Знайсці
01.02.2021 / 19:07РусŁacБел

Тры гады калоніі далі за акцыю супраць нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы

Суд Кастрычніцкага раёну Менска вынес прысуд 23-гадоваму Антону Валавіку, якога абвінавацілі па артыкулах 342 і 364 Крымінальнага кодэксу, піша Свабода.

Яго прызналі вінаватым і прызначылі 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па сукупнасьці двух артыкулаў. Справу разглядала судзьдзя Вольга Няборская, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Арцём Яўтуховіч.

Антона Валавіка абвінавацілі ў тым, што летась 14 ліпеня ён браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, «меў намер публічнага пратэсту і зьдзяйсьненьня дэструктыўнай дзейнасьці». Стаяў у першых шэрагах счэпкі, выкрыкваў лёзунгі, а таксама нанёс удары правай нагой супрацоўнікам АМАП: Самалётаву — па руцэ, Астапуку — па галаве.

1 лютага судзьдзя задаволіла хадайніцтва абаронцы агучыць сьведчаньні пацярпелых падчас папярэдняга сьледзтва. Самалётаў не паказваў на Валавіка як на таго, хто наносіў удары. Астапук на пытаньне, чаму не канкрэтызаваў, куды наносіліся ўдары, сказаў, што яму суткі было кепска, ён дрэнна спаў, таму адказваў павярхоўна. А грамадзянскі пазоў на 1000 рублёў патлумачыў тым, што «яму было непрыемна, бо людзі бачаць, што можна крыўдзіць супрацоўнікаў».

Сябры Антона Валавіка ўнесьлі гэтую суму за перапынак.

Антон Валавік прызнае віну па 342 артыкуле, перадае spring96.org. Валавік распавеў, што ў той вечар выехаў з сябрамі ў горад. Каля дома-з'езду РСДРП убачыў натоўп, а на тратуары — чалавека, які ляжаў і крычаў. Антон Валавік сказаў, што вырашыў дапамагчы, бо «няправільна біць ляжачага». Ён супрацьстаяў гвалту: сагнуў нагу ў калене, але нікога не чапаў. Абвінавачаны ўдакладніў, што ўдар пайшоў у бок ад супрацоўнікаў міліцыі. Заклікаў разыйсціся не чуў.

— З якой мэтай рабілі ўзмах нагой? — запытала суддзя Вольга Няборская.

— Спыніць нанясенне ўдараў чалавеку, — адказаў Антон Валавік.

Пракурор запрасіў для маладога чалавека 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па двух артыкулах. Таксама ён папрасіў выключыць з абвінавачаньня «зьдзяйсьненьне злачынства праз помсту».

Пацярпелы Самалётаў выступаць адмовіўся, Астапук прасіў не караць строга.

Антон Валавік у апошнім слове папрасіў пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Сказаў, што сытуацыя і без таго прынесла гора і сьлёзы ягоным маці і дзяўчыне.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера