Знайсці
17.02.2021 / 21:28РусŁacБел

«Калі б мой сын не паехаў з Соф'яй, ён бы цяпер быў дома». Як змянілася жыццё маці 18-гадовага палітвязня Ціхана Клюкача

Гэта быў адзін з самых гераічных судовых працэсаў — якраз адпаведных нашаму часу. 18-гадовы Ціхан Клюкач пастараўся ўзяць віну на сябе, а яго сяброўка Соф’я Малашэвіч скарысталася апошнім словам, каб выгарадзіць хлопца і папрасіць не караць яго пазбаўленнем волі. Прысуд суддзі Вольгі Няборскай — паўтара і два гады калоніі адпаведна. Маладога берасцейца Ціхана абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку: разам з Соф’яй ён прыехаў на нядзельны марш у Мінск. Яго затрымалі ў той момант, калі здымаў сяброўку на відэа, пакуль тая размалёўвала шчыты сістэмы «Рубеж». «Ён высокі, заўважны, вось яго і заўважылі», — змрочна жартуе маці Іна Калацкая. Яна адгаворвала сына ехаць на марш, але той паставіў яе перад фактам. Мы паразмаўлялі са спадарыняй Інай аб тым, як яна перажывае апошнія месяцы.

«Хочацца заснуць і прачнуцца, каб было нармальнае чалавечае жыццё». 6 верасня, калі Ціхан паехаў на марш, Іна ўзяла тэлефон і на адным з апублікаваных відэа ўбачыла, як яе сына затрымліваюць. Гэты дзень стаў для яе адным з самых цяжкіх за апошні час: «Я перажывала, дзе ён, што з ім, а потым Ціхан пазваніў і сказаў, што ў яго крыміналка. Я кажу: «Якая крыміналка, ты ж нічога не рабіў, проста здымаў дзяўчыну на тэлефон!»

Хлопца закінулі на Акрэсціна, праз тры дні далі штраф і вызвалілі, пасля яшчэ тройчы давалі па 15 сутак у Брэсце. Пасля ўжо ў якасці падазраванага на крымінальнай справе яго двойчы выклікалі на допыт у Мінск, але другі раз маці, якая яго суправаджала, была вымушана вяртацца дадому адна: пракурор пакінуў Ціхана пад вартай.

Паводле Іны тое, у што яе сям’і давялося акунуцца, выклікае адчуванне нерэальнасці, настолькі лагічнае мысленне адмаўляецца гэта прымаць: Ціхан у яе — адзіны сын, яны жылі ўтраіх з бабуляй, хлопцу толькі-толькі споўнілася васямнаццаць гадоў, ён ніколі не прыцягваўся да адказнасці, не меў праблем з вучобай, у яго не было шкодных звычак…

«Ціхан у мяне самадастатковы хлопец, мае мастацкія здольнасці, вельмі любіць прыроду, ездзіць у лес, ведае ўсе грыбы і ўсіх птушак, шмат чытае, прычым на розных мовах, разбіраецца ў гісторыі. Ён увогуле ва ўсіх рэчах разбіраецца лепш за мяне. Ціхан абсалютна далёкі ад крымінальнага асяроддзя, СІЗА — не тое месца, дзе ён павінен быць. Мы шмат уклалі ў нашага сына і ўнука, таму для нас гэта страта страт, асабліва калі ты меркаваў яму іншую будучыню. Цяпер уся мая карцінка проста развальваецца».

Адукацыю Ціхан вырашыў пачаць з сярэдняй спецыяльнай — паступіў у берасцейскі каледж, дзе пазнаёміўся з Соф’яй Малашэвіч, але правучыўся там літаральна з тыдзень, бо праз абвінавачванне хутка атрымаў прапанову забраць дакументы.

«Да Соф’і ў мяне дваістае стаўленне: так, яна выгароджвала Ціхана на судзе, хоць гэта было па-дзіцячы. Але яна яго ў гэта і ўцягнула — усё ж дзяўчынка, прапанавала, а ў яго вочы гарэлі паехаць у Мінск. Я разумею, што гэта маладосць, неразумнасць, легкадумнасць… Але калі б мой сын з ёй не паехаў, ён бы цяпер быў дома. А калі б Ціхан быў на маршы без яе, ён бы проста ішоў у натоўпе».

«Мне спатрэбіўся тыдзень, каб сабраць сябе па частках»

У СІЗА хлопец у асноўным малюе і чытае, у камеры таксама ёсць шахматы і адзінаццаць чалавек, з якімі можна пагаварыць.

«Я не ўсё магу перадаць з таго, што б ён хацеў: пяць кніг, якія Ціхан прасіў, у мяне не ўзялі, што стала асобным стрэсам. Мы перадаём яму нататнікі і альбомы, каб ён мог маляваць, фрукты, каб былі вітаміны, нешта смачнае, бо хочацца яго папесціць. Я часта адпраўляю вясёлыя паштоўкі, каб ён усміхнуўся, у адзін ліст уклала фатаграфіі, дзе мы ўтраіх з бабуляй. Ён у сваіх лістах намагаецца падбадзёрыць і кажа, што ў яго ўсё добра, — нават з турмы клапоціцца пра нас. Прыемна чытаць словы «люблю» ці «абдымаю» — у звычайным жыцці ён такое, можа, і не сказаў бы, а цяпер яно неяк інакш гучыць і насамрэч грэе душу».

Навагоднія святы прайшлі міма Іны — традыцыйна яна з сынам хадзіла па жывую ялінку, Новы год сустракалі ў сямейным коле, Ціхан мог прыгатаваць вячэру. «Аднойчы 31 снежня мне давялося працаваць дапазна, я прыйшла, а стол ужо быў накрыты. Гэтым разам я нават не ставіла ялінку. Можна сказаць, свята ў мяне скралі. Ідзеш па горадзе, бачыш ілюмінацыю, вакол людзі, якіх не закранула бяда і якіх усё задавальняе, — а ў мяне нават няма святочнага настрою».

Суд стаў другім найцяжэйшым момантам для Іны. Па першым часе яна не магла паверыць, што яе сына абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула, потым прыйшла ўпэўненасць, што следства папросту пакуль не разабралася, пазней яна падумала, што, можа, нечага не ведае, настолькі недарэчным здавалася абвінавачванне. Урэшце маці стала спадзявацца, што прысудам будзе хаця б хатняя хімія. Але Ціхан атрымаў год і шэсць месяцаў калоніі.

«Пасля прысуду я была не ў сабе, такой дэпрэсіі ў мяне раней не было. Складана было нават размаўляць з людзьмі. Мне спатрэбіўся тыдзень, каб сабраць сябе па частках. Трэба было адляжацца, я прымала лекі, бо без іх нервовая сістэма проста згарэла б. Мне кажуць, я павінна клапаціцца аб сабе, каб быць моцнай, калі сын выйдзе. Але складана быць моцнай праз сілу, хоць здараюцца моманты «прасвятлення» і я намагаюся самаарганізавацца. Самае жудаснае — адчуванне бяссілля, што ты адзін на адзін з сістэмай і нічога не можаш зрабіць».

Праз падзеі апошніх месяцаў Іне прыйшлося сысці з працы: справы Ціхана выйшлі на першы план, ёй давялося шмат адцягвацца, што было не вельмі прыемна работадаўцу, а калегі сталі агучваць фразы аб тым, што «яе сын спатыкнуўся».

«Праца не адна, дык будзе іншая, а сям’я, любоў, давер — гэта самае крохкае. Калі яно выпадзе з рук, можа разбіцца, як крыштальны шар».

 «Здорава проста бачыць яго і чуць голас»

«Мае перажыванні цяпер — мікс мацярынскага гора з гордасцю. На паверхню падымаецца то адно, то другое. Бываюць дні, калі складана даць рады эмоцыям, а бываюць наадварот унутраныя пад’ёмы, калі сядаеш ды пішаш ліст і хочацца ўсю сваю любоў і сваё чаканне ўкласці ў гэты ліст. Я стараюся адсоўваць увагу ад думак, больш гуляць, маляваць — у мяне ёсць размалёўкі-антыстрэс і маляванне па нумарах. Я разумею, што трэба больш-менш аднаўляць сябе псіхалагічна, але на гэта, напэўна, спатрэбіцца яшчэ шмат часу. Мы з мамай стараемся адна адну падтрымліваць. Таксама падтрымліваюць знаёмыя, я зразумела, што такое салідарнасць, шмат людзей, якіх я не ведала, сталі мне блізкімі. Гэта дапамагае кампенсаваць тое, што на дадзены момант страчана».

Пасля суда Іне дазволілі спатканне з сынам. На пасяджэннях маці не далі нават падысці да яго і сказаць нешта накшталт «трымайся, Ціхан», а тут — «сонечны дзень, сонечны настрой і момант шчасця». «Ты бачыш, што Ціхан здаровы, усміхаецца, размаўляе з табой — гэта проста цуд, у нас з мамай як камень з душы зваліўся. Ён стараўся жартаваць, мы таксама, хаця прымушаць сябе было не трэба: здорава проста бачыць яго і чуць голас, гэта не перадаць словамі».

Праз тое, што здарылася ў апошнія месяцы, Іна стала яшчэ больш паважаць і любіць сына — за тое, як ён трымаецца, якой асобай сябе паказаў. «У сілу ўзросту ён, можа, максімаліст, некаторыя яго меркаванні не прайшлі праверку, але ён настойліва іх трымаецца — і я прымаю яго такім, які ён ёсць. Мяне раніць, што Ціхан не паслухаў мяне тады і паехаў у Мінск, але ва ўсім, што здарылася пасля, я ўбачыла яго дарослым, добрым, спагадлівым і сціплым чалавекам».

Іна лічыць, што Ціхан аказаўся закладнікам сістэмы, і адчувае віну за апалітычнасць свайго пакалення: «Відаць, трэба было больш ва ўсё ўнікаць, каб не расплачваліся нашы дзеці». А тым часам ўяўляе, што калі будзе сустракаць сына, моцна-моцна яго абдыме і доўга не будзе адпускаць, а потым закаціць банкет на ўвесь свет, купіць усе яго любімыя прысмакі і будзе паліваць вуліцу шампанскім. «Кажуць, што самы цёмны час — перад світаннем. Магчыма, цяпер і ёсць той «самы цёмны час».

Ірэна Кацяловіч, ілюстрацыі Ціхана Клюкача з-за кратаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930