Знайсці
11.02.2021 / 19:12РусŁacБел

«У Беларусі пратэсны рух без лідара, а ў Расіі лідар без масавага руху». Але ў Навальнага ёсць шанцы, і вось чаму

Вяртанне Навальнага, яго арышт, фільм пра Пуціна і спроба пратэстаў прыцягнулі ўвагу ўсяго свету да Расіі. Што чакае Расію далей? На гэтае пытанне ў артыкуле, напісаным для сайта project-syndicate.org адказвае польскі інтэлектуал Славамір Серакоўскі.

Пратэсты ў Беларусі натхнілі праціўнікаў Пуціна ў Расіі.

Беларусь і Расія — краіны, якія маюць шмат супольнага. З 2000 года абедзве краіны былі аб’яднаныя ў Саюзную дзяржаву. На працягу трох стагоддзяў Беларусь была часткай Расійскай Імперыі, а затым яе савецкага пераемніка. У абедзвюх краінах руская мова з’яўляецца дзяржаўнай, а дамінуючая рэлігія — праваслаўе. У Беларусі, як і ў Расіі, ужо больш за 20 гадоў кіруе адзін і той жа чалавек. Аднак самае заўважнае падабенства паміж гэтымі краінамі — АМАП, які разганяе пратэстоўцаў на вуліцах, адзначае Славамір Серакоўскі.

Гэтае падабенства, сувязі і супрацоўніцтва, якія звязваюць двух лідараў, прыводзяць да таго, што людзі ігнаруюць важныя адрозненні паміж дзвюма краінамі.

Заходнія СМІ паведамілі пра прыезд Навальнага ў Маскву з Германіі з такім жа ажыятажам, з якім Аляксандр Салжэніцын вярнуўся на радзіму 27 гадоў таму. Для знешніх назіральнікаў папулярнасць Аляксея Навальнага на Захадзе аўтаматычна пераносіцца на яго папулярнасць унутры Расіі.

Аднак па звестках незалежнага апытання, якое праводзілася з 29 студзеня да 2 лютага 2021 года Левада-Цэнтрам, адзіным на ўсю Расію незалежным сацыялагічным цэнтрам, за Навальнага на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавалі б усяго 5% (за Пуціна — 29%). Згодна з ранейшымі звесткамі той жа арганізацыі, у лістападзе Навальны мог разлічваць толькі на 2% падтрымкі сярод рэспандэнтаў, якія адказвалі, за каго яны збіраюцца галасаваць на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах (за Пуціна было 39%).

Таксама трэба ўлічваць, што маштаб пратэстаў у Расіі застаецца значна меншым, чым у Беларусі.

Найвялікшая дэманстрацыя ў Маскве сабрала 40 тысяч чалавек. Самая масавая акцыя ў Мінску — каля паўмільёна грамадзян.

Акрамя гэтага, штотыдзень на працягу некалькіх месяцаў на вуліцы Мінска выходзіла ад 100 да 200 тысяч чалавек. Гэта прытым што па колькасці насельніцтва Масква ў 6 разоў большая за Мінск, а Расія — у 15 разоў большая за Беларусь.

Гэты парадокс упускаецца з віду на Захадзе. Хоць арышт Навальнага прыцягнуў увагу ўсяго свету, у вачах звычайных расіян той, хто толькі выйшаў з турмы, не адпавядае вобразу прэзідэнта. А вось якраз той, хто ўжо жыве ў палацы, падаецца добрым кандыдатам.

«У Расіі знаходжанне ва ўладзе аўтаматычна прыводзіць да даверу сярод шырокіх слаёў насельніцтва», — сцвярджае незалежны аналітык Аляксей Левінсан у інтэрв’ю the Moscow Times.

Таму вынікі апытання, праведзенага ўжо пасля прысуду Навальнага, не здзіўляюць. Пазітыўнае стаўленне да Навальнага выказалі 19% (у верасні было 20%). А неадабрэнне Навальнага вырасла да 56% (у верасні было 50%). Вядома, трэба ўлічваць, што пры аўтарытарных рэжымах людзі могуць баяцца казаць праўду на такія пытанні.

Леанід Волкаў, кіраўнік штаба Аляксея Навальнага, заявіў, мітынгі адновяцца ўвесну. Ён тлумачыць гэта рашэнне тым, што каардынатары ў рэгіёнах цяпер адбываюць адміністрацыйны арышт і не могуць удзельнічаць у арганізацыі мітынгаў.

Прынцыповая розніца паміж дзвюма краінамі ў тым, што ў Беларусі ёсць пратэсны рух без лідара, а ў Расіі ёсць лідар без масавага руху.

Расія і Беларусь таксама адрозніваюцца ў тым, з чым змагаецца Навальны. Па распаўсюджанасці карупцыі Беларусь і Расія знаходзяцца ў дзвюх розных рэальнасцях. Па звестках Transparency International, па стане на 2019 год Беларусь знаходзіцца на 63 месцы па індэксе ўспрымання карупцыі, гэта ў тым жа раёне, што і некаторыя еўрапейскія краіны, такія, як Славаччына, у той час як Расія знаходзіцца на 129 месцы і значна адстае ад любой развітай краіны.

Розніца ва ўзроўні карупцыі тлумачыць, чаму супернікам Пуціна мусіў стаць хтосьці накшталт Навальнага, а супернікам Лукашэнкі — звычайны чалавек, прыгнечаны дыктатурай.

У Расіі нацыяналістычныя настроі — адны з самых моцных у Еўропе, у Беларусі — самыя слабыя. На рэферэндуме 1991 года беларусы прагаласавалі супраць сваёй незалежнасці і за захаванне СССР. На беларускай мове ў краіне размаўляюць не больш за 300 тысяч чалавек. Гэта значыць, што Навальны, калі ён марыць пра шырокую падтрымку ў Расіі, мусіць быць у нейкай ступені нацыяналістам.

Навальны заяўляў: «Я ўвогуле не бачу розніцы паміж рускімі і ўкраінцамі». Таксама палітык заяўляў, што няма ніякіх шанцаў вяртання Крыму да Украіны, хаця прызнаў, што рэферэндум быў сфальсіфікаваны, а анэксія Крыму парушыла міжнародна-прававыя прынцыпы. Навальны супрацоўнічаў з ультраправымі. Ён заснаваў рух пад назвай «Нацыя». У 2011 годзе Навальны ўдзельнічаў у падрыхтоўцы «Рускага маршу», лозунгамі якога былі «Расія для рускіх» і іншыя. Сам Навальны тлумачыў, што пачаў супрацоўнічаць з ультраправымі, бо яны падтрымлівалі ідэю, што «ў кожнага мусіць быць выбар», выступалі за дэмакратыю, рэформы судовай сістэмы і незалежнасць СМІ. «Часам іх заявы палохаюць, але я лічу, што нам трэба весці з імі дыялог», — сцвярджаў Навальны. Таму

насамрэч Навальны не столькі нацыяналіст, колькі палітык.

Цалкам верагодна, што Уладзімір Пуцін згубіць уладу, але адбывацца гэта будзе па расійскай, а не па беларускай мадэлі. Расіяне доўгі час могуць быць пасіўнымі і жыць ва ўмовах дыктатуры, але затым яны раптоўна могуць звергнуць лідара, які яшчэ ўчора для іх быў усім. Расія не ведае кампрамісаў. Так, як і Навальны. І гэта яго шанец.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера