Знайсці
21.02.2021 / 12:05РусŁacБел

Як рэдагаванне генаў можа паўплываць на будучыню чалавецтва

Навукоўцы ўжо ўмеюць рэдагаваць гены. Гэта ставіць чалавецтва перад абсалютна новым этапам. На свеце ў блізкай будучыні не стане сляпых і глухіх. Карлікаў не стане. Псіхічна хворых. А калі гэта магчыма і бяспечна, ці можна пайсці далей і дазволіць бацькам выбіраць сваім дзецям вышэйшы IQ, рост, колер скуры ці валасоў? Новая біятэхналогія пад назвай CRISPR пашырае магчымасці для лячэння смяротных вірусаў і генетычных захворванняў. Аднак гэта ўздымае сур’ёзныя маральныя пытанні.

Джэніфер Даўдна, амерыканскі біяхімік і генетык, стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па хіміі ў 2020 годзе. Яе даследаванні дапамаглі вынайсці новую тэхналогію, якая дазваляе рэдагаваць геном чалавека. Інавацыя заснаваная на элеменце ахоўнай сістэмы бактэрый, які дапамагае ім перамагаць вірусы.

У ДНК бактэрый ёсць паслядоўнасці, што паўтараюцца. Іх назвалі кароткімі паліндромнымі паўторамі, якія рэгулярна размешчаныя групамі (Clustered Regular Interspaced Short Palindromic Repeats — CRISPR). CRISPR могуць распазнаваць і знішчаць вірусы, якія атакуюць бактэрыю. Кожны раз, калі бактэрыя забівае вірус, яна забірае рэшткі яго генетычнага матэрыялу і захоўвае ў CRISPR. А пры наступнай атацы таго ж віруса CRISPR адразу разразае яго генетычны матэрыял і нейтралізуе пагрозу.

Джэніфер Даўдна змагла адаптаваць гэтую функцыю CRISPR да рэдагавання ДНК чалавека, што з’яўляецца прарывам у лячэнні генетычных захворванняў, стварэнні вакцын, нараджэнні здаровых дзяцей і барацьбе чалавека з вірусамі.

Джэніфер Даўдна. Фота wikipedia.org

У 2018 годзе малады кітайскі навуковец Хэ Цзянькуй (He Jiankui), які прысутнічаў на канферэнцыях нобелеўскай лаўрэаткі, выкарыстаў CRISPR для нараджэння першых у свеце дзяцей з адрэдагаваным ДНК. Калі блізняты былі эмбрыёнамі, ім выдалілі ген, які вырабляе рэцэптар для віруса, што выклікае СНІД. Гэта падзея выклікала шок і страх у сусветнай навуковай супольнасці. Падавалася, што распачалася новая эпоха, дзе чалавек мае кантроль над сваёй генетычнай будучыняй, піша The Wall Street Journal.

Здольнасць рэдагаваць гены чалавека выклікае трывожныя і супярэчлівыя пытанні. Ці маюць людзі права ўплываць на свой геном, каб справіцца са смяротнымі вірусамі? Гэта падаецца сапраўдным цудам, асабліва на фоне пандэміі. А што наконт магчымасці дапамагчы людзям пазбавіцца ад слепаты і глухаты? Ад карлікавасці? Ці псіхічных захворванняў? А калі гэта магчыма і бяспечна, ці можна пайсці далей і дазволіць бацькам выбіраць сваім дзецям вышэйшы IQ, рост, колер скуры ці валасоў?

Стварэнне такой тэхналогіі пабуджае чалавецтва разглядаць як і значныя перавагі, так і патэнцыйныя маральныя праблемы. Як тэхналогія CRISPR паўплывае на разнастайнасць чалавечага віду? Калі мы можам не залежаць ад таго, што дадзена ад прыроды, ці паслабіць гэта чалавечую эмпатыю і талерантнасць? І ці не будуць такія тэхналогіі, што вядома, не бясплатныя, яшчэ больш павялічваць няроўнасць у грамадстве?

Вікторыя Грэй са штата Місісіпі летась вылечылася ад серпавіднаклетачнай анеміі (спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем будовы бялку гемаглабіну). Ёй выдалілі некаторыя стваловыя клеткі з дапамогай CRISPR. Гэта не выклікала ніякіх спрэчак, бо рэдагаванне генаў ажыццяўлалася ў клетках дарослага чалавека і не перадавалася па спадчыне. Такое лячэнне каштавала жанчыне $1 мільён. Таму больш рацыянальна фіксаваць хваробу на ранніх стадыях развіцця эмбрыёна, каб мутацыя далей не перадавалася па спадчыне наступным пакаленням.

Аднак гэтага не робяць праз рызыку непрадбачаных наступстваў. Нават калі рэдагаванне серпавіднаклетачнай мутацыі цалкам бяспечнае, ці ёсць прычыны, каб забараняць яго? Магчыма.

