Знайсці
02.02.2021 / 15:27РусŁacБел

У Баранавічах судзяць выкладчыка па плаванні за кактэйль Молатава ў багажніку аўто

У судзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 2 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Аляксея Павядайлы — трэнера-выкладчыка па плаванні ў мясцовай спартыўнай школе.

Аляксея абвінавачваюць па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў». Працэс вядзе суддзя Вольга Раманюк, паведамляе spring96.org.

У пачатку судовага пасяджэння абвінавачаны заявіў хадайніцтва, каб суд быў закрытым. Яго патрабаванні падтрымалі яго адвакат Таццяна Асіпенка і дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Аляксандр Ярашэвіч. Аднак суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва і пакінула суд адкрытым.

Паводле абвінавачвання, Аляксей Павядайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі «Аўдзі А6» гаручае рэчыва, з якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах.

Машыну тады спыніў патруль ДАІ, іх увагу прыцягнула балаклава ў багажніку. Аляксея затрымалі і на наступны дзень знайшлі гаручую сумесь. Сумесь была адпраўлена на экспертызу, і, згодна з яе вынікамі, склад сумесі быў блізкім да складу «кактэйлю Молатава».

Павядайла згодны з тым, што перавозіў і захоўваў гэтую сумесь, але адмаўляе яе выраб.

Варта адзначыць, што першапачаткова Аляксея падазравалі па арт. 339 КК (Хуліганства) — нібыта ён здзейсніў пашкоджанні «Табакерак» у горадзе, аднак у выніку справа не была заведзеная, бо не было знойдзена доказаў яго дачынення да гэтага.

Памочнік пракурора Ярашэвіч запытаў для абвінавачанага два гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Меру стрымання дзяржабвінаваўца прасіў змяніць з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай, а таксама прасіў спагнаць працэсуальныя выдаткі (кошт экспертызы) на 531 рубель.

Адвакат Асіпенкі, у сваю чаргу, папрасіла суд улічыць мноства станоўчых характарыстык Аляксея, наяўнасць у яго двух маленькіх дзяцей (2018 і 2020 года нараджэння). Яна лічыць, што ў судзе не даказана наяўнасць у абвінавачанага прамога намеру (што неабходна для кваліфікацыі справы па ч. 1 арт. 295-3 КК), яе падабаронны не ўсведамляў, што перавозіць «кактэйль Молатава». Адвакат папрасіла суд вынесці апраўдальны прысуд. Але калі суд усё ж такі палічыць Павядайла вінаватым, то ў такім выпадку ўлічыць усе змякчальныя абставіны і прызначыць мінімальна магчымае пакаранне ў выглядзе штрафу.

У сваім апошнім слове Аляксей Павядайла сказаў:

«Я годны грамадзянін Беларусі, у мяне дзве вышэйшыя адукацыі, у мяне каля 100 вучняў, якія за мяне перажываюць, добрая характарыстыка з войска (снайпер-разведчык) — я атрымаў званне лейтэнанта запасу, і камандзіры прасілі застацца па кантракце. Я люблю сям'ю, люблю сваіх дзяцей, і калі суд угледзіць маю віну, то прашу не пазбаўляць волі».

Прысуд будзе абвешчаны чацвёртага лютага ў 10.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930