Знайсці
27.02.2021 / 17:25РусŁacБел

Сяргей Палуян: імкліва жыў, чаму пайшоў?

Палуян наклаў на сябе рукі ў 19 гадоў. Чаму? Для сучаснікаў гэта стала шокам. Талент гэта быў каласальны. Так мала пражыў чалавек, а каб не ён, мы сёння не ведалі б, хто такі Максім Багдановіч, піша Паўліна Скурко.

Сяргей Палуян у бураковым касцюме часоў работы ў «Нашай Ніве». Малюнак Лізы Дубінчынай.

Супрацоўнікі першай беларускай газеты «Наша Ніва», з якімі Палуян кантактаваў у Вільні ў год перад смерцю, успаміналі яго надзвычайную энергічнасць. Нібы метэор упаў у рэдакцыю, пісаў сакратар «НН» Вацлаў Ластоўскі.

Сярэдняга росту, худатвары, з доўгім носам, з глыбока ўпалымі вачамі, у пенснэ, досыць сутулы, ён быў адзеты ў гарнітур шэра-бурачнага, невыразнага колеру, з-пад якога выглядала чырвоная кашулька. На галаве ў яго быў буланы (відаць, пясочнага колеру, як масць каня) шыракаполы капялюш. Такім упершыню пабачыў Палуяна пісьменнік Цішка Гартны ў рэдакцыі «НН».

Ніхто не чакаў такога

Летам 1909 года Палуян прыехаў у Вільню, прыйшоў у рэдакцыю «НН» на вуліцы Віленскай і адразу раздаў кожнаму брату па дукату. Пабачыўшы падзел на кіраўнікоў-стратэгаў (Аляксандр Уласаў і браты Іван і Антон Луцкевічы) і рэшту супрацоўнікаў (Ядвігін Ш., Купала, Ластоўскі, Язэп Драздовіч…), ён іранічна ахрысціў іх верхняй і ніжняй палатай. Так і павялося.

Таксама Палуян адшукаў у рэдакцыйным архіве першыя вершы Максіма Багдановіча, якія той даслаў у газету з Яраслаўля, і рашуча настаяў на іх публікацыі. А так бы вершы і згінулі дзесьці між папер, і не мелі б мы сёння літаратурнага класіка. Палуян так палымяна падкрэсліў вартасці паэзіі Багдановіча, што ўсе пагадзіліся. Працягваў упарціцца толькі Ядвігін Ш.: «А ўсё ж гэтыя вершы не для народа». Іронія гісторыі: акурат белетрыстыка Ядвігіна Ш., досыць папулярная ў пачатку ХХ стагоддзя, праверкі часам не вытрымала.

«Гэта быў самы блізкі друг Янкі Купалы», — успамінала Палуяна жонка класіка, Уладзіслава Францаўна. Сам Купала пісаў пра яго, на восем гадоў маладзейшага, што гэта «чалавек з нештодзённым паглядам». Ён прысвяціў Сяргею паэму «Курган», якую цяпер вывучаюць у школе.

А з будучым першым кіраўніком Савецкай Беларусі Змітром Жылуновічам, а ў той час літаратарам-нашаніўцам Цішкам Гартным, Палуян сышоўся на палітычнай глебе. Яны кожны дзень гулялі па Вільні, пляткарачы пра нашаніўцаў: «усебакова абгаворвалі становішча беларускага нацыянальна-сацыялістычнага руху, палажэнне «Нашай Нівы» і палітычны напрамак ды настрой сяброў рэдакцыйнай калегіі». У калегах ім бракавала радыкальнасці. І Аляксандр Уласаў, і Ядвігін Ш. для іх былі «занадта расплыўчатыя ў поглядах на сацыялістычны рух», гарачых хлопцаў раздражняла іх «інтэлігенцкая адмежаванасць ад рабочых». Гартны і Палуян спрабавалі навярнуць у сваю веру старэйшых таварышаў. Толькі Антон Луцкевіч з усім пагаджаўся (ці ўсур’ёз, ці каб адчапіліся), але і ён застопарыўся на нацыянальным пытанні — не хацеў падзяляць з маладымі «інтэрнацыянальнасць рабочага руху і погляд на пралетарскую базу беларушчыны».

На тры гады старэйшы Цішка Гартны з Палуянам «блізка зжыўся, узлюбіў яго і шкадаваў расстацца». У Вільні Сяргей знайшоў сапраўдных сяброў. Гэты быў вельмі шчаслівы час.

А вось так выглядала вуліца Віленская, па якой у 1909 годзе гулялі Сяргей і Цішка Гартны. Выходзілі з рэдакцыі — і ішлі куды вочы павядуць. Здымак Яна Булгака. Крыніца: wikimedia.commons

Гульня «ў хлопчыкі»

Сяргей Палуян быў прадстаўніком першага пакалення беларусаў з нацыянальнай свядомасцю. Гэтыя людзі — феномен, бо большасць з іх свядомасць узгадавалі самі. Школа, сям’я, палітыка Расійскай імперыі — нішто гэтаму не спрыяла, наадварот.

Пра дзяцінства Сяргея мы ведаем ад яго сясцёр.

Гімназіст Сяргейка (крайні справа ў апошнім радзе) з сям’ёй. Фота з кнігі «След, вечна жывы: творы, успаміны, прысвячэнні, даследаванні»

Усім сёстрам запомнілася гульня «ў хлопчыкі». Сяргей рабіў цацкі з палачак і ануч — хусткі, спадніцы павязвалі «жанчынам», штаны і кашулі «мужчынам». З гародніны рабілі гаспадарку, жывёл. Кожны з дзяцей меў сваю вёску з некалькіх сем’яў лялек. Сяргей прыдумваў для іх усялякія заданні: прыбраць хату, скасіць поле, схадзіць у грыбы, па дровы. І патрабаваў, каб у гульні гэты занятак абавязкова заняў столькі ж часу, колькі ў рэальнасці. Дзяўчаты, відаць, трохі нудзіліся, брат настойваў.

Выхавацелем Сяргей быў строгім, нават суровым. Тата даручыў яму навучыць дзяўчат чытаць і пісаць. І сёстры яго пабойваліся: «Мы стараліся збегчы ў сад, але гэта нам не заўсёды ўдавалася. Сяргей не даваў нам спуску, патрабаваў вучыць розныя заданні. Бывала, на дзвярах свайго пакоя тлуста выведзе літару «Ф» і тых, хто не выканаў заданне, прымушаў, як ён казаў, «лізаць ферта». Гэта для нас было вялікае пакаранне. Без слёз не абыходзілася. Нават умяшанне маці не памагала».

Але таксама ён, маючы прыгожы барытон, вучыў сясцёр і братоў рэвалюцыйным песням. Малодшым запомнілася «Отречёмся от старого мира» і «Варшавянка» («Вихри враждебные веют над нами») — гімн рэвалюцыі 1905 года.

У нашага Сярожанькі явар на двары

Палуян нарадзіўся ў Брагіне, дзе жылі яго дзяды. Дом знаходзіўся недзе на сучаснай вуліцы Кірава (жыхары называюць тую мясцовасць Загароддзе).

А дзяцінства і юнацтва Сяргей Палуян правёў непадалёк ад Калінкавіч (Каленкавіч па-мясцоваму). Сям’я набыла маёнтак у Крышычах і пераехала, калі Сяргейку было тры. Тысяча дзесяцін, у асноўным лес. Маёнтак найбліжэй суседзіў з Прудком — вёскай, якую ужо ў нашы дні праславіў Андрусь Горват у дакументальна-мастацкім бестселеры «Радзіва Прудок».

Прадавец маёнтка падмануў Сяргеевага бацьку. Ён прадаў зямлю не толькі з доўгам (зямля была закладзена ў банк), але і з вялікім кавалкам у сервітутным, супольным карыстанні. Гэта высветлілася, калі сяляне прыйшлі туды пасвіць каровы, а Палуян-старэйшы паспрабаваў іх пагнаць. Сяляне падалі ў суд, і Епіфан Іванавіч з ганьбай прайграў.

Гэта, зрэшты, была не першая няўдача. Яшчэ раней, у Брагіне, Епіфан Палуян займаўся аптовым гандлем прадуктамі. Але бізнэсу прыйшоў канец: Палуяна абакралі цыганы. Зладзеяў не знайшлі. Пасля таго разам з жончынымі братамі ён узяў у арэнду маёнтак, але сумеснае гаспадаранне — сумнеўная радасць, і ўрэшце Епіфан Іванавіч купіў Крышычы.

Веранда з вітражом, абвітая лісіным вінаградам. Сад з жоўтымі слівамі і грушай-сапяжанкай. Агарод. Поплаў, сажалка з гусямі. Бацьку прыйшлося разбудаваць хату, каб усе мелі свае пакоі. Квадратны пакойчык Сяргея з адным акном якраз знаходзіўся ў прыбудоўцы: ложак, стол, этажэрка для кніг (што гэта былі за кнігі, сёстры не ведаюць, Сяргей не дазваляў глядзець: «Вам яшчэ ранавата такое чытаць»). У акне вішня.

Крышычы сёння. Фота: komandirovka.ru

Смакі Сяргеевага дзяцінства — калдуны, бабкі, верашчакі, аладкі, дранікі, хрушчы, коржыкі, тарты… Маці гатавала з талентам. Каронная страва — гусь, вэнджаная на зіму, а таксама кілбаскі з гусіных шыек.

Сябрамі Сяргея былі мясцовыя сяляне (тату гэта моцна раздражняла). Асабліва сябраваў ён з нейкім Нічыпарам — нічога, апроч імя, гісторыя не захавала. Сяляне, відавочна, адказвалі хлопцу той жа любоўю. Адна з сясцёр запомніла песню, якой калядоўшчыкі аднойчы прывіталі яго асабіста. Песня яўна старадаўняя, аж чутно, як праз радкі прамаўляюць продкі:

У нашага Сярожанькі явар на двары,
Явар на двары — тонкі, высокі,
Тонкі, высокі, лістом шырокі.
На тым явары сівы сокал сядзіць,
Сівы сокал сядзіць, далёка глядзіць.
А як далёка? На сінь мора.
На сінім моры ды сем караблёў,
Сем караблёў, усе на парусах.
Прыйшла да Сярожанькі мамачка яго:
— Уставай, Сярожа, уставай, сыночак,
Усе твае караблі туркі забралі,
Сястрычку Анютку з сабой павязлі.

Фатальны сямейны раскол

Палуян падкрэслена, з усімі гаварыў толькі па-беларуску, успамінаюць сёстры. Канечне, гэта была родная мова яго бацькоў. Але для таты, вольнага ад прыгону ў першым пакаленні, такая пазіцыя і мова былі абясцэньваннем усіх асабістых дасягненняў. Беларуская культура, якую так прагна вывучаў Сяргей, у таты асацыявалася з паднявольнай вёскай, якую ён хацеў хутчэй забыць і жыць як вольныя, заможныя, паважаныя члены «российского общества». Гэта як нашы бацькі і дзяды, што столькі сіл паклалі, каб вырвацца з калгасаў, часта не могуць зразумець цікавасць моладзі да зямлі і ўсяго вясковага.

Што ці хто даў штуршок Сяргею да беларускай культуры? Мазырская прагімназія, куды паступіў у 9 гадоў? Своечасова прачытаны «Тарас на Парнасе», які стаў адкрыццём?.. Ці, можа, справа ў натуры Палуяна, якая шукала каранёў і гістарычнай справядлівасці?

Што б ні было каталізатарам, але вынікам стаў фатальны сямейны разлад.

Сяргей спачатку вучыўся ў Мазыры ў прагімназіі, але вылецеў за рэвалюцыйныя погляды. З Мазыра да іх у маёнтак нават прыязджаў валасны прыстаў, які доўга размаўляў з бацькам, пасля чаго 14-гадовага хлопца чакала лупцоўка. Сяргея выправілі вучыцца ў латвійскую Мітаву.

Мужчынская гімназія ў Елгаве (Латвія), былой Мітаве. У ёй вучыўся Сяргей Палуян. Фота: wikimedia.commons

Там выкладалі двое матчыных братоў, адзін з якіх быў суворым манархістам. Чакалася, што дзядзькі паўплываюць. Аднак эфект выйшаў адваротны: выступы на мітынгах, улёткі ў асабістых рэчах і — чырвоная кашуля. Такой адзежай у час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў абазначалі сябе пратэстоўцы.

Маміны браты, дзядзькі Сяргея, якія мусілі апекавацца ім у Мітаве. У цэнтры — Вікенцій, ярасны манархіст, з якім у хлопца былі баталіі. Фота з кнігі «След, вечна жывы: творы, успаміны, прысвячэнні, даследаванні»

З Мітавы 15-гадовы Сяргей вяртаўся пад канвоем жаніха сваёй сястры Ганны. Юнак паспрабаваў уцячы з цягніка і перасесці на іншы, але «канваір» забіў трывогу і хлопца адшукала паліцыя.

Бацька быў у шаленстве і пастанавіў, што сын мае заставацца ў Крышычах на гаспадарцы. Але сёстры ўспамінаюць, што характарам Сяргей быў у бацьку, таму наскочыла каса на камень. Пасля сваркі сын пайшоў з дому і ўжо не вярнуўся.

«Белорусский беллетристъ»

Выгнаны з дому, Сяргей праляцеў яркім метэорам па нашаніўскім небасхіле, потым пераехаў у Кіеў. Тут працаваў яшчэ адзін дзядзька, мамін брат Акім, які дапамог уладкавацца ва ўпраўленне Паўднёва-Заходняй чыгункі. З нейкіх прычын юнак там не затрымаўся.

У Кіеве Сяргей піша ў газеты, падпрацоўвае карэктарам (відавочная яго здольнасць да моў — ён хутка засвоіў украінскую), дае прыватныя ўрокі, піша сачыненні гімназістам і рыхтуецца здаваць іспыты за гімназію экстэрнам, каб паступіць у Кіеўскі ўніверсітэт.

Многія дамы на Гогалеўскай у Кіеве яшчэ памятаюць Палуяна. Напрыклад, дом №23 («Дом з катамі») будаваўся ў апошні год жыцця Сяргея. Гэта тыповы мадэрн, стыль той эпохі: дом асіметрычны, аздоблены загадкавымі маскамі, выявамі соў і катоў. Фота: wikimedia.commons

Украінскі пісьменнік Мікіта Шапавал, які рэдагаваў артыкулы Палуяна для часопіса «Українська хата», пісаў, што Сяргей заўсёды насіў пры сабе нумары «Нашай Нівы», зборнічкі вершаў і расказваў пра беларускае адраджэнне. Высокі, русавалосы, дужы, чырванатвары юнак, ён усміхаўся, як дзіця, пабачыўшы беларускія кніжкі ў кіеўскай кнігарні, успамінае Шапавал.

Менавіта Шапавалу — свайму сябру, аднагодку Купалы — юнак адрасуе перадсмяротнае пасланне.

Уначы 8 красавіка (па новым стылі 21-га) 1910 года Сяргей вешаецца. Адбылося гэта па адрасе Гогалеўская, 37, дзе хлопец здымаў пакой. Дом знеслі ў 1980-я, на яго месцы цяпер №37/2. Затое суседні, 39-ты, дзе ў часы Палуяна быў прытулак для бедных і сірот, захаваўся.

Дом, у якім жыў і загінуў Сяргей Палуян. Будынак прытулку (на фота справа) захаваўся. Фота: oldkiev.top

На пахаванне паехалі бацькі, сясцёр ды братоў не было, ім і не паведамлялі.

Бацьку страшэнна мучыла сумленне. У ноч пасля пахавання ён усхапіўся і хацеў бегчы на могілкі: яму здалося, што Сяргей жывы, што заснуў летаргічным сном.

Рана была такая, што бацька забараніў успамінаць сына ў хатніх размовах. Жонка не пярэчыла, але ўсё жыццё спала на сынавай падушцы (цяпер яна ў фондах музея Багдановіча). А пад падушку клала чырвоную рэвалюцыйную кашулю — каб Сяргейка прысніўся. Яна перажыла сына на 11 гадоў, памерла ад сухотаў.

Сяргеевы мама і тата неўзабаве пасля яго нараджэння. Фота з кнігі «След, вечна жывы: творы, успаміны, прысвячэнні, даследаванні»

Сяргея пахавалі на кіеўскіх Байкавых могілках, бацька паставіў на магіле мармуровы крыж, а на гранітнай пліце выбілі: «Белорусский беллетристъ Сергей Полуянъ». Усё ж прызнаў заслугі сына.

Дзіўная сітуацыя з Сяргеевым пахаваннем. Адна з сясцёр кажа, што яшчэ да вайны, прыехаўшы ў Кіеў, не знайшлі магілы, а пасля даведалася, што ўчастак адышоў пад знос і там пабудавалі школу міліцыі. Кіеўскі гісторык Дмытро Лукін, аднак, параўнаўшы планы могілак за розныя гады, вызначыў, што плошча цвінтара ніколі не абразалася, толькі расла. А школа міліцыі сапраўды з’явілася ў 1920-я, але аж за кіламетр ад могілак. Таму: або на месцы Сяргеевай магілы ў савецкія часы з’явілася іншае пахаванне, або яго магіла была знішчана падчас будаўніцтва крэматорыя ў 1975-м. Або ён так і ляжыць недзе, забыты.

Самотна жыў, самотна ўмёр

Няясна, што стала апошняй кропляй, пасля якой Палуян учыніў самагубства.

Сучаснікі гадалі. Змітрок Бядуля: «Сяргей быў завельмі гарачы. Не мог мірыцца, што беларуская культура развіваецца вельмі марудна». Пятро Бузук, першы дырэктар Інстытута мовазнаўства беларускай Акадэміі навук: «Апавядаюць, быццам у Палуяна з’явіўся намер парваць з жыццём, калі ён пабачыў, што Беларусь не мае тых спрыяючых умоў для свайго культурнага развіцця, якія ёсць ва Украіне…»

«Няма прынцыпаў нідзе, — гаварыў Сяргей нібыта сабе, зайшоўшы напярэдадні смерці ў рэдакцыю газеты «Рада». — У крыхах жыцця звініць адна няпраўда. Людзі — нешта такое жорсткае, чаго нідзе не пабачыш. Усё сусветнае зло сабралася ў чалавеку, знайшло сваю форму ў гэтай загадкавай злой істоце…»

У перадсмяротнай запісцы — сляды глыбокай дэпрэсіі. Відавочна, жыццё прыносіла яму такі моцны боль, што ён рашыўся перарваць жыццё, каб той боль спыніць.

У яго словах многа самапрыніжэння, хваравітага самаасуджэння: «Сказаць сваё апошняе слова — можа, гэта і «пошло», але мне ўсё роўна пасля смерці» — так піша пра рашэнне пакінуць запіску. Гневаецца на сябе: «Перадайце шчыры прывет беларусам. Багата я думаў зрабіць, ды не зрабіў нічога». А ў канцы зноў: «І яшчэ адна драбніца: я ўміраю «пошло», павесіўшыся, бо не было змогі купіць рэвальвера…» То-бок ён асуджае сябе нават за тое, якім чынам памірае.

«Няма пякнейшага* прызначэння, як набліжэнне праўды і святла»

* пякнейшага = прыгажэйшага. Пекны = прыгожы, харошы, гожы (старое слова).

Відавочна, ён адчуваў сябе глыбока самотным, незразуметым, непабачаным. «Я ніколі не меў больш блізкага чалавека, чым вы, але і вы былі далёка ад мяне. Не зналі вы мяне. Век сам. Я нікога не меў блізкага», — звяртаецца ён да ўкраінца Шапавала. Яго страшэнна раніла, што ніхто не бачыць яго сапраўднага. А між тым блізкасць — адна з базавых патрэб чалавека.

Палуян піша, што не бачыць сэнсу жыць. І ў яго ўжо няма надзеі на тое, што сэнс жыцця для яго праявіцца: «Жыццё не вартае таго, каб жыць. У марах жыццё — казка, а спраўдзі — гніццё раба і вечная незабяспечанасць. Але не думайце, што я дзеля незабяспечанасці ўміраю. Не. Жыць так, як жыву я, няма ніякай рацыі. Шкода паміраць так марна, але трэба».

Вельмі дзякуем за дапамогу гісторыку Дмытру Лукіну (Кіеў) і псіхатэрапеўту Настассі Багранцавай (Мінск), а Ганне Паўлаўне Супрон — за рэцэпт хрушчоў.

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031