэтыя ўспаміны даюць мне разуменне, што ўсё фігня, галоўнае, што мы жывыя, а з усім астатнім мы справімся.

— А як беларускае грамадства дало Сцёпу зразумець, што ён лішні?

— Сцёпа, канешне, гэта адчуваў: ён не разумеў, чаму ад яго сыходзяць з пясочніцы, чаму яго не клічуць у госці. Неяк ён спытаў: «А калі я пайду на дзень нараджэння?» Таму што мы заўсёды ўсіх клікалі, а яго ніхто не запрашаў. Лёгка зразумець, як да цябе ставяцца: першае, што выдае, — як на цябе глядзяць, хаваюць вочы ці не. Табе нават нічога не кажуць, а ты адчуваеш, што нешта не так. І такое было скрозь. Цяпер дзякуючы заняткам і веры ў яго Сцёпа пайшоў у звычайную школу. А маленькім ён махаў ручкай перад сабой, баяўся шумаў, ляпаў дзвярыма — і гэта ў нашай постсавецкай прасторы з дрэсіраванымі дзецьмі, дзе прычоскі, макіяж, беленькае адзенне, не валяцца, не запэцкацца, на дзесяць гадоў дзяўчынцы трэба падарыць залатыя завушніцы. У Ізраілі школьная форма прадугледжвае спартыўныя штаны і футболкі ды байкі з сімвалам школы: дзіцяці павінна быць камфортна, ён павінен валяцца, тым больш калі ў яго пэўныя асаблівасці і яму трэба скідаць нервовае напружанне. Калі ў дзіцяці парваныя каленкі, тут ніхто не скажа: «Божа, куды маці глядзіць?» Галоўнае, што ён не ў слязах, а каленкі парваныя, таму што ён атрымліваў задавальненне — лазіў, поўзаў і кайфаваў. Магу сказаць, Сцёпа ў школе адзін з самых чысценькіх, бо ў мяне дагэтуль праяўляецца постсавецкі сіндром.

— Вы казалі, што аднойчы, калі хварэлі на анкалогію, у вас амаль знікла надзея. Беларусам, якія сёння страчваюць надзею, скажыце, як яе не згубіць.

— Я не ведаю. Я толькі ведаю, што яе нельга губляць. У мяне было два моманты, калі я не тое каб згубіла надзею, але зразумела, што паміраю. Мне не было страшна, а толькі неяк крыўдна, што Сцёпа праходзіць міма майго пакоя, а я яму нават нічога не скажу, бо ў мяне няма сіл і адзінае, чаго мне хочацца, гэта паглыбіцца ў сон. Але калі з гэтага вынырваеш — а табе яшчэ дрэнна і наперадзе яшчэ шмат складаных начэй, — ты хутка знаходзіш надзею, выкалупваеш яе, хапаешся за яе. Гэта як чалавек, які тоне, — ён намагаецца ўдыхнуць, удыхнуць, удыхнуць!

Мы не можам зараз усе ўзяць і патануць: папросту не маем права, бо ўжо памерлі людзі. Мы не можам здацца, бо, маўляў, усё неяк вяленька. Я веру, што ўсё будзе добра. Кожны дзень я нешта ўбачу, хтосьці нешта падпісаў, Латушка нешта сказаў, і надзея выскоквае як пужлівае шчаня. А інакш навошта гэтыя смерці, навошта людзі сядзяць у турмах, навошта столькі слёз.

— У вас не было пачуцця крыўды, што трэба займацца клопатамі з сынам і новай краінай, а тут яшчэ і хвароба?

— Калі я захварэла, пераважаў страх. Я ўвесь час задавала пытанне: «Я выжыву?» — але не мела адказу, бо тут дактары ніколі нічога не гавораць, таму што потым іх можна засудзіць. Табе могуць усміхнуцца, абняць, але яны не скажуць, што ўсё будзе добра. У занятках са Сцёпам можна было намаляваць прамую і распісаць, што трэба зрабіць, каб прайсці з пункта А ў пункт Б, а тут я не вельмі разумела, чым гэта скончыцца. А крыўдна мне было, калі Сцёпу паставілі дыягназ. Я хадзіла і казала: «За што мне гэта? Я хацела не так». Гэта псіхалогія: ты чакаеш дзіця, яно ў цябе ўжо ледзь не ў Гарвард пайшло, а тут такое. І тады ў цябе пачынаецца адмаўленне: «Гэта не маё, гэта не мая замова, мая была з іншымі гузікамі!» І ты крыўдзішся, але незразумела на каго. А другі раз крыўда ўзнікла на людзей, якія мяне атачалі, якіх я лічыла сваімі людзьмі, хоць я разумею, што ніхто не быў абавязаны мне дапамагаць. Цяпер я сяджу, Сцёпа хрумсціць чыпсамі, ходзіць у школу, яго ўсе любяць, ён запрасіў гасцей на дзень нараджэння, працуе мая пральная машынка, кожную раніцу я выходжу з кубкам кавы на балкон і кармлю драздоў і рыжага смярдзючага ката. Я разумею, што шчасце — вось. Тут у мяне, можа быць, не мільярд, але дзясяткі дробязяў, якія я люблю і праз якія адчуваю сябе жывой, таму ўсе тыя крыўды больш неактуальныя.

— Што скажаце пра ўчынак купалаўцаў?

— Мяне часта пра гэта пытаюцца, і ў мяне ўзнікае адчуванне, быццам я нейкая падманшчыца. Вядома, я ганаруся іх учынкам, калі б мы з Сярожам там працавалі, мы б таксама сышлі і засталіся б без працы, бо гэта, на мой погляд, адзіна правільнае рашэнне. Пасля такога адказу ўсе чамусьці думаюць, што мы з купалаўцамі разам, мы сям’я, мы сіла, але я назіраю за імі як за добрым, прыгожым і таленавітым, але асобным тэатрам. Тут ёсць яшчэ адна крыўда. Калі я захварэла, пра мяне клапацілася столькі незнаёмых людзей. Мне прыносілі супы, батоны і шмат таго, што мне ўвогуле нельга было есці. Адна жанчына брала Сцёпу пагуляць у парк, бо бачыла, што я не магу, а Сярожа разрываецца паміж мной і начнымі зменамі, ён тады падпрацоўваў ахоўнікам. Я крышачку чакала, што мне, можа быць, напішуць. Хаця што б я адказала — я не люблю пісаць, што мне балюча, мне дрэнна, я паміраю. Увогуле ўсё здарылася як здарылася, і пра гэтую крыўду я таксама потым забыла.

— Як вы выратавалі свой шлюб у крызісны момант?

— Я паставіла ўльтыматум. Я намагалася знайсці выйсце, абзваніла ўсе інстанцыі, дзе працуюць з дзецьмі з аўтызмам, і выпадкова натрапіла на групу ў Ізраілі. Сярожа прыйшоў дадому — а мы тады ўжо практычна не размаўлялі, ён нават сыходзіў жыць да сябра — і я паскудным тонам з гадкім выразам твару сказала, што мы едзем у Ізраіль. Ён сказаў: «Вельмі добра». А калі я дала зразумець, што гэта сур’ёзна, сказаў: «Ты што, звар’яцела? У нас толькі шэсцьсот баксаў!» А трэба было шаснаццаць тысяч. Я сказала, што альбо мы едзем, у нас усё атрымліваецца са Сцёпам і мы можам быць разам, альбо не едзем, у нас нічога не атрымліваецца, мы разводзімся і павольна аддаём даўгі. На некага трэба было скінуць, і мы скідвалі адно на аднаго — вось гэтае пачуццё віны перад бабулямі і дзядулямі за тое, што я нарадзіла нездаровае дзіця, перад бясконцымі дактарамі і медсёстрамі, якія глядзелі на мяне так, быццам у мяне замест дзіцяці дракон, і мне даводзілася ўвесь час за гэта апраўдвацца і прасіць прабачэння. Гэта было пекла. З грашыма нам дапамаглі сваякі, сябры і ў самым канцы адзін фонд. Мы паехалі і ўжо праз тры дні хадзілі пад ручку, бо адчувалі сябе ў бяспецы. За месяц Сцёпа змяніўся, і мы зразумелі, што ўсё можна змяніць, што гэта не той чалавек, якога дактары нам прадстаўлялі. Адна доктарка ў Беларусі параіла мне хутчэй нарадзіць другое дзіця, а Сцёпу «здаць».

— Раскажыце, чым вы займаецеся ў Ізраілі?

— У нас сямейны тэатр для дзяцей «Дом Чорнай савы», я вяду дзіцячыя тэатральныя групы, але ў Ізраілі было ўжо тры строгія каранціны, таму з мінулага сакавіка мы без працы. Як толькі я паправілася пасля хваробы, мы зноў сталі рабіць дзіцячыя спектаклі і квэсты. Мы ішлі-ішлі, ужо былі на слыху, нас запрасілі на тэлебачанне, мы былі такія крутыя — і тут на табе, каранцін. У гэты час мы запісалі «Письмо» і «Навагоднюю паштоўку», а каб дзеці не сумавалі, адкрылі YouTube-канал, дзе я чытаю казкі. І падпрацоўваем: часам цішком граем спектаклі на днях нараджэння, Сярожа стаў займацца мантажом, вось паехаў некаму дапамагаць на здымках. А я зварыла булён, сяджу, яго чакаю.

— У вас досыць непрыемны досвед знаходжання ў беларускім грамадстве. А ці памянялася вашае меркаванне пра беларусаў за апошнія месяцы?

— Канечне. Калі мы з’язджалі, я вінаваціла ў гэтым дзяржаву, а што такое дзяржава — гэта ўсе мы, бо мы выбіраем прэзідэнта, у нас гэтыя таўстазадыя дэпутаты, з-за нас міліцыя нас так моцна «беражэ». Але цяпер людзі быццам раптам пачалі бачыць. Усе пыталіся, навошта тыя людзі, што вырашылі стаць кандыдатамі ў прэзідэнты, ахвяравалі сабой, — вось дзеля гэтага. Ніводзін марш з кветкамі не даў такога выніку.

Раней я не разумела, што такое быць патрыётам, а цяпер разумею. І ганаруся людзьмі — мы быццам адчулі неабходнасць адзін у адным, усе адно аднаму гатовы дапамагчы, хоць раней не заходзілі далей за лайкі. Галоўнае пасля перамогі застацца разам, а не пачаць нешта дзяліць, і дай нам Бог, каб дзверы турмаў адчыніліся, з іх выйшлі вязні, а зайшлі тыя, хто робіць усё гэтае зло.

— Да чаго яшчэ, што пакуль не згадана, вы сталі прасцей ставіцца?

— Амаль да ўсяго. Напрыклад, да грошаў. З Сярожам мы сварымся толькі тады, калі ён пачынае перажываць, што ў нас мала працы і мы не зарабляем, а я не бачу ў гэтым трагедыі. Булён і морква — гэта ж класна, навошта парыцца. Сярожа часам ловіць вось гэтае беларускае «я ж мужчына», ён ходзіць, нос ніжэй за калена вісіць, і тады я пачынаю псіхаваць. Мне страшна толькі, калі я раз на паўгода хаджу правярацца, і пакуль мне не скажуць, што са мной усё добра, трасуся і плачу. Канечне, на любую праблему можна сказаць: «Галоўнае, што мы жывыя і здаровыя», — але не думаю, што гэта можа быць суцяшэннем для тых, хто збіты ці маральна знішчаны сілавікамі, у каго прайшоў ператрус, чыіх дзяцей напужалі. Гэта ўсё выратоўвае ад дробязяў, ад таго, з чым можна лёгка справіцца, а ў тым, што робяць цяпер з людзьмі ў Беларусі, могуць дапамагчы толькі псіхолагі і гіганцкая любоў. Сцёпу ўжо дзесяць гадоў, а я толькі першы год, як перастала парыцца, хоць мяне тут песцілі і бераглі. У Сцёпы быў дзень нараджэння, я зрабіла для дзяцей квэст, і адна дзяўчынка сказала: «Гэта найлепшы дзень нараджэння ў маім жыцці». Гэта было так класна, людзі не скупяцца на добрыя словы. Трэба, каб мы таксама гэтаму навучыліся. Не хачу, каб гэта гучала, быццам у Ізраілі ўсе добрыя, а ў Беларусі дрэнныя, — не, мы проста затузаныя, з намі гэта чамусьці зрабілі, мы такімі не нарадзіліся. Вось трэба неяк гэта спыніць і зрабіць шчаслівымі сябе і нашых дзяцей.

Ірэна Кацяловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031