Знайсці
27.01.2021 / 19:42РусŁacБел

Атручальнікаў Навальнага падазраюць у забойстве яшчэ трох людзей

Bellingcat і The Insider апублікавалі новае расследаванне, праведзенае супольна з Der Spiegel, пра групу супрацоўнікаў ФСБ, якая, паводле звестак журналістаў, можа быць датычная не толькі да атручвання Аляксея Навальнага, але і да забойстваў журналіста Цімура Куашава, актывіста Руслана Магамедрагімава і лідара руху «Новая Расія» Мікіты Ісаева.

Цела журналіста з Нальчыка Цімура Куашава знайшлі 1 жніўня 2014 года ля дарогі ў лесе на ўскраіне Нальчыка з гематомамі, ранкамі і следам ад шпрыца пад пахай. Нягледзячы на наяўнасць слядоў ад гвалту, афіцыйнай прычынай смерці 26-гадовага актывіста назвалі вострую каранарную недастатковасць.

Як высветлілі аўтары расследавання, 13 ліпеня ў Нальчык прыбыў Канстанцін Кудраўцаў, запіс размовы з якім апублікаваў Аляксей Навальны.

На момант смерці Куашава ў гарадах побач з Нальчыкам, паводле звестак журналістаў, таксама знаходзіліся іншыя героі будучага расследавання атручвання Навальнага — лекар Іван Восіпаў і афіцэры Дзяніс Мачыкін і Раман Мацюшын. У апошніх двух былі зваротныя квіткі на 30 ліпеня, але яны перанеслі іх на дзень пазней. Восіпаў перанёс вылет з 30 ліпеня на 1 жніўня.

Бацька Куашава Хамбі Куашаў распавёў The Insider, што ўзоры крыві журналіста па патрабаванні бацькі адправілі ў Маскву, каб праверыць версію аб атручванні. Экспертыза слядоў яду не выявіла, пры гэтым падпісаў яе Васіль Калашнікаў, які згадваўся ў размове з Кудраўцавым, апублікаваным Навальным.

Цела актывіста грамадскага рэгіянальнага руху «Адзінства» Руслана Магамедрагімава выявілі 24 сакавіка 2015 года ў Каспійску (прыгарад Махачкалы). Паводле афіцыйнай версіі, ён памёр ад удушша, але слядоў гвалту пры гэтым не выявілі. Блізкія актывіста сцвярджалі, што на яго шыі былі два сляды, падобныя на сляды ад уколаў шпрыцам. Паводле звестак аўтараў расследавання, у студзені 2015 года Восіпаў двойчы прылятаў у Махачкалу на некалькі дзён, а 20 сакавіка ён прыляцеў ва Уладзікаўказ і вярнуўся ў Маскву праз два дні пасля смерці актывіста.

Пры гэтым журналісты ў дадзеным выпадку дапускаюць імавернасць супадзення, бо ў Восіпава былі і іншыя паездкі ў Махачкалу, а забойства з дапамогай атручвання праз укол нехарактэрна, лічаць аўтары, для меркаваных супрацоўнікаў ФСБ.

Мікіта Ісаеў, лідар руху «Новая Расія» і дарадца кіраўніка «Справядлівай Расіі» Сяргея Міронава, памёр 16 лістапада 2019 года ў цягніку Тамбоў-Масква. Афіцыйнай прычынай смерці стаў сардэчны прыступ, аднак яшчэ да вынікаў экспертызы цела нябожчыка крэміравалі, як той і завяшчаў. Па наяўных у Bellingcat даных пералётаў супрацоўнікаў ФСБ аўтары расследавання выказалі здагадку, што за Ісаевым пачалі сачыць у снежні 2018 года падчас яго паездкі ў Чэлябінск. Журналісты знайшлі сем супадзенняў па горадзе і датах паездак Ісаева і супрацоўнікаў спецслужбы.

Пры гэтым у дзень смерці Ісаева ў Тамбове ніхто з супрацоўнікаў ФСБ пад сваімі імёнамі не выяўляецца, адзначылі аўтары расследавання. Па метаданых тэлефона аднаго з меркаваных удзельнікаў замаху журналісты высветлілі, што ён знаходзіўся ў Тамбове 1 лістапада 2019 года. Аўтары расследавання выказалі здагадку, што супрацоўнікі ФСБ маглі альбо выкарыстоўваць іншыя імёны, альбо зачысціць базу.

Bellingcat і The Insider адзначылі, што Ісаеў «быў абсалютна лаяльным Крамлю палітыкам» і «ніхто з атачэння Ісаева не мае нейкага праўдападобнага тлумачэння, чым праўладны «патрыёт» мог не дагадзіць ФСБ».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера