Знайсці
11.02.2021 / 15:14РусŁacБел

Усім дэлегатам зрабілі тэсты на каранавірус, хворых на сход не пусцілі

Пра гэта «Нашай Ніве» распавяла дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова. Вольга таксама падзялілася першымі ўражаннямі ад Усебеларускага народнага сходу.

Вольга расказвае, што яшчэ ў аўторак усім дэлегатам зрабілі тэсты на каранавірус. У сераду былі вынікі, і хворых на сход у выніку не пусцілі. 

«Менавіта гэтым, думаю, тлумачыцца тое, што людзей у масках у залі амаль няма. Усе адчуваюць нейкую расслабленасць. Плюс працуюць кандыцыянеры, то бок памяшканне праветрываецца. Пры гэтым досыць халадно: многія пачалі кашляць і чхаць. Прынамсі мае суседзі».

Згодна з рассадкай, Вольга апынулася побач з Аляксандрам Барсуковым.

«Напэўна, гэта зроблена ў выхаваўчых мэтах, каб я ізноў пераабулася», — жартуе дэпутатка.

Дэпутатаў пачалі збіраць у мінскім палацы культуры каля восьмай гадзіны раніцы, а пасля цэнтралізавана транспартавалі ў Палац рэспублікі. Вольга расказвае, што калі ўсе заходзілі, то па краю плошчы працэс курсіравалі назіральнікі, каб дэлегаты не згубіліся і ніхто лішні ў памяшканне не трапіў. Пры гэтым ад раніцы і да 15:00 дэлегаты сядзяць на адным месцы без перапынку. Абяцаны абед сарваўся, бо Аляксандр Лукашэнка зацягнуў сваю прамову.

«Многія не рашаюцца выйсці ў прыбіральню, трываюць. Мне пашанцавала, што сяджу з краю, таму магу перасоўвацца свабодна. 50 грамаў у буфеце дапамаглі мне бавіць гадзіны з добрым настроем і досыць бадзёра. У буфеце была заўважаная не адна я», — расказвае Вольга. 

Вольга чакае выступаў дэлегатаў і канкрэтных абмеркаванняў, а таксама магчымасць выступіць самой.

«Пакуль усё абстрактна. Усе кажуць добрыя словы, жартуюць, але ніякай канкрэтыкі. Я падала заяву на выступ. Але мне могуць і не даць слова, бо ўжо выбіліся з раскладу. Калі ў мяне і будзе час, то тры хвіліны. Гэта вельмі мала, а хочацца сказаць шмат. У цэлым у мяне атрымаўся маналог на тэму грамадска-сацыяльнай праблематыкі і пра народны дыялог.

— Там неяк фігуруе тэма гвалту ў дачыненні да мірнага насельніцтва пасля выбараў, якую вы раней актыўна падымалі ў Мінгарсавеце? 

— Так, на гэтую тэму выступлю,калі дадуць слова. Але вельмі акуратна і паліткарэктна. Змагарам не спадабаецца.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера