Знайсці
22.02.2021 / 10:34РусŁacБел

17-гадовага Мікіту Залатарова з Гомеля пакаралі 5 гадамі выхаваўчай калоніі за «масавыя беспарадкі»

22 лютага суддзя Дзмітрый Дэбой вынес прысуд па крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі». 17-гадовы Мікіта Залатароў пакараны 5 гадамі выхаваўчай калоніі, паведамляе «Радыё Свабода».

26-гадовы Дзмітрый Карнееў пазбаўлены волі на 8 гадоў. 29-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калоніі.

Пракурор Яўген Фартушняк прасіў для абвінавачаных: Залатарову — 6 гадоў, Кавалёву — 7 гадоў, Карнееву — 8 гадоў калоніі.

Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з тэлеграм-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».

Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што Мікіту білі ў міліцыі і СІЗА. На гэта адвакат падаваў скаргу, але органы не знайшлі складу злачынства.

Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што ў дзеяннях іх падабаронных няма складу злачынства паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, дзе масавыя беспарадкі звязаныя з «пагромамі, падпаламі, наўмысным знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам».

Карнеева, Кавалёва і Залатарова вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва — яшчэ і ва «ўцягванні непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства».

Паводле версіі следства, Кавалёў вырабіў два кактэйлі Молатава, перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў. Увечары 10 жніўня ён прыехаў у раён правядзення пратэсных мітынгаў, дзе знайшоў выканаўцаў свайго плана — 26-гадовага жыхара Добруша Карнеева і 16-гадовага (на той момант) Залатарова. Мужчына перадаў новым знаёмым кактэйлі Молатава для таго, каб яны падпалілі сцяну якога-небудзь дома, а затым стаў пераконваць іх здзейсніць больш радыкальныя дзеянні — падпаліць гарадскі аўтобус ці аўтазак. Па дарозе маладыя людзі сустрэлі вайскоўцаў вайсковай часткі 5525 і кінулі кактэйлі ў іх бок. Пляшка ўпала каля вайскоўцаў і разбілася аб асфальт. Карнееў і Залатароў уцяклі — іх затрымалі пазней. А Кавалёва ў гэты ж вечар.

У сваіх паказаннях Кавалёў сцвярджаў, што пляшкі былі не ў яго, а ў Карнеева і Залатарова. Дзмітрый Карнееў жа пераконваў суд, што яго і Залатарова прымушаў падпальваць і кідаць пляшкі Кавалёў. Залатароў спачатку адмаўляўся ад дачы паказанняў, а затым распавёў, што менавіта Карнееў прымушаў яго кінуць бутэльку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930