Знайсці
03.02.2021 / 17:02РусŁacБел

«На найбліжэйшыя 3 гады буду рабом». Асудзілі яшчэ аднаго ўдзельніка маршу ў Курапаты

Суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Дзмітрый Астапенка 3 лютага агучыў прысуд у дачыненні да Івана Зубко. Яго прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ). Прысуд — тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта столькі прапаноўвала дзяржабвінаваўца Кунцэвіч, паведамляюць праваабаронцы.

У гэты тэрмін залічваецца тэрмін знаходжання Івана Зубко пад арыштам падчас следства — з 16 лістапада 2020 года да 3 лютага 2021 года з разлікам адзін дзень пад арыштам роўны двум дням «хіміі». Меру стрымання Івана змянілі на падпіску аб нявыездзе — і адпусцілі пасля вынясення прысуду.

Акрамя таго, у прысудзе ўлічылі права на задавальненне грамадзянскага пазову і пастанавілі перадаць гэтае пытанне на разгляд (гаворка ідзе пра шкоду «Мінсктрансу», якая раней была ацэненая ў 10 689 беларускіх рублёў). Пакуль пазоў не разгледжаны, на канфіскаваныя мабільны тэлефон і планшэт Івана накладзены арышт.

Нагадаем, Івана Зубко затрымалі 1 лістапада 2020 года падчас нядзельнага маршу. Пратэстоўцы выйшлі на праспект Незалежнасці, што і пацягнула, на думку абвінавачвання, спыненне грамадскага транспарту і ўрон «Мінсктрансу». Абаронца Івана Зубко адзначала падчас спрэчкі бакоў, што праспект быў перакрыты і з-за спецаўтатранспарту супрацоўнікаў АМАП.

«На найбліжэйшыя тры гады стану рабом», — сказаў Іван Зубко, ацэньваючы прысуд.

Таксама Іван Зубко распавёў абставіны свайго затрымання па крымінальнай справе: калі ён 16 лістапада вярнуўся дадому пасля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту (вынесенага таксама за ўдзел у Маршы 1 лістапада), то «літаральна праз дзве хвіліны прыйшлі супрацоўнікі» — з тых часоў Іван заставаўся пад вартай.

Па падзеях 1 лістапада 2020 года была заведзеная адразу 231 крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера