Знайсці
25.01.2021 / 16:29РусŁacБел

У камандзе Латушкі замена — новы адказны за спорт. Даведаліся, чаму сышла Герасіменя

Вадзім Крывашэеў стаў адказным за моладзевую палітыку і спорт у Нацыянальным антыкрызісным упраўленні (НАУ). Раней гэтая пасада была за прызёркай алімпійскіх гульняў у плаванні Аляксандрай Герасіменяй. Што стаіць за зменай?

Вадзіму Крывашэеву 38 гадоў. Калісьці займаўся веласпортам. Быў дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па веласпорце, а ў 2016 — заняў аналагічную пасаду ў фрыстайле.

Вадзім Крывашэеў. Фота з сайта Мінспорту.

Калі пасля выбараў многія фрыстайлісты, у тым ліку славуты трэнер Мікалай Казека, падпісалі пад лістом за новыя выбары і адстаўку Лукашэнкі, то да фрыстайлістаў прыехаў намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў, які прачытаў лекцыю, але не ўбачыў ніякага водгуку ў вачах прысутных. Пасля гэтага Крывашэеву было прапанавана звольніцца — праз праваленую ідэалагічную работу.

Пасля гэтага міністр спорту Сяргей Кавальчук прапаноўваў Крывашэеву перайсці ў РЦАП па водных лыжах, але функцыянер адмовіўся. У пачатку верасня Крывашэева звольнілі з працы. Адметна, чыноўнік прызнаваўся, што галасаваў на выбарах за Лукашэнку, але потым кардынальна змяніў погляды пасля гвалту першых дзён пасля выбараў. Тое самае казаў і Мікалай Казека.

У прэс-службе НАУ так патлумачылі змену: «Герасіменя сканцэнтравалася на працы ў Фондзе спартыўнай салідарнасці, працы ў яе шмат. Вадзім Крывашэеў прыйшоў у каманду НАУ, каб займацца спартовым кірункам і служыць мастком паміж намі і фондам для сумесных праектаў».

Аляксандра Герасіменя. Фота sb.by

Вядома, што Герасіменя сама дапамагла знайсці сабе змену ў асобе Крывашэева.

Як стала вядома «Нашай Ніве» з некалькіх крыніц, асноўнай прычынай сыходу Герасімені з НАУ стала хуткае папаўненне ў сям’і. У сувязі з гэтым Аляксандра крыху змяншае актыўнасць.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера