Знайсці
05.02.2021 / 16:40РусŁacБел

Тры тыдні без душу, два — без ацяплення. Мінчук, які адседзеў 25 сутак, расказаў пра новыя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна

Умовы ў ізалятары Акрэсціна зноў рэзка пагоршыліся. Журналістка Надзея Калініна з 11 жанчынамі сядзела ў камеры, разлічанай на пяцярых. Супрацоўніцы symbal.by спалі ў холадзе на голых нарах ці на падлозе. З «Нашай Нівай» звязаўся мужчына, які днямі выйшаў з ізалятара. У яго камеры матрацаў і ацяплення не было амаль два тыдні, і ён перажывае, што з надыходам маразоў там нічога не зменіцца.

Перадачы на Акрэсціна цяпер забароненыя. Кажуць, што праз каранавірус. Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Віталь Таргонскі адбываў 25 сутак арышту. Амаль увесь час — на Акрэсціна. Напачатку было цярпіма, але пасля 23 студзеня ўмовы змяніліся. Нагадаем, у тую суботу ў многіх раёнах людзі выйшлі на пратэст.

«Ранкам 23 студзеня забралі матрацы, падушкі, коўдры. Сказалі, вернуць перад адбоем, але так і не аддалі да канца майго тэрміну. Хоць некаторым камерам праз 3-5 дзён матрацы вярнулі.

У гэты ж дзень адключылі ацяпленне. Ранкам мы яшчэ сушылі на батарэі памытыя рэчы, а ўжо ўвечары яна астыла. З тых часоў так і не ўключалася. Мы прасілі, але чулі адмазкі ад супрацоўнікаў: маўляў, мы не ў курсе, заўтра скажыце дзяжурнаму. Балазе, на вуліцы было не так халодна».

Суразмоўца заўважае, што яму яшчэ пашанцавала сядзець на трэцім паверсе. Яго сукамернік, якога перавялі з другога паверха, расказваў, што яны там вельмі мёрзлі. Увесь час былі ў куртках, здымалі іх, толькі каб умыцца.

З 15 студзеня мужчыну ні разу не звадзілі ў душ — людзі мыліся вадой з бутэлек, стоячы над унітазам. Шпацыры, якія спачатку былі ледзь не штодзень, скончыліся 21 студзеня.

Чатырохмесная камера, у якой сядзеў Віталь, часта была перапоўненая. Два дні ў ёй ночыла 13 чалавек: пяцёра на голых шконках, шасцёра на падлозе, двое на лаўцы.

У жанчын было не лепш.

«Падчас адной праверкі, калі жанчыны называліся, мы налічылі па галасах чалавек 20 з адной камеры», — дзеліцца назіраннямі мужчына.

З камеры забралі таксама ўсе кнігі, аркушы паперы, сканворды. Калі Віталю вярталі дзённік, куды ён запісваў свае назіраннямі падчас арышту, там былі выдраныя старонкі з нататкамі.

Адзін з яго сукамернікаў заехаў на суткі з сумкай з неабходнымі рэчамі: цёплым адзеннем, гігіенічнымі сродкамі. Сумку пры «засяленні» забралі. За тыя некалькі дзён, што яны сядзелі разам, рэчы мужчыну так і не выдалі.

Віталь указвае і на іншыя парушэнні правоў:

«31 студзеня да нас у камеру закінулі некалькі неасуджаных чалавек. У іх ужо сканчалася трое сутак з моманту затрымання, іх павінны былі адпускаць. Калі яны сталі казаць пра гэта, ім прывезлі новыя пратаколы. Накідалі зверху артыкулы 23.4 і 17.1 (Непадпарадкаванне і Хуліганства, нібыта за непрыстойныя жэсты). У выніку далі па 15 і 9 сутак».

Па словах суразмоўцы, супрацоўнікі Акрэсціна не хаваюць: невыносныя ўмовы для палітычных робяцца спецыяльна.

«На ранішняй праверцы мяне адзін спытаў: «Як табе тут?» — «Не вельмі», кажу. — «Вы для мяне здраднікі, тут усё робім так, каб вы сюды не захацелі вяртацца».

На просьбу выдаць пасцельную бялізну пыталі артыкул. Называў 23.34. «Вам тут не курорт!» — адказвалі».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930