Дэвід Санчэс стаў зоркай моцнага дакументальнага фільма «Чалавечая прырода» (цяпер на Нэтфліксе), знятага ў 2019 годзе. Калі Дэвід быў падлеткам, ён любіў гуляць у баскетбол — акрамя тых момантаў, калі серпавіднаклетачная анемія выклікала невыносны боль. Калі яму распавялі, што ў будучыні будзе магчыма лячыць падобныя захворванні яшчэ да нараджэння дзіцяці з дапамогай CRISPR, хлопец адказаў, што гэта выдатна, але такія рашэнні чалавек мусіць прымаць сам у свядомым узросце. «Ёсць шмат рэчаў, якім я навучыўся дзякуючы сваёй хваробе. Я навучыўся эмпатыі. Я навучыўся, як заставацца пазітыўным, нягледзячы ні на што. Я не думаю, што быў бы сабой, калі б у мяне не было гэтага захворвання», — так меркаваў Дэвід Санчэс у падлеткавым узросце.

Аднак цяпер малады чалавек думае інакш. Калі ў яго нядаўна запыталіся, ці хацеў бы ён скарыстацца рэдагаваннем генаў, каб абараніць сваіх дзяцей ад гэтай хваробы, Дэвід Санчэс адказаў, што так. А што наконт эмпатыі, якой ён навучыўся дзякуючы серпавіднаклетачнай анеміі? «Эмпатыя — гэта тое, што насамрэч важна. Я б хацеў перадаць гэту здольнасць сваім дзецям, аднак я не хачу, каб мае дзеці ці іншыя людзі праходзілі праз тое, праз што прайшоў я», — сцвярджае Дэвід Санчэс.

Тым не менш, малады чалавек прызнае, што хваробы ад нараджэння дапамагаюць фарміраваць характар. А часам гэта спрыяе творчасці. Напрыклад, Майлс Дэйвіс, вялікі джазавы музыка ХХ стагоддзя. Ці стаў бы ён тым, кім ён быў без сваёй серпавіднаклетачнай хваробы?

Яшчэ адно складанае пытанне ўзнікне, калі праз некалькі дзесяцігоддзяў навукоўцы знойдуць бяспечныя спосабы рэдагавання генаў, якія выклікаюць схільнасць да шызафрэніі, біпалярнага разладу і дэпрэсіі. Пазбаўленне ад гэтых псіхічных хвароб вызваліла б многіх людзей ад пакут, але гэта можа прывесці да меншай колькасці геніяў, такіх як Ван Гог або Эрнэст Хэмінгуэй, чыя творчасць у нечым абумоўленаяя барацьбой з псіхічнай хваробай. Ці згадзіліся б бацькі вылечыць сваё дзіця ад шызафрэніі, калі б ведалі, што гэтая хвароба зробіць яго вялікім мастаком?

А што калі чалавецтва пераступіць размытую мяжу паміж лячэннем захворванняў і паляпшэннем генаў для іншых мэт?

Напрыклад, мускульная маса. У арганізме чалавека ёсць ген, які спыняе рост мышц, калі яны дасягаюць пэўнага ўзроўню. Навукоўцы ўжо спрабавалі выдаліць гэты ген у жывёл, каб атрымаць мускулістых мышэй. Спартыўныя дырэктары адназначна будуць цікавіцца падобным рэдагаваннем генаў, а следам за імі і бацькі, якія захочуць мець дзяцей-чэмпіёнаў. Гэта можа цалкам змяніць наша ўяўленне пра спорт. Замест таго, каб захапляцца працаздольнасцю спартсменаў, людзі пачнуць захапляцца цудамі геннай інжынерыі.

Яшчэ больш супярэчнасцяў узнікне, калі рэдагаванне генаў дазволіць палепшыць кагнітыўныя навыкі, напрыклад, памяць, здольнасць да апрацоўкі інфармацыі ці нават інтэлект. Навукоўцам ужо ўдалося палепшыць памяць у мышэй такім чынам.

У наш час эксперты ў біяэтыцы адзінагалосна сцвярджаюць, што рэдагаванне генаў не павінна ажыццяўляцца, калі гэта не з’яўляецца неабходным з медыцынскага пункту гледжання. Аднак чым больш удасканальваецца геннае рэдагаванне, тым больш людзей не пагаджаюцца з тым, што выкарыстоўваць гэты спосаб для паляпшэння чалавека няправільна.

«Я не разумею, чаму выпраўленне інваліднасці, даданне 15 балаў да IQ ці выбар блакітных вачэй уяўляе сабой пагрозу для грамадства ці маралі? — лічыць Джордж Чэрч, генетык з Гарварда. — Чаму б не пакінуць гэтыя рашэнні бацькам?»

Сама Джэніфер Даўдна першапачаткова была супраць ідэі рэдагавання генаў у дзяцей. Аднак пазней яе сталі ўсё больш закранаць гісторыі людзей з генетычнымі захворваннямі. У выніку яна прыйшла да высновы, што людзям трэба быць асцярожнымі з увядзеннем забароны і жорсткіх абмежаванняў датычна рэдагавання генаў.

«Калі-небудзь мы зразумеем, што неэтычна не выкарыстоўваць генную інжынерыю, каб пазбавіць людзей ад пакут», — заявіла навукоўца на адной з канферэнцый.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера