Знайсці
17.02.2021 / 16:13РусŁacБел

«Віктар крыху схуднеў, штаны звальваюцца». Што адбываецца на судзе над Бабарыкам

Натальля Рэўт, якая змагла трапіць на суд над Віктарам Бабарыкам, падзялілася з Радыё Свабода сваімі ўражаньнямі ў перапынку паміж паседжаньнямі.

БелТА

Былая сябра перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі Натальля Рэўт трапіла на паседжаньне 17 лютага, куды не пусьцілі большасьць ахвочых, а пасьля першага суду яна вырашыла не выходзіць з будынку на абед, каб трапіць на працяг працэсу.

Заля даволі вялікая, чуваць ня ўсё

Натальля расказвае, як удалося трапіць у залю.

«Я мяркую, што дзякуючы сваёй мэтанакіраванасьці. З Божай дапамогай усё склалася добра. Яны зрабілі скотчам «межы», каб людзі ў зале не сядзелі шчыльна, па два чалавекі на лаўцы, — кажа Натальля. — Мы чакалі, што залю запоўняць сябрамі БРСМ, але, відаць, там сядзяць людзі зь іншых установаў. Заля даволі вялікая, але можна было знайсьці і большую. На жаль, ня ўсё чуваць, што кажуць судзьдзя і адвакаты. Ня ведаю, чаму не карыстаюцца гукаўзмацняльнай апаратурай».

Каб увайсьці ў залю, Натальля двойчы прайшла праз рамкі з мэталашукальнікамі — на ўваходзе ў будынак і потым ля самой залі, дзе адбываецца працэс. Тэлефон мусіла пакінуць у спэцыяльнай схованцы з ключыкам для рэчаў.

«Паказваем адно аднаму «сэрцайкі»

«Бачна, што судзьдзя хвалюецца і нават наблытаў працэдуры, забыўся абвясьціць склад суду. Адвакаты і сам Віктар паводзяць сябе прыгожа, годна, мне вельмі падабаецца. Я ўпэўнена, што Віктар у цудоўным стане, і ягонай моцы можна пазайздросьціць, ён гучыць вельмі ўпэўнена», — кажа Натальля.

На відэа бачна, што Віктар Бабарыка трымаў рукі за сьпінай. Але, паводле Натальлі, гэта не азначае, што ён у кайданках — магчыма, баліць сьпіна.

«Віктар крыху схуднеў, штаны звальваюцца. Але мне падалося, што ўсё добра. Памянялася фрызура, раней быў пастрыжаны коратка і роўна, а тут валасы адрасьлі неяк зьверху, выглядае іначай. Мне падалося, што пасівеў. Складана сказаць, бо бачыла здалёк. Яго пасадзілі ў самую далёкую клетку, зь ім яшчэ двое. Але паказваем адно аднаму сэрцайкі, я паказала яму «абдымашку».

Клеткі з падсуднымі ахоўваюць міліцыянты.

«Я ня ведаю, чаго яны там стаяць, бо ясна, што чалавек нікуды ня можа ўцячы, яны толькі закрываюць, каб не відаць было. Усё гэта выглядае па-дурному і непрыгожа. Такі чалавек, як Віктар, мог бы пайсьці і дахаты і нікуды б не ўцякаў. Але па гэтай справе ўсё зразумела даўным-даўно. Я спадзяюся на Божы суд, а не на гэты. Што з гэтым судом будзе, усё зразумела. Я лічу, што мы цяпер удзельнічаем у вялікай гульні Бога і кожны зараз мае магчымасьць паказаць, чаго ён варты, а чаго не. А як кажуць мае родныя, Бог не Цімошка, бачыць трошку», — кажа Натальля.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930