Знайсці
08.02.2021 / 14:13РусŁacБел

Суд па справе Ціханоўскага ў Гродне: на лячэнне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 мая па так званай «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных спраў за 29 мая: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На першы дзень суда з'явіліся толькі двое — Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, на наступны дзень планаваўся іх допыт. Але на суд яны не з'явіліся з прычыны таго, што яны «задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем». Яшчэ двое пацярпелых амапаўцаў не з'явіліся на суд з прычыны сесіі і хваробы. У судзе абвясцілі перапынак для забяспячэння яўкі ўсіх чатырох пацярпелых міліцыянтаў. Але і на трэцяе судовае паседжанне яны не з'явіліся, піша spring96.org.

Дзмітрый Фурманаў у судзе, spring96.org

Што адбываецца на судзе?

Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд у першы дзень з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПа — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі, які апынуўся 29 траўня падчас пікета на зямлі, на першым судовым паседжанні заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

У першы дзень суда дапыталі палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава, які распавёў, што 29 траўня проста збіраў подпісы на Савецкай плошчы, пасля чаго яго затрымалі. 

Трэці дзень суда

Ужо трэцяе судовае паседжанне чакаецца допыт пацярпелых міліцыянтаў. Але і 8 лютага на пачатак судовага паседжання яны не з'явіліся, бо нібыта не атрымалі апавяшчэння пра суд. Двое міліцыянтаў, Казлоўскі і Хваленя, паабяцалі прыйсці на наступнае паседжанне — ужо на чацвёртае судовае паседжанне. Начальнік АМАПаўцаў Рахунка і Будніка паведаміў, што тыя не прыйдуць на суд, бо «невядомая расстаноўка байцоў у гэты дзень».

«Значыць, у суседні будынак апавяшчэнне дайшло, а ў міліцыю — не», — адрэагавала на гэта суддзя Бекушава.

Згодна з абвінавачаннем, Разнічэнка схапіў Казлоўскага за тулава і паваліў яго на тратуарную плітку. Хваленю ён выцяў ня менш за два разы па нагах і ніжняй частцы тулава, а Казлоўскага не менш за два разы па тулаве невядомымі прадметамі. У выніку ў Хвалені быў пашкоджаны відэарэгістратар, а ў Казлоўскага — рукаў форменнага абмундзіравання і службовыя боты.

Суддзя прызначыла допыт Казлоўскага і Хвалені на 14:45.

На лячэнне міліцыянтаў патрацілі па 500 рублёў

Як паведамляе «Радыё Свабода», на судзе памянялі парадак даследавання доказаў. Пракурор Мікіта Мыслівец зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Ён агучыў траўмы, якія зафіксавалі ў Фурманава на наступны дзень пасля затрымання: рана за вухам, кровападцёкі і ранкі на твары, у раёне рукі, пояса, калена.

«Як вы атрымалі пашкоджанні?» — запыталася суддзя ў Фурманава.

«Падчас затрымання на Савецкай плошчы. На вуліцы, а таксама, відаць, калі страціў прытомнасць у аўтобусе», — адказаў Фурманаў.

У Кнігі пасля затрымання зафіксавалі кровападцёк на вусе памерам 3×4 сантыметры.

З матэрыялаў справы стала вядома, што на лячэнне міліцыянтаў Казлоўскага і Хвалені спатрэбілася амаль па 500 рублёў. Інфармацыю дала лякарня хуткай дапамогі. Колькі каштавала лячэнне Фурманава і Кнігі — не паведамілі.

Да таго ж пракурор зачытаў кошт рыштунку, які пацярпеў падчас інцыдэнту на плошчы: нарукаўнік з адзнакамі — 3 рублі 88 капеек, боты храмаваныя — 42 рублі 30 капеек, мегафон — 30 рублёў 31 капейка. Рамонт дзвярэй мікрааўтобусаў, куды саджалі затрыманых, абышоўся амаль у 230 рублёў.

Да матэрыялаў справы, як стала вядома ад пракурора, далучылі відэазапісы, якія размяшчалі ў тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» (ягоны адміністратар Ігар Лосік 7,5 месяца знаходзіцца пад вартай), а таксама з тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Ягоную назву дзяржаўны абвінаваўца зачытваў уголас.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера