Знайсці
20.02.2021 / 18:17РусŁacБел

«Рамантычных адносін паміж намі няма». Расказваем пра дзяўчат з культавага фота з пратэстаў

30 жніўня фатограф «Нашай Нівы» Надзея Бужан зрабіла здымак з пацалункам дзяўчат. Гэта фота трапіла у спіс найлепшых здымкаў 2020 года па версіі The Associated Press. З таго часу прайшло амаль паўгода. «Наша Ніва» адшукала дзяўчат са здымку і пацікавілася іх жыццём.

Марыі 23 гады, Крысціне — 22.

Марыя працуе юрыстам на дзяржслужбе, Крысціна вучыцца дыстанцыйна ў польскім універсітэце на мастацкай спецыяльнасці.

«Мы вучыліся ў БДУ, але на розных факультэтах. Я вучылася спачатку на хімфаку, але пасля перайшла на спецыяльнасць «медыцынская экалогія» (вывучала ўплыў фактараў асяроддзя на здароўе), — расказвае Крысціна. — 

А пазнаёміліся мы ў студэнцкім тэатры БДУ. Паступова пачалі ўдзельнічаць у спектаклях, у выніку нават выступалі на тэатральным фестывалі «Куфар».

Калі пачаліся акцыі ў жніўні 2020 года, дзяўчаты пачалі ў іх удзельнічаць. 

«Калі я была малая, мая мама выходзіла на Плошчу-2010. Тады яна мне штосьці расказвала, што адбываецца. Я да канца, можа, і не разумела, але ў школе спрачалася з настаўнікам гісторыі, які абараняў прэзідэнта. Напэўна, глядзелася гэта забаўна, — пасміхаецца Марыя. — Але цяпер я вырасла, скончыла ўніверсітэт і пайшла на працу у дзяржаўнай установе. Я на свае вочы ўбачыла пэўныя працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаве — і яны мне не спадабаліся. Мне не спадабалася тое, што даводзіцца рабіць самой, не спадабалася стаўленне да мяне. 

Але галоўную ролю гралі падзеі 9-11 жніўня. Абсалютна выпадкова я трапіла ў самы гушчар падзей. 

9 жніўня мы з маім хлопцам прагаласавалі — зразумела за каго — і пайшлі ўвечары ў бар на Зыбіцкую. А пасля выйшлі на вуліцу — і не зразумелі, што адбываецца. Сувязь ужо пачала знікаць, на вуліцах шмат людзей, за 40 метраў ад нас стаіць шэраг амапаўцаў.

Тады мы былі вымушанымі ўдзельнікамі падзей — і я не разумею, чаму я ў сваім горадзе мусіла бегаць і хавацца па дварах, каб дабрацца дадому. 

І быў такі момант: ідзем па дварах, інтэрнэт не працуе і раптам выбух, нейкае святло… Было вельмі страшна, бо не ведаеш, што адбываецца.

Ну і пасля, калі я пачытала і ўбачыла фота таго, што адбывалася ў горадзе — было страшна, было балюча. Я шмат плакала. 

І таму, напэўна, я пачала выходзіць — і эмоцыі змяніліся. Мяне таксама прабівала на слёзы, але ўжо ад гонару за людзей і ад пачуцця адзінства».

«Я расла ў такой сям’і, што ведала з дзяцінства, што адбывалася ў Беларусі гэтымі гадамі. Мне расказвалі і што было ў 1994, і ў 1999. Таму я заўсёды кепска ставілася да ўлады, але лічыла так: нічога не зменіцца, таму я з’еду, — расказвае Крысціна. — Але пераломны момант для мяне быў дзень, калі пасадзілі Віктара Бабарыку. Я перажывала за яго, гэта вельмі кранула маё сэрца. 

А за пару дзён да 9 жніўня я была ў цэнтры горада з сяброўкай. Перад намі праехаў мікрааўтобус, з яго выбеглі амапаўцы і схапілі нейкага хлопца проста перад намі. Не ведаю за што — хлопец проста стаяў.

Мы пабеглі хавацца ў двары, было вельмі страшна. 

А пасля былі падзеі 9-11 жніўня. Я хацела выйсці на вуліцу, але было вельмі страшна, чула выбухі… І пасля гэтага я вырашыла пайсці на першую жаночую акцыю на Камароўцы». 

Затым Марыя і Крысціна некалькі разоў выходзілі на маршы. На адным з іх 30 жніўня і было зроблена культавае фота. Дзяўчаты падкрэсліваюць — яны спакойна ставяцца да ЛГБТ, падтрымліваюць свабоду для ўсіх людзей. Але рамантычных стасункаў паміж імі няма. Яны не сустракаюцца, а проста сябруюць.

«Я сустракаюся з хлопцам. Але прымаю сябе, напэўна, як бісэксуалку, — кажа Марыя. — Разумею, што цяга да дзяўчын у мяне ёсць».

Тое ж кажа і Крысціна.

Але пацалунак на фота не меў нейкага сэксуальнага падтэксту. Дзяўчаты кажуць, што гэта проста іх традыцыя.

