Праваабаронцы апублікавалі даклад аб катаваннях у Беларусі
Расійскі «Камітэт супраць катаванняў» і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў 26 студзеня апублікавалі даклад, прысвечаны гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў.
У 46-старонкавым дакуменце пад назвай «Калідор дубінак» — шлях беларускіх уладаў. У дакладзе аб міліцэйскім гвалце апісваюцца справы 13 чалавек, якія падвергліся гвалту з 9 па 13 жніўня 2020 года, звяртае ўвагу Tut.by.
Адзін з заяўнікаў Аляксандр Бруханчык. Фота з сайта belarus.pytkam.net
Даклад быў заснаваны на расследаванні, праведзеным юрыстамі Камітэта супраць катаванняў.
На спецыяльным сайце апісаны гісторыі кожнага з пацярпелых — з фотаздымкамі збіцця, з вытрымкамі з эпікрызаў, з аўдыё- і відэасведчаннямі. 10 чалавек не хаваюць свае імёны. У некаторых выпадках імёны змененыя. Многія з іх ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрымання і цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна ў Мінску.
- Гісторыя Ганны Сарокі
- Гісторыя камеры № 19
- Гісторыя Аляксандра Бруханчыка
- Гісторыя Аляксандра Ільясевіча
- Гісторыя Алеся
- Гісторыя Мікалая Навасельскага
- Гісторыя Віталя Пракоп'ева
- Гісторыя Антона Радоўскага
- Гісторыя Ігара Станкевіча
- Гісторыя Арцёма Бяляя
- Гісторыя Сяргея Мельянца
- Гісторыя Мікіты Шпакоўскага
— Большасць з пацярпелых былі вымушаныя прайсці праз «калідоры», калі супрацоўнікі праваахоўных органаў выстройваліся ў дзве шарэнгі, каб наносіць удары дубінкамі прабягаючым паміж імі затрыманым, — апісваецца на сайце праваабаронцаў. — Так, у аднаго чалавека ад удараў была разарваная барабанная перапонка, некалькі іншых атрымалі розныя пераломы. Некаторыя пацярпелыя паведамілі пра сэксуальны гвалт ці пагрозы сэксуальнага характару і прыніжэнні. Іншыя замахі з боку праваахоўнікаў уключалі ў сябе шматгадзіннае знаходжанне затрыманых у ненатуральных позах, а таксама ўтрыманне ў перапоўненых камерах без вады і ежы. Большасць з гэтых трынаццаці чалавек былі мінакамі, якія не бралі ўдзелу ў акцыях пратэсту супраць перавыбрання Лукашэнкі.
Да 9 верасня 2020 года, паводле афіцыйных звестак, у Следчы камітэт Беларусі паступіла больш за 1800 скаргаў ад грамадзян на катаванні і незаконнае ўжыванне фізічнага гвалту з боку праваахоўнікаў. Па стане на 31 снежня 2020 года ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы.
У дакладзе прыводзіцца падрабязная інфармацыя аб тым, як улады ўсяляк сабатуюць правядзенне эфектыўнага расследавання скаргаў грамадзян пад прыкрыццём фармальнага выканання закона. Напрыклад: завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян, што паскардзіліся на катаванні, перашкода адвакатам у прадстаўленні інтарэсаў пацярпелых, пазбаўленне некаторых з іх адвакацкіх ліцэнзій і нават завядзенне супраць іх крымінальных спраў, аб'яднанне сотняў спраў у адну і неабгрунтаванае прыпыненне расследавання.
— Падчас расследавання нашы расійскія калегі выявілі мноства розных прычын, якія выкарыстоўваюцца афіцыйнымі органамі Беларусі для фактычнай адмовы расследаваць факты абуральных паводзінаў супрацоўнікаў сілавых структур, — заявіў генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў Геральд Стаберок. — Тое, што мы назіраем, — гэта палітычна матываваная адмова ў правасуддзі. Улічваючы адсутнасць незалежнага расследавання ўнутры краіны, мы лічым, што настаў час для стварэння міжнароднага органа, які б заняўся расследаваннем маштабных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
— Супрацоўнікі праваахоўных органаў актыўна ўжывалі сілу ў дачыненні да ўжо затрыманых асоб, якія не прадстаўлялі ніякай пагрозы і не аказвалі ніякага супраціву, — кажа юрыст Камітэта супраць катаванняў Дзмітрый Казакоў. — Відавочна, што мэтай было запалохванне, прыніжэнне і пакаранне людзей за ўдзел у дэманстрацыях, якія насілі пераважна мірны характар. Сабраныя доказы сведчаць пра наўмысныя акты жорсткага абыходжання.