Лукашэнка анансаваў «маштабнае сацыялагічнае даследаванне»
Аляксандр Лукашэнка 2 лютага на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення VI Усебеларускага народнага сходу расказаў аб правядзенні ў краіне маштабнага сацыялагічнага даследавання і папрасіў садзейнічання грамадзян, якія будуць прымаць у ім удзел, перадае БелТА.
«Хачу звярнуцца да людзей — беларускага народа. Мы прынялі рашэнне (мною яно даўно прынята) аб маштабным сацыялагічным даследаванні ў Беларусі. І тады было даручэнне, каб мы гэтыя сацыялагічныя даследаванні завяршылі да Усебеларускага народнага сходу і паставілі там для адказу людзям канкрэтныя пытанні, ад якіх залежыць развіццё Беларусі і якія хвалююць людзей. Гэтыя сацыялагічныя даследаванні пачаліся. Даследавалі частку гарадоў, працоўных калектываў і гэтак далей. У бліжэйшыя некалькі дзён мы апытаем людзей (мы не даследавалі фактычна вёску, малыя гарады, раённыя цэнтры) і асобныя прадпрыемствы, якія нас больш за ўсё хвалююць у гарадах», — расказаў Лукашэнка.
«Таму я звяртаюся да людзей: калі прыйдуць да вас прадстаўнікі нашых сацыялагічных службаў і зададуць нейкае канкрэтнае пытанне, вельмі прашу аб'ектыўна і сумленна адказаць на гэтыя пытанні. Для мяне асабіста гэта вельмі важна. Для ўсіх нас вельмі важна, каб мы маглі прыняць добрыя, вывераныя рашэнні. Ананімнасць гарантую поўнасцю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца ананімнасці сацдаследавання, то Лукашэнка зрабіў на гэтым моманце асаблівы акцэнт, бо некаторыя грамадзяне не жадаюць публічна выказваць сваю пазіцыю. «Нашы гэтыя пратэстуны і іншыя пачалі персанальныя даныя публікаваць у Telegram-каналах і гэтак далей. У іх ёсць меркаванне, яны ведаюць, што рабіць, ведаюць, каму давяраць — не давяраць, але публічна выказвацца не хочуць. Таму апытанне будзе персанальнае і поўная ананімнасць. Ніякіх прозвішчаў і гэтак далей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз паўтараю: вельмі прашу людзей адказаць на тыя пытанні, з якімі прыйдуць прадстаўнікі сацыялагічных службаў. Гэта будуць вельмі прыстойныя людзі. Ніякага выкладання пастоў і фатаграфій ні ў інтэрнэце, нідзе не будзе».
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць поўнай аб'ектыўнасці пры правядзенні сацдаследавання, вынікі якога будуць апублікаваны. «Пытанні вельмі цікавыя і вельмі надзённыя, якія датычацца жыцця нашых людзей», — адзначыў палітык.
Ён расказаў, што асноўным даследчыкам выступае не беларуская, а замежная кампанія. «Трэба падключыць на гэтым этапе яшчэ, можа быць, расіян. Калі нашы «свядомыя» пачнуць нагамі шпыляць расіян, просьба падключыць украінцаў. Яны цудоўна размаўляюць на рускай мове і з нашымі людзьмі свабодна змогуць размаўляць. І іншых людзей, якія хочуць падключыцца і дапамагчы нам аб'ектыўна правесці сацыялагічныя даследаванні. Так, будуць падключаны беларускія сацыёлагі, але яны не павінны быць галоўнымі, каб быў давер да сацыялагічных даследаванняў усіх груп насельніцтва», — рэзюмаваў палітык.