Знайсці
19.06.2021 / 10:00РусŁacБел

Уратаваць сяржанта Коласа

1979—1989 гады. Ад Беларусі да Афганістана — 3 800 кіламетраў. У беларускія хаты і кватэры рэгулярна прывозяць ацынкаваныя скрыні, хоць СМІ пра ахвяры маўчаць… Ваенны гісторык Віталь Чырвінскі расказвае малавядомы эпізод той вайны: як савецкі разведчык­ беларус Уладзімір Гаркавы выцягнуў з палону ў афганскіх маджахедаў сяржанта­-беларуса Ігара Коласа. Толькі працяг гэтай гісторыі быў зусім не як у галівудскім фільме.

Саід Акбар (злева), Ігар Колас (пасля палону), Суфі Аяф (верхавод фіктыўнага фарміравання, якое інсцэніравала напад на кішлак). 

Штурм палаца Аміна

Вечарам 27 снежня 1979 года на паўднёва­заходняй ускраіне Кабула, сталіцы Афганістана, адбылася спецаперацыя «Шторм­333». Спецназаўцы КГБ пры падтрымцы мусульманскага батальёна ГРУ, апранутыя ў афганскую форму без апазнавальных знакаў, але з белымі павязкамі на руках, захапілі палац «Тадж­бек», рэзідэнцыю кіраўніка краіны Хафізулы Аміна за 43 хвіліны.

Падрыў цэнтральнага размеркавальнага вузла падземных камунікацый пакінуў Кабул без тэлефоннай сувязі (машына на вачах афганскага патруля «зламалася» над люкам калодзежа, куды апусцілі заплечнік з выбухоўкай).

Зенітны шквал «шылак» і гранатныя чэргі аўтаматычных гранатамётаў блакавалі ў казармах агаломшаных афганскіх салдат і афіцэраў падраздзяленняў аховы.

Бязлітасны агонь буйнакаліберных кулямётаў бронетранспарцёраў і гармат баявых машын пяхоты, якія імкліва набліжаліся да палаца, расстрэльваючы вокны і аркі галоўнага будынка, не дазволіў найбліжэйшаму атачэнню афганскага правадыра арганізаваць узброеную абарону.

Кіраўнік Афганістана да апошняга не верыў у вераломства «савецкага брата». Яго прабітае кулямі цела засталося ляжаць каля барнай стойкі. Таксама загінула значная частка людзей (да 200 чалавек), якія знаходзіліся ў палацы (ахоўнікі, абслуга, родзічы Аміна, яго 11­-гадовы сын і некалькі выпадковых асобаў). Страты савецкіх вайскоўцаў — 12 чалавек забітымі, 50 — параненымі.

Раніцай 28 снежня Афганістан прачнуўся з новым урадам. З Масквы праз Ташкент быў прывезены «новаабраны» правадыр краіны Бабрак Кармаль. Пасол у Чэхаславакіі, ён быў былым супернікам Аміна ў барацьбе за ўладу і савецкім агентам з вялікім стажам. А Савецкі Саюз на найбліжэйшае дзесяцігоддзе атрымаў таўро агрэсара і трапіў пад шматлікія санкцыі з боку ЗША і іншых капіталістычных дзяржаў.

З гэтага часу вайна прыйшла ў кватэры і хаты дзясяткаў тысяч беларускіх сем’яў.

Савецкі вайсковы канвой у Аўганістане. Фота: pinterest.com

«Шцірліц» з вёскі Лыскі

Адным з удзельнікаў аперацыі па ліквідацыі Аміна быў беларус Уладзімір Гаркавы — савецкі разведчык спецыяльнага прызначэння, «сямнаццаць імгненняў вясны» якога расцягнуліся на доўгія чатыры з паловай гады, частку з якіх яму давядзецца правесці то ў скуры афганскага маджахеда, то пад маскай іх нямецкага ваеннага дарадцы.

Маёр Гаркавы. Апошні год у Афганістане. Фота з кнігі Уладзіміра Гаркавага «Жыццё і лёс разведчыка».

Яго малая радзіма — вёска Лыскі Слонімскага раёна. Маці была паляводам, а бацька брыгадзірам у калгасе, а пасля пажарнікам. У ПТВ Валодзя вывучыўся на электрыка. Пасля пайшоў у армію. Вучэбка ў Пячах Барысаўскага раёна. Танкавая дывізія ў Полацку. Наводчык танка. Сяржант. Вырашыў стаць ваенным журналістам. Паступіў у Львоўскае ваенна­палітычнае вучылішча, але замест факультэта журналістыкі яму прапанавалі факультэт клубных работнікаў. Кінуў і вярнуўся дадому. Працаваў у Мінску электратэхнікам 4­-га разраду на заводзе халадзільнікаў. Пайшоў на фізіка­матэматычны факультэт БДУ, але пасля першага семестра забраў дакументы. Шукаў сябе ў прафесіі. Паспяхова здаў экзамены ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на факультэт нямецкай мовы, які скончыў у 1975 годзе. Амаль год адпрацаваў у замежным аддзеле Прэзідыума Акадэміі навук БССР. Тым часам скончыў вышэйшыя курсы КГБ у Мінску, спецфакультэт Чырванасцяжнага інстытута імя Дзяржынскага ў Маскве, Курсы ўдасканалення афіцэрскага складу (школы дыверсійнай разведкі) у Балашысе пад Масквой. З добрай нямецкай мовай яго пасылаюць у Афганістан.

Яго задачамі былі нелегальная разведка, контрразведка, унясенне рознагалоссяў у рух паўстанцаў­маджахедаў, разлажэнне яго знутры, перацягванне на бок новага афганскага ўрада найменш радыкальных фарміраванняў, а галоўнае — выратаванне савецкіх вайскоўцаў з палону.

Захоплены падчас самаволкі

Ураджэнец вёскі Рудня Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці (гэта каля Негарэлага) сяржант Ігар Колас быў схоплены маджахедамі падчас самаволкі (пайшоў у суседні дукан (дробную лаўку) па пакупкі). Палон зацягнуўся на два гады. І Ігару яшчэ пашанцавала, бо беларускі хлопец трапіў да паўстанцаў, якія не належалі да радыкальных барацьбітоў за веру, таму яго не закатавалі.

Ён выконваў розную гаспадарчую працу, авалодаў мясцовай мовай, навучыўся нават на ёй пісаць і заслужыў адносны давер у сваіх гаспадароў, якія паступова схілялі яго да змены веравызнання і прыняцця ісламу.

Шматхадовую аперацыю па вызваленні сяржанта Коласа распрацоўваў асабіста Уладзімір Гаркавы (на той момант ён дзейнічаў пад маскай грамадзяніна ФРГ Вольфа).

Спачатку ўсё ішло ўдала. У адным з баёў быў захоплены маджахед, які аказаўся братам камандзіра таго атрада, дзе ўтрымліваўся Ігар Колас. Было вырашана арганізаваць абмен. Пачаліся перамовы. Але здарылася нечаканае: палоннага маджахеда, якога трымалі ў кабульскім вайсковым шпіталі (ён быў паранены), уначы застрэлілі яго ідэалагічныя ворагі — супрацоўнікі афганскай разведкі ХАД (служба дзяржаўнай бяспекі Афганістана, якая займалася пытаннямі разведкі, контрразведкі і арганізацыі спецыяльных мерапрыемстваў - рэд.), якія таксама праходзілі там лячэнне. Пакуль ішло разбіральніцтва, забітага паспелі пахаваць.

Уладзімір Гаркавы праз сваіх агентаў працягнуў перамовы. Была дасягнута дамоўленасць, што радня забітага маджахеда зможа атрымаць яго цела. Для правядзення эксгумацыі прыйшлося прасіць дазвол кіраўніка Афганістана Бабрака Кармаля. Труп, які выкапалі з магілы, быў адвезены ў будынак ХАД. Заставалася вырашыць дэталі з перадачай, але зноў здарылася неспадзяванка. Нехта з супрацоўнікаў ХАД вырашыў паздзекавацца з трупа ворага і адрэзаў таму пальцы на нагах. У такім выглядзе парэшткі перадаваць было нельга. Дапамаглі савецкія хірургі, якія прышылі цудам знойдзеныя часткі цела на месца.

Вольф (у цэнтры, бачная частка твару) у атрадзе Суфі Аяфа ў Панджшэрскай цясніне з місіяй вызвалення палонных салдатаў. 1980 год. Фота з кнігі Уладзіміра Гаркавага «Жыццё і лёс разведчыка».

«Геру Вольфу» (Уладзіміру Гаркаваму) удалося асабіста ўвайсці ў давер да родзічаў застрэленага маджахеда, цела якога нарэшце было перададзена для пахавання ў родавым кішлаку. І цяпер паўстала пытанне аб умовах вызвалення савецкага салдата. Верхавод атрада (брат таго самага забітага маджахеда), залагоджаны буйной сумай грошай, даў згоду дапамагчы зладзіць уцёкі палоннаму беларусу, але з умовай: усё павінна быць зроблена так, быццам шураві (так афганцы звалі савецкіх вайскоўцаў) уцёк сам.

Праз Саіда Акбара (аднаго з кіраўнікоў Упраўлення контрразведкі аддзела ХАД) выйшлі на мулу Гуляма Фарука — старэйшыну мясцовых кішлакоў, якому падначальваліся ўсе мясцовыя атрады самааховы. Выехалі на месца. Перамовы ішлі ў выглядзе сяброўскай бяседы на разасланым персідскім дыване за піялай гарбаты, смакаваннем свежапрыгатаванай бараніны, жаваннем насваю (лёгкага наркотыку). Уладзімір Гаркавы, экіпіраваны пад звычайнага афганца, больш маўчаў, галоўным перагаворшчыкам быў Саід Акбар. Паабяцалі ў абмен на савецкага салдата дапамагчы вызваліць двух палонных маджахедаў.

Усё прайшло як па нотах. Фіктыўнае партызанскае фарміраванне інсцэніравала напад на кішлак, які стаяў побач з лагерам, дзе ў палоне трымалі Коласа. Па загадзе падкупленага верхавода ўсе кінуліся на дапамогу суседзям, а Ігар Колас, застаўшыся без нагляду, кінуўся ў адваротны бок, атрымаўшы некалькі дзяжурных аўтаматных чэргаў у свой бок. Ужо за межамі лагера на вузкай горнай сцежцы ён замёр, наткнуўшыся на сівабародага афганца (таго самага Фарука). Цела абмякла. Ну, вось і ўсё. Той звязаў яму рукі нейкай анучай і павёў за сабой.

Другі раз у Коласа пацямнела ў вачах, калі гэты стары прывёў у месца, дзе яго сустрэлі два барадатыя тубыльцы (белыя хусткі абматаныя на галаве і вакол шыі, бясформенныя халаты, пад якімі вялізныя шаравары і босыя ногі ў сандалях). Толькі тут ён пачуў «ты сярод сваіх» і глытнуў спірту з біклагі, якую працягнуў маёр Гаркавы. Хлопец сеў на камень і заплакаў…

Пасля ўважлівай праверкі контрразведкай і пракуратурай Ігар Колас вярнуўся на радзіму. Жыў у Негарэлым (цяпер аграгарадок Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці), ажаніўся, расціў дачку і сына. На юбілейныя сустрэчы, дзе збіраліся былыя афганцы, ён не хадзіў, перад школьнікамі не выступаў. Ордэнаў і медалёў не меў. Галоўнай узнагародай для яго стала свабода і тое, што «даравалі» парушэнне статута — самаволку і зброю, згубленую падчас захопу ў палон. Працаваў. Хварэў на сухоты. Моцна піў. Апошнія гады пераехаў у суседні пасёлак Коласава Стаўбцоўскага раёна, дзе і памёр…

У знакамітай амерыканскай кінастужцы Стывена Спілберга «Уратаваць шарагоўца Раяна» галоўны герой у фінале шаптаў на магіле свайго выратавальніка капітана Мілера, што ён пастараўся з усіх сілаў пражыць годнае жыццё і апраўдаць тыя ахвяры, якія былі здзейсненыя дзеля яго — простага салдата амерыканскай арміі. У жыцці Ігара Коласа фінал атрымаўся больш празаічны…

Шураві — так афганцы называлі савецкіх вайскоўцаў. Фота maxim-nm.livejournal.com

А выратавальнік Коласа Уладзімір Гаркавы пасля Афганістана даслужыўся да палкоўніка КДБ і ў 1994 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі, быў звольнены ў запас. За выкананне спецзадання падчас аперацыі «Шторм­333» быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. За ўдзел у вызваленні палонных — ордэнам «Зорка Афганістана».

Пасля выхаду на пенсію скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Цяпер працуе ў банкаўскай сферы. Напісаў мемуары «Афганістан: без грыфу «сакрэтна»».

Віталь Чырвінскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930