Знайсці
23.01.2021 / 12:34РусŁacБел

«Я капірую звычкі Яўгена, і гэта дапамагае запоўніць яго адсутнасць» — дзяўчына асуджанага на 4 гады студэнта Каліноўскага расказвае пра новую рэчаіснасць

Цяпер, калі Марта Шпіндзер цягнецца па тэлефон, каб нешта расказаць свайму маладому чалавеку, яна хутка ўспамінае, што зрабіць гэта не зможа. Упершыню за шэсць гадоў адносін яны не размаўляюць ужо шэсць месяцаў: 27 ліпеня 2020 Яўгена Каліноўскага затрымалі і абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку і гвалце ў дачыненні да амапаўцаў. 16 студзеня 2021 суддзя Максім Трусевіч агучыў яму прысуд — 4 гады калоніі і кампенсацыя маральнай шкоды пацярпелым. 

На мірнай акцыі пратэсту 14 ліпеня, калі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты, паміж удзельнікамі і амапаўцамі адбылася сутычка. 22-гадовы Яўген — відэа падзеяў пазней разышлося па СМІ — дапамог аднаму з хлопцаў пазбегнуць затрымання, а сам аказаўся на зямлі, пад ударамі кулакоў і дубінкай. У той дзень ён шчасліва вярнуўся дадому, з Мартай яны абмеркавалі, што, можа быць, варта на нейкі час з’ехаць з краіны, але вырашылі, што можна застацца. Хутка хлопца затрымалі.

«Я паўдні не магла да яго дазваніцца і пачала нешта падазраваць, — дзяўчына на той момант ужо некалькі тыдняў як з’ехала ў Польшчу рыхтавацца да навучальнага года. — Урэшце мне патэлефанавала мама Жэні і сказала, што ён затрыманы. У мяне быў шок. Стала вельмі страшна і сорамна за тое, што я не ўспрыняла яго асцярогі ўсур’ёз і не сказала тады: «Садзіся і з’язджай». Апошняе пачуццё мяне раз’ядала».

З Яўгенам яны пазнаёміