Знайсці
13.02.2021 / 13:25РусŁacБел

У журналіста Гардзіевіча, якога вінавацяць у абразе Лукашэнкі, правялі ўжо трэці ператрус

Карэспандэнт інфармацыйнага сайта «Першы Рэгіён» Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам з 25 снежня, а абвінавачванне паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза прэзідэнта») яму было выстаўлена ў апошні дзень мінулага года.

Як стала вядома «Беларускай асацыяцыі журналістаў», 12 лютага ў кватэру журналіста ў Драгічыне зноў прыйшлі прадстаўнікі сілавых структур. У выніку яны забралі хатні мадэм і мабільны тэлефон жонкі Сяргея Гардзіевіча Святланы.

Жанчына кажа, што забралі таксама і новы тэлефон, які быў набыты ў растэрміноўку, і ім яшчэ ўвогуле не карысталіся. Калі Святлана Гардзіевіч паспрабавала аспрэчыць гэтыя дзеянні і пакінуць свой тэлефон, яе папярэдзілі, што могуць прыцягнуць да адказнасці за непадпарадкаванне міліцыі.

Што сталася нагодай для чарговага ператрусу ў кватэры драгічынскага журналіста, дакладна пакуль невядома. 22 лютага сканчаецца тэрмін знаходжання Сяргея Гардзіевіча пад хатнім арыштам. Ён не дае паказанняў і не прызнае сябе вінаватым у здзяйсненні злачынства, у якім яго абвінавачваюць. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Сяргея Гардзіевіча палітвязнем.

У перыяд з 22 снежня, калі журналіста «Першага Рэгіёна» затрымалі з удзелам АМАПа, па цяперашні час тэлефон Сяргея Гардзіевіча двойчы накіроўвалі на экспертызу, а 2 лютага ў яго кватэры прайшоў другі ператрус.

Дарэчы, ператрусы і выманне тэхнікі адбыліся і ў калег журналіста — рэдактара сайта «Першы Рэгіён» Паўла Дайліда, у галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага і спецыяліста рэкламнага аддзела Вольгі Грыцкевіч.

Паводле слоў адвакаткі Вольгі Аксюцік, якая абараняе інтарэсы Сяргея Гардзіевіча, яна мае намер хадайнічаць аб змене меры стрымання, бо відавочна, што да 22 лютага следства па справе не скончыцца.

Справа драгічынскага журналіста перададзеная ўжо чацвёртаму следчаму.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера