Знайсці
26.01.2021 / 12:51

«Прыйшлося прымаць заспакаяльныя прэпараты»: мужчыну далі два гады хатняй хіміі за абразу Вольгі Чамаданавай

Суд Цэнтральнага раёна Мінска сёння асудзіў 43-гадовага Дзмітрыя Ушацкага да двух гадоў хатняй хіміі паводле арт. 369 КК за абразу ў тэлеграм-чаце прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

Павялічыць

Вольга Чамаданава. Скрыншот СТБ

На суд з'явілася сама пацярпелая і тлумачыла, якія маральныя пакуты ёй былі прычыненыя абразай абвінавачанага ў адным з тэлеграм-чатаў, якія яна ацаніла ў 5000 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.

Сам каментар у судзе агучаны не быў, але вядома, што ён быў «у непрыстойнай грубай нецэнзурнай форме».

У якасці сведкі ў судзе была дапытаная афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

На судзе Дзмітрый прызнаў віну цалкам, раскаяўся і папрасіў прабачэнне ў Вольгі Чамаданавай у зале суда:

«Мэты абразы Вольгі Чамаданавай у мяне не было. У мяне былі эмоцыі і не зусім адэкватны стан [пакусалі пчолы]. Я не хацеў яе абразіць, не думаў, што яна прачытае паведамленне ў гэтай групе. Калі я пісаў гэты каментар, я не меркаваў, што афіцыйная асоба МУС будзе карыстацца такой групай.

Я прызнаю сваю віну ў тым, што я размясціў такі каментар і што ў ім утрымліваліся абразлівыя словы ў адрас Чамаданавай, што я зрабіў паведамленне ў публічнай сетцы, да якой можа мець доступ любы карыстальнік тэлеграма».

На судовым працэсе Дзмітрый распавёў, што «мог быць падпісаны на гэты тэлеграм-чат, але не з'яўляўся пастаянным падпісчыкам, не цікавіўся дзейнасцю групы». Зыходзячы з матэрыялаў справы, Ушацкі пакінуў абразлівы каментар.

Вольга Чамаданава на судзе распавяла, што ўбачыла каментар раніцай 18 чэрвеня. На той момант яна ведала пра існаванне гэтага тэлеграм-чата, але не была падпісаная на яго.

Аднак, як патлумачыла прэс-сакратарка, яе калегі з МУС ажыццяўляюць маніторынг інтэрнэт-прасторы.

Скрыншот паведамлення ёй даслала калега Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама.

«Такое паведамленне я атрымала ўпершыню за перыяд маёй службы на пасадзе начальніка ўпраўлення інфармацыі [з 29 снежня 2018 года], — расказала Вольга Чамаданава. — Раней падобных паведамленняў мне ніхто не дасылаў і не перасылаў, таму для мяне, вядома, такое паведамленне выклікала не проста абразу асабіста мяне, а ў цэлым — і службы, і ведамства. Я б сказала, гэта пэўны замах на аўтарытэт праваахоўных органаў, асабліва на мой. Абразлівым, напэўна, было больш тое, што чалавек, які пакідае такі каментар, — гэта абсалютна невядомы для мяне чалавек, і не мае права рабіць нейкія заключэнні, думкі публічна адлюстроўваць.

Гэта паведамленне прынізіла мае гонар і годнасць. Вельмі адбілася, у прынцыпе, на маёй працы на працягу некаторага перыяду часу. На працягу тыдня, як мінімум, гэта дакладна адбілася…

Гэта паўплывала, у тым ліку, на мой стан здароўя. Бальнічны ліст адкрываць не трэба было, але, тым не менш, пэўны дыскамфорт, на агульны стан здароўя — гэта, сапраўды, паўплывала. Акрамя гэтага, вы разумееце, што інфармацыя, размешчаная публічна, становіцца здабыткам не толькі тых, хто маніторыць гэтую інфармацыю, але і шэрагу іншых людзей, якія цябе ўжо ведаюць і ў якіх пэўнае стаўленне да цябе і як да чалавека, і як да кіраўніка. Вядома, гэта такі сур'ёзны ўдар па рэпутацыі, у тым ліку».

Вольга Чамаданава заявіла грамадзянскі пазоў аб прычыненні ёй маральных пакут на 5000 рублёў.

«Па-першае, гэта прынесла мне і фізічны пэўны дыскамфорт. Мой стан здароўя, дзякуй богу, не запатрабаваў нейкага працяглага лячэння. Але, разам з тым, пэўныя заспакаяльныя прэпараты мне давялося прымаць з-за таго, што гэта занадта паўплывала на тое, што я ўбачыла ўпершыню для сябе.

Ну і таксама, вядома, мой аўтарытэт і рэпутацыя пасля гэтага мелі таксама пэўныя страты, і гэта адбівалася на тым, што пра гэта паведамленне мне казаў не адзін чалавек, а пра гэта казалі многія», — тлумачыць свае маральныя пакуты Вольга Чамаданава ў судзе.

Абвінавачаны пазоў прызнаў часткова: гатовы пакрыць 3000 рублёў. Чамаданава прасіла пакараць абвінавачанага Ушацкага на меркаванне суда.

У судзе ў якасці сведкі была дапытаная Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама.

Яна распавяла, што раніцай 18 чэрвеня перад працай яна, праглядаючы розныя тэлеграм-каналы, выявіла ў чаце інфармацыю, якая тычылася яе непасрэднай кіраўніцы Вольгі Чамаданавай.

«Бо яна з'яўляецца публічным чалавекам і, перш за ўсё, маім кіраўніком, я палічыла патрэбным праінфармаваць яе, каб яна ведала», — распавядае ў судзе Наталля Ганусевіч.

Як распавяла сведка, пад фатаграфіяй размяшчаўся абразлівы каментар у нецэнзурнай форме ў адрас Вольгі Чамаданавай. Яна зрабіла скрыншот і адправіла асабістым паведамленнем у телеграме сваёй начальніцы. На пытанне суддзі Акавітай, ці прыніжаў размешчаны каментар гонар і годнасць Чамаданавай, Ганусевіч адказала станоўча, дадаўшы, што яе ён таксама пакрыўдзіў. 

Падчас спрэчак пракурор выключыў з абвінавачванняў Ушацкаму «матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспублікі Беларусь». Аднак сама Вольга Чамаданава заявіла, што яе меркаванне тут неадназначна, і адразу была нязгодная з пракурорам, што абразлівае паведамленне абвінавачанага не звязанае з электаральнай кампаніяй:

«Усе падзеі, якія на тэлеграм-канале размяшчаліся, прынамсі, каментаваліся ад МУС, так ці інакш былі звязаныя з тым самым перадвыбарным перыядам. І я скажу больш, што, напэўна, менавіта ў гэты перыяд часу да 9 жніўня такія паведамленні з пагрозамі і абразамі, якія менавіта тычацца перадвыбарнай кампаніі, паступалі шматлікія».

Аднак потым на ўдакладняльныя пытанні суддзі яна сказала, што падтрымлівае пазіцыю дзяржабвінаваўцы. Пракурор запытаў амаль самае строгае пакаранне па арт. 369 КК — 2 гады абмежавання без накіравання ва ўстановы папраўчага тыпу. Суддзя Таццяна Акавітая прызначыла менавіта такое пакаранне. Акрамя таго, суд абавязаў Ушацкага выплаціць Вользе Чамаданавай 5000 рублёў маральнай шкоды.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28