СК адмовіўся распачынаць справу на міліцыянера, які ў Жодзіне ўдарыў жанчыну ў твар
22 студзеня жыхарцы Жодзіна Наілі Гусаковай прыйшло апавяшчэнне УСК Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У СК яна звярнулася пасля таго, як на вачах у людзей яе ўдарыў у твар міліцыянер Жодзінскага ГАУС, паведамляе ex-press.by.
Паводле высноваў СК Мінскай вобласці, міліцыянерам Жодзінскага ГАУС Бараноўскім Н.П. «выкананыя ўмовы і не перавышаныя межы прымянення фізічнай сілы».
Бараноўскі «дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці». Пры гэтым «ніхто з апытаных супрацоўнікаў ГАУС не бачыў непасрэдна момант прымянення Бараноўскім фізічнай сілы да Гусаковай».
Нагадаем, 13 верасня каля жодзінскага гандлёвага цэнтра «Элегант» адбыўся інцыдэнт, падчас якога міліцыянер ударыў у твар жыхарку Жодзіна Наілю Гусакову. Удар быў такой сілы, што жанчына апынулася на зямлі.