«Гэта ў нас такая традыцыя — у нейкія значныя моманты рабіць фота, дзе мы цалуемся. Усё пачалося з нашага першага сумеснага падарожжа. Мы былі ў Кіеве, гулялі па Батанічным садзе. Было вельмі прыгожа, мы ўбачылі як нейкая парачка цалуецца, здымае сабе лав-сторы… і мы вырашылі таксама зрабіць сабе такую фотачку.

І паміж той першай фатаграфіяй і здымкам з 30 жніўня было яшчэ шмат-шмат фотак з нашымі пацалункамі», — пасміхаюцца дзяўчаты.

І такое ж традыцыйнае для сябе фота яны і вырашылі зрабіць у летні вечар перад шэрагам АМАПа.

«Толькі адна жанчына выказала нам, маўляў, што гэта не да месца, маўляў, людзі пакутуюць, а мы зладзілі цырк.

Але ж мы рабілі гэта для сябе! Нас фоткала сяброўка, мы нават не думалі, што нас будуць здымаць журналісты», — кажуць дзяўчаты.

Пасля фота разышлося па інтэрнэту. 

«Шмат знаёмых пісала: оў, глядзі, ты засвяцілася на фота! Мне напісала нават дзяўчына, у якой я калісьці рабіла стрыжку і яна бачыла мяне адзін раз у жыцці. Яна напісала мне пад фотаздымкамі «Жыве Беларусь!», і было вельмі прыемна адчуваць, што чалавек на маім баку, адчуваць падтрымку, — кажа Марыя. — Увогуле ўсе знаёмыя, якія ўбачылі фота, адрэагавалі вельмі станоўча. Але калі фота посцілі на рускамоўнай прасторы, у каментах пачынаўся люты трэш. Аднойчы дзяўчынка нейкая напісала: «А, дык іх ужо выкрылі, гэта расійскія правакатаркі, нават навіна была». Я нават напісала ёй: дык дайце тады спасылку на тую навіну. Адказ быў: шукайце самі, гэта паўсюль ужо ёсць!»

Выстава «Будучыня Беларусі, якая ствараецца жанчынамі» ў Вільнюсе. Гэта беларускі жаночы пратэст, які знялі пяць фотажурналістак: Ірына Арэхаўская, Надзея Бужан, Дар'я Буракіна, Віялета Саўчыц і Вольга Шукайла.

Крысціна расказвае, што яе знаёмыя таксама падтрымалі, ўбачыўшы фота.

«Але былі нейкія людзі, якія пісалі ў каментах: нам такая свабода не патрэбная! І было прыемна, калі мяне пачыналі абараняць абсалютна незнаёмыя людзі, адказваючы, што калі мы за свабоду, то за свабоду для ўсіх», — згадвае Крысціна.

Бацькі Марыі фота не бачылі і па сёння.

«Мая мама бачыла, — кажа Крысціна. — Ёй не вельмі спадабалася, але адрэагавала спакойна». 

Акрамя таго, Крысціну праз гэтае фота выклікалі ў міліцыю. 

«Я выклала здымак у інстаграм. Старонка ў мяне адкрытая, пад маім імем. І пад канец двухмесячнага тэрміну, цягам якога могуць прыцягнуць да адказнасці за адміністратыўныя правапарушэнні, мне прыйшла паперка па артыкуле 23.34. 

Я не ведала, што рабіць, пракансультавалася з адвакатам. Ён параіў схадзіць, супакоіў, што, найхутчэй, будзе штраф, — расказвае Крысціна. — Я прыйшла ў міліцыю — але я не ведала тады, чаму менавіта мяне выклікалі, бо мяне ніколі не затрымлівалі. І ў міліцыі мяне пытаюцца: разумееце, чаму вас выклікалі? Не, кажу. І тады малады міліцыянт раскладвае перада мною вялікія раздрукоўкі фотак з нашым пацалункам і скрыншоты майго інстаграма.

Але да суда не дайшло. Я так разумею, гэта было як нейкая тлумачальная размова, мне далі падпісаць нейкую паперу, накшталт я больш так не буду».

Пасля 30 жніўня дзяўчаты ўдзельнічалі ў некалькіх маршах, на шчасце, іх не затрымлівалі. 

Цяпер яны застаюцца ў Беларусі, але раздумваюць, што рабіць далей.

«Я хачу паспрабаваць пажыць у іншай краіне — але гэта не значыць, што я не вярнуся», — кажа Крысціна. 

«Мы з маім хлопцам таксама абмяркоўвалі эміграцыю, — прызнае Марыя. — Але пакуль гэта толькі размовы. Праўда, мама сказала мне так: «Калі вырашыш з’ехаць, я дапамагу матэрыяльна». 

Але і страшна штосьці мяняць. Усё ж у мяне застаецца надзея і вера, што святло пераможа цемру. Веру, што дабро пераможа.

Так, маршы сціхлі. Але ж настрой нікуды не падзеўся. Я і па сёння бачу людзей з белымі бранзалетамі. Мне здаецца, нічога не спынілася, бо тое, што паднялося, ўжо спыніць немагчыма. Нельга спыніць цунамі».

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера