Знайсці
13.02.2021 / 17:35РусŁacБел

Сівіцкі: Лукашэнка спрабуе вярнуцца да звыклага рэжыму замежнапалітычнага балансавання

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі мяркуе, што прамова Лукашэнкі на «Усебеларускім народным сходзе» была адрасавана не толькі Крамлю, але і «калектыўнаму Захаду».

На думку эксперта, Лукашэнка, які захаваў на дадзены момант сваю ўладу, і яго найбліжэйшае атачэнне спрабуюць вярнуцца да звыклага для сябе рэжыму замежнапалітычнага балансавання.

«З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зрабіць рэверансы на ўзроўні рыторыкі ў адрас Масквы. Тут можна адзначыць, што ён згадаў прыхільнасць да саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй і адмову ад імкнення да суверэнітэту. Але пры гэтым ён падкрэсліў неабходнасць захавання мультывектарнай замежнай палітыкі. А гэта кажа аб тым, што ён спрабуе накіраваць сігналы і Захаду, каб уцягнуць яго ў дыялог, спекулюючы на расійскай пагрозе», — заўважыў Сівіцкі у гутарцы з карэспандэнтам Рускай службы «Голасу Амерыкі».

Менавіта гэтым меркаваннем, на думку эксперта, тлумачацца словы і самога Лукашэнкі, і міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, і намесніка начальніка Генеральнага штаба Паўла Муравейкі аб тым, што Беларусь не саспела да паўнавартаснага суверэнітэту. «На самой справе, гэта сігнал заходнім сталіцам, што, калі яны працягнуць палітыку санкцыйнага ціску, гэта прывядзе да страты незалежнасці Беларусі і нейтралітэту ў замежнай палітыцы з-за ўзмацнення ціску з боку Расіі», — лічыць дырэктар Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

У гэтым кантэксце, на думку Сівіцкага, трэба разглядаць і зліў інфармацыі аб тым, што Беларусь можа разлічваць на атрыманне чарговага расійскага крэдыту ў памеры $3,5 млрд, які з'явіўся напярэдадні ВНС.

«Гэта сапраўды можна разглядаць, як працяг палітыкі эканамічнай падтрымкі ў абмен на геапалітычныя «пацалункі», і ў сённяшніх умовах ёсць сумневы адносна таго, што Крэмль зноў купіцца на гэты трук. Але ў цэлым відавочна, што «Усебеларускі народны сход» патрэбны быў Аляксандру Лукашэнку для таго, каб выкарыстаць яго як аргумент не выконваць сочынскія пагадненні з Уладзімірам Пуціным», — мяркуе Арсень Сівіцкі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера