Знайсці
14.02.2021 / 18:14РусŁacБел

«Даслаў партрэт дачкі, які намаляваў сукамернік». Каханыя палітвязняў — пра рамантыку, якая засталася ў іх жыцці

Як расказаць пра пачуцці, калі лісты чытае цэнзар? З якімі думкамі засынаюць тыя, чые жонкі і мужы за кратамі? Ці можна захаваць каханне за доўгія месяцы разлукі? У Дзень святога Валянціна «Наша Ніва» папрасіла блізкіх палітвязняў распавесці пра каханых.

Надзея Знак, жонка адваката Максіма Знака

Максім быў юрыстам у штабе Бабарыкі. 9 верасня Знака затрымалі, з таго часу ён пад вартай. Яму прад’явілі цэлы шэраг крымінальных артыкулаў: заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы; змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам; стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім. Цяпер Максіму Знаку пагражае ад 8 да 12 гадоў калоніі.

«Мы разам так даўно, што нават няёмка казаць — 18 гадоў, 17 з іх у шлюбе, — кажа Надзея Знак. — На 14 лютага мы звычайна ездзілі ў нейкія вандроўкі. Мы вельмі любім горныя лыжы, таму бывалі і ва Украіне, і ў Грузіі, і ў Еўропе. Звычайна гэта спалучалася яшчэ з вандроўкай па розных гарадах — мы не бралі туры, а заўсёды самастойна планавалі сабе цікавы маршрут. 

Сама па сабе вандроўка — найлепшы падарунак. Уражанні, эмоцыі ад падарожжаў — гэта якраз тое, па чым найбольш сумавалі падчас пандэміі.

Ездзілі часцей за ўсё на ўласным аўто: я за штурмана, Максім за шафёра. Бралі з сабою і сына Алеся, калі ён трохі падрос.

Алесю 13 гадоў. Ён ужо дарослы, сам чытае навіны, мае асабістае меркаванне. Сын усё разумее, нават дапамагае мне хадзіць на Валадарку з перадачамі. Хоць гэта і вельмі негатыўны вопыт, але ж як ёсць. 

У мінулым годзе, праўда, мы нікуды не ездзілі. На Дзень святога Валянціна схадзілі ўдваіх у кавярню: выпілі кавы, з’елі торцік, ціха і па-сямейнаму. Ну а сёлета сын ужо даслаў Максіму паштоўку з віншаваннямі на Дзень святога Валянціна — чакае цяпер адказ. Я таксама загадзя адправіла мужу паштоўку з віншаваннем. На выходных, спадзяюся, спячом штосьці смачнае і перадамо Максіму такі вось святочны падарунак.

Максім — рамантык, гэта яму вельмі дапамагае. Яго вершы, песні, музыка — я вельмі шчаслівая жанчына, бо не кожнай шанцуе мець побач такога натхнёнага і ўзнёслага мужчыну. Калі паглядзець і на яго творчасць, і на тое, што ён рабіў цягам 2020 года — хто, калі не рамантык, можа адважыцца казаць праўду і верыць у літару закона?»

Вольга Севярынец, жонка палітыка Паўла Севярынца

Паўла затрымалі яшчэ 7 чэрвеня, пасля тройчы судзілі па адміністратыўных артыкулах за ўдзел у перадвыбарчых пікетах. Затым абвінавацілі па артыкуле 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў). Пакуль суда яшчэ не было. Севярынец у статусе падазраванага, тэрмін утрымання пад вартай працягнулі да 20 лютага.

«Мы ніколі не вылучалі Дзень святога Валянціна ў асаблівае свята. Але Паша ў гэты дзень заўсёды дарыў мне кветкі. 

фота Сяргея Гудзіліна

Сёлета прынесці кветкі ён не можа, зразумела. Але ён не забыўся пра свята. Павел ужо даслаў мне самаробную паштоўку з віншаваннем з-за кратаў», — расказвае Вольга Севярынец.

Паштоўка ад Паўла Севярынца

Роберт Штэлі, бойфрэнд Наталлі Хершэ

Наталля — грамадзянка Швейцарыі, жыве за мяжой ужо 12 гадоў. Яна прыехала ў Беларусь у верасні і прыняла ўдзел у жаночым маршы 19 верасня. У той жа дзень яе затрымалі — падчас затрымання Наталля ўпіралася і сцягнула балаклаву з амапаўца Кончыка. Гэта расцанілі як супраціў работніку міліцыі, на жанчыну завялі крымінальную справу. Наталлю пакінулі пад вартай. 7 снежня суддзя Сяргей Шаціла абвясціў прысуд: два з паловай гады калоніі.

Фота Роберта і Наталлі ў прэсе

«Мы з Наталляй пазнаёміліся два з паловай гады таму — гэта было ў інтэрнэце. Я напісаў першы, — згадвае Роберт. — Пасля запрасіў у рэстаран, яна падалася мне вельмі прывабнай. Было лета, добрае надвор’е, на наступны дзень мы каталіся на лодцы па возеры Канстанц…

З тых часоў мы разам. Але мы не жанатыя, маем кожны ўласнае жытло. Раней СМІ пісалі, што я муж Наталлі — гэта ўсё ж памылка.

У нашай пары Наталля больш рамантычная асоба, я, хутчэй, прагматык. Рамантыка — зусім неяк не маё, таму Дзень святога Валянціна мы не святкуем (смяецца). Я лічу, што гэта не патрэбна — мець нейкі асаблівы дзень, каб паказаць сваё каханне. Мы вельмі блізкія з Наталляй, шмат часу праводзілі разам — і святкавалі каханне кожны дзень. Улетку бралі маю лодку, выязджалі на возера, гатавалі вячэру… Мы святкавалі нашае каханне такім чынам. 

І апошні такі момант я і згадваю: калі мы ўлетку былі разам на лодцы на возеры — у добрым настроі і вельмі шчаслівыя».

Роберт кажа, што цяпер знаходзіцца на сувязі са швейцарскімі дыпламатамі і братам Наталлі. Але спрагназаваць, чым скончыцца ўся гэтая гісторыя, пакуль не можа.

«Я не магу сказаць, ці атрымаецца яе вызваліць. Лісты ад Наталлі даходзяць марудна — праз месяц пасля напісання. Гэта зусім не Вотсап, — сумна пасміхаецца мужчына. — І ў лістах яна не можа ж пісаць пра ўсё, як ёсць, прыходзіцца чытаць між радкоў. 

Але яна моцны чалавек, я ведаю гэта. Яна не зламалася».

Роберт чакае Наталлю — але шчыра прызнае, што 2,5 гады — тэрмін вельмі вялікі.

«Я не хачу хлусіць. Я вельмі хвалююся за Наталлю, чакаю яе, спадзяюся, што яна як мага хутчэй зможа вярнуцца. Я адчуваю сувязь з ёю і хачу быць з ёю. Але за гэты час можа здарыцца ўсё што заўгодна. Я буду шчырым з сабою і з ёю — і не ведаю, што будзе ў будучыні».

Надзея Зелянкова, жонка бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча

Аляксандр Васілевіч — уладальнік сайтаў Kyky.org, The Village і культавай, ужо закрытай, галерэі «Ў». Калі ў ліпені ён пайшоў у КДБ падаваць хадайніцтва за Віктара Бабарыку, то выйшаў толькі праз 14 сутак. А 28 жніўня па крымінальнай справе затрымалі самога Аляксандра. У снежні ў Васілевіча нарадзілася дачка Уршуля. Жонка з дзецьмі з'ехала ў Эстонію.

«Гэта самая вялікая разлука ў нашым жыцці. Раней Саша максімум на два тыдні з’язджаў па працы, — распавядае Надзея. — 

Я не памятаю, каб мы адзначалі 14 лютага. Напэўна, толькі першы год, калі жылі з Сашам. Ён якраз павінен быў вяртацца з Парыжа, і я паспрабавала зрабіць нешта накшталт рамантычнай вячэры і запаліла шмат свечак. Ён сядзеў, сядзеў, а потым сказаў: Надзя, у мяне лінзы, яны сохнуць. І такой рамантычнай рэчы, як свечкі, больш не было ў нас у доме.

Калі вы жывяце разам і ў вас агульны бюджэт, то падарункі — гэта ўсё адно ж за агульныя грошы. Такіх рамантычных рэчаў, калі прывозяць аўтамабіль з банцікам, у нас не было. Але мне падаецца, сапраўдная рамантыка — тая, якая ў штодзённых дзеяннях праяўляецца. Для іх неабавязкова нейкае свята адзін раз на год.

Самае каштоўнае, што ў нас з Сашам ёсць, — гэта 20 год штодзённых зносінаў (акрамя гэтага перапынку, але і ён мне не замінае адчуваць сябе побач з ім). Калі ты праносіш стаўленне адно да аднаго і пачуцці праз вельмі вялікі час.

Для мяне запамінальнае тое, як ён прапаноўваў жыць разам — гэта было літаральна праз тыдзень, як мы пачалі сустракацца. Ён сказаў: «Я паразважаў, думаю, будзе карысна, калі ты будзеш жыць са мной. Я хачу табе распавесці, хто я, колькі зарабляю, як бачу наша жыццё». Мы знаёмыя былі даўно, толькі не сустракаліся. Таму такая хуткасць мяне здзівіла, але не напужала.

Я сумую па магчымасці нават паразмаўляць з каханым чалавекам. Тут ужо не пытанне, што выдатна, каб гэта было раніцай, калі ён прыносіў мне каву ў ложак, таму што ён заўжды гэта рабіў, ці ўвечары, калі мы адкаркоўвалі віно і распавядалі пра свой дзень. Не пра чароўныя моманты ідзе размова, а пра немагчымасць пачуць, убачыць адно аднаго. Ні праз лісты, ні праз адваката ты ўсё роўна не можаш сказаць тое, што сказаў бы яму асабіста.

Фота Kanaplёv+Leydik

Як тады нагадваць пра пачуцці? У нашым выпадку не трэба нагадваць — кожны з нас ведае, як мы адно да аднаго ставімся. Але зараз у мяне стаіць букет кветак, падпісаны «Надзі ад Сашы». Вядома, што не Саша іх даслаў, а нашая сяброўка, якую ён папрасіў. Калі хочаце рамантыкі — вось яна.

А я вырашаю: сёння перадам яму канэле, а заўтра шакаладны браўні. Самае каштоўнае, што дасылаецца яму — фотаздымкі. Ён заўжды іх просіць, бо дачку маленькую не бачыў. І нават старэйшая за 5 месяцаў змянілася.

Я ўспамінаю словы, якія муж сказаў пасля двух тыдняў адміністрацыйнага арышту: нават у такіх абставінах твая задача — заставацца чалавекам. Я ўпэўнена, што ў тых абставінах, у якіх ён зараз знаходзіцца, выклік да гэтага ёсць. Ён не падпісваўся на тое, каб жыць з 12 чалавекамі на маленечкай тэрыторыі. Складана ў гэтых умовах быць і пазітыўным, і спартыўным. Але я ўпэўнена, што ён так сябе пачувае і спрабуе падтрымліваць іншых людзей».

Вікторыя Пальчыс, жонка блогера Эдуарда Пальчыса

Блогера і аднаго з арганізатараў святкавання ўгодак БНР Эдуарда Пальчыса трымаюць за кратамі з 27 верасня. Калі ён раптоўна знік, жонка не знаходзіла сабе месца — ніхто не ведаў, дзе ён. Аказалася, Пальчыса абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Пакуль ён сядзеў за кратамі, на свет з'явілася дачка Эмілія. Жонка Вікторыя цяпер за мяжой.

«14 лютага мы адзначалі. Не тое, каб гэта было для нас вялікае свята, да якога трэба неяк асабліва рыхтавацца. Хутчэй, яшчэ адна нагода правесці час асэнсавана разам, схадзіць на шпацыр, паразмаўляць, пасядзець у кавярні ці набыць штосьці смачнае дадому на вячэру, — дзеліцца ўспамінамі яна. —

Эдуард вельмі любіць рабіць сюрпрызы. Так, на адну з гадавін нашага знаёмства ён папрасіў мяне скласці рэчы на некалькі дзён, узяць з сабой пашпарт. Мы паехалі на аўтавакзал, я была вельмі заінтрыгаваная. Раптоўна мы сядаем у аўтобус Мінск-Рыга і не меней раптоўна выходзім у… Глыбокім. Гэта была цудоўная паездка, падчас якой мы агледзелі Глыбокае, Браслаўскія азёры, гулялі па-над Нараччу. Нам даўно хацелася зладзіць такую вандроўку на поўнач Беларусі.

Пра нараджэнне дачкі Эдуард даведаўся ў той жа дзень. Адвакатка адмыслова пайшла ў СІЗА паведаміць радасную навіну, раздрукавала і паказала яму першыя фотаздымкі Эміліі. Потым мы адсылалі яму вельмі шмат лістоў са здымкамі, але ніводзін не дайшоў. Аднойчы фота атрымалася перадаць у прадуктовай перадачы. І толькі зараз пачалі даходзіць некаторыя старыя лісты, якія мы паслалі яшчэ ў снежні.

Эдзік павіншаваў Эмілію з днём народзінаў, прыслаў асабіста ёй паштоўку, на яе імя. Гэта было вельмі міла. А таксама прыслаў яе партрэт, які намаляваў адзін яго таленавіты сукамернік. Такая вось рамантыка (усміхаецца).

Гэтым разам Дзень святога Валянціна пройдзе як самы звычайны дзень. Я напішу Эдзіку ліст, распавяду пра нашае з Эміліяй жыццё, распавяду, што люблю яго, сумую і вельмі чакаю».

Улад Швядовіч, Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930