Знайсці
06.06.2009 / 14:479РусŁacБел

Фантомны боль, Вільня…

Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра беларускія апэтыты.

Надвор’е ў Горадні слаўнае, калі сядзець дома ля вакна з кубкам кавы: пяць-шэсьць-сем разоў падае дождж, чаргуючыся з моцным, ашалелым сонцам, тэрмомэтар ганяе чырвоную вадкасьць туды-сюды, і вецер, вецер, халера, не зьнікае, а ён для мікрафона — вораг, але нічога ня зробіш, для пісьменьніка голас народу — перадусім, што ён думае, што скажа, што ў яго ў галаве? І ты ідзеш да гарадзенскіх грамадзянаў, якім хапае Горадні і якіх ня мучае фантомны боль, Вільня.

Стаім з адным гісторыкам на бруку, ён бадай адзіны, каго апошнім часам колькі разоў запар сустрэў тут, іншыя знаёмыя ня ходзяць брукаванымі вуліцамі… Дык пра што размова? Пра тое, што горад наш — абы што, можна сказаць, у параўнаньні з астатняй Эўропай, але лепшага няма, то хай зважаюць сьведамыя беларусы, не наракаюць, песьні жальбы здадуць у архіў! Бальшавікі яго спачатку летувісам адкроілі, быў бы цяпер Гардзінас, як той Вільнюс, гэтак жа апрацавалі б, ніякіх сумневаў. А некаторыя: Вільня, ах, беларускі горад, ах… Глупства! Я там быў, я ня школу закончыў, «макіклу», мне вядома дакладна: Вільня — горад літоўскі, не нямецкі, ня польскі. Казіс, у сэнсе Казік, згаджаецца: а магла б Горадня застацца ў Польшчы, прычым вельмі верагодна. Я падтакваю: летувісы, мабыць, ня супраць былі б і Мінск-Літоўскі і Брэст-Літоўскі загарнуць, атрымаць на раздачы, яны хутчэйшыя ў гэтым.

Дык што з гэтага ўсяго вынікае? А тое, што шасьціпавятовая Беларусь разгарнулася ў магутную краіну, бадай як усе прыбалты разам узятыя. Ведама, што некаторым яна ўсё роўна кусочкам здаецца, кавалачкам, куточкам-вугалочкам, шасьцю соткамі, карацей. Дык сьведамыя ва ўнісон, атрымліваецца, хіба што апэтыты іншага кшталту маюць і сьціплейшыя. За сталом жа варта такі кавалак браць, які праглынуць здолееш, зьесьці нармальна. А хіба патрапілі свой кавал пражаваць, засвоіць? Ні халеры! Ясна, ворагі не даюць, але ў каго ж іх няма? У летувісаў?! Не сьмяшыце!

Сытуацыя ганебная была, калі ўспомніць: магутныя сёньня тэрытарыяльна беларусы мусілі ў летувісаў на птушыных правах — так, Горадня “вашая”, слоў няма, мы вам дапаможам нашай беларускай рукою засвоіць, агораць, зьлітуанізаваць і Беласточчыну, край дарагі, таксама. І што з гэтага вынікае? Тое, што на паверхні: Юзаф, скаціна, нічога беларусам не адрэзаў, а толькі ад іх шмат, адно галаву дурыў, Адольф — таксама суччын сын, хоць і стараўся. Зрабіў назад ледзь не шасьціпавятовую (каб Ёсіфу адпомсьціць?), толькі замяніў адны кавалкі іншымі. Адрэзаў Беларусь савецкую, яна ў яго зрабілася апэратыўнай тэрыторыяй армейскай групоўкі і пааддаваў беларускія землі нашым даражэнькім сябрам — летувісам ды украінцам, яны лепей паддобрыцца здолелі. Адно палякам цяпер меней пашанцавала, атрымалі па рукох, Горадня апынулася “пад Кёнігсбэргам”.

І што, пасьля ўсёй катавасіі хтосьці яшчэ не задаволены? А ня хочаце Гартэн мець? Мне-то што, я да немцаў прызвычаены, мне назва падабаецца, хаця й так някепска, мне хапае, я абыдуся без Смаленска, мяне турбуе болей, што Беларусь на смак зусім ня дранікі, а савецкі хлебны шніцаль за 27 капеяк са сталоўкі з хлебам-кірпічыкам ніякага колеру і смаку. Ясна: гэта таксама грос-палітыка. Але ўраджай жа ёсьць, дажынкі спраўляем! Дзе жарончыкі, дзе рэцэпты старыя? Вільня нам нічым не дапаможа, і Смаленск, і Беласток, бадай, таксама. Так, мы, у пэўным сэнсе, на апэратыўнай тэрыторыі армейскай групоўкі, дзе гаспадарылі розныя ўласаўцы ў тым ліку, але ж мы ёсьць, мы тут!

Што з гэтага вынікае? А тое, што Ёсіф найболей для беларусаў зрабіў, што відавочна, яны ня сьнілі такога, што дакладна. Ёсіф мудра ўсё зрабіў: пагляньце на Літву, пагляньце на Польшчу, хіба яны маглі пра такое марыць? Польшча сёньня выклікае добрае захапленьне: прыгожы відарыс, вялізная тэрыторыя, усё ёсьць — ад мора да гор. Дый Беларусь — ад жэкі да жэкі, як завяшчаў Мацей Бурачок. Любы ўраўнаважаны паляк ці літовец, ці беларус пагатоў, павінен быць Ёсіфу аб’ектыўна ўдзячны. Без крывішчы не абышлося, ясна, але што без крыві збудавалі, якую краіну? На здабыцьцё дамавіны Гасподняй колькі высілкаў пайшло… Карацей кажучы, улада нашая, хлопцы, араганцкая, што Ільліч, скаціна, для беларусаў зрабіў? Толькі напагатове нажніцы кравецкія трымаў, каб адкроіць усім ахвотным — германцам, літоўцам, палякам, папрасілі б чырвоныя кітайскія стралкі — ім бы астатняе аддаў, як ухар-купец. Вось хто Ёсіфам па-сапраўднаму не задаволены, дык гэта немцы, і ня толькі савецкія. Па справядлівасьці было б усім статуям ленінскім нашай сінявокай рэспублікі зрабіць дзьве галавы, ня трэба Ёсіфа крыўдзіць, хлопцы, ня варта. На такія помнікі ўсё турыстычнае замежжа торкне, мне так здаецца…Бутафорскімі надаўбенямі Сталіна і крэспасьцю-героем іх не завабіш, буржуеў! Трэба ўмець ствараць попыт, тавар новы, а не чакаць пасыўна, што яны нашэсьце ўчыняць масавае на нашую заімшэлую савецкую музэйнасьць падзівіцца. Ім, уласна кажучы, начхаць на наш “запасны браняпоезд”, бронецягнікі сёньня толькі Кім-Чэн-Іраў цікавяць, што агульнавядома.

Але ж, хлопцы, якія толькі думкі не ўзьнікаюць ад гарадзенскага бруку, гарадзенскага паветра і надвор’я агулам. Сонца-дождж-сонца-дождж, на каву няма жаданьня, але робіш, каб спаць не хацелася, ды пачынаеш увогуле засынаць… Так, Вільня прыгожы горад, думаю, савецкія беларусы пабудавалі б на гары Гедыміна палац прафсаюзаў або тэкстыльшчыкаў, ці чыгуначнікаў. Альбо гасьцініцу “Масква”, каб яшчэ прыгажэй стала, каб аддзячыць руцэ. А як жа вежа? А што вежа? Яна ж са шчарбатай цэглы, лядашчая, рассыпаецца на вачах. Ёсіф выратаваў Вільню. Бог напэўна быў задаволены, мне так здаецца. Вільню можна было аддаваць беларусам, каб яны ўжо былі беларусамі, а яны толькі зьбіраліся яшчэ. І дагэтуль муляюцца. А Вільня, яна не магла чакаць. Так што выбачайце, хлопцы, бананіеў ня маем…

Сяргей Астравец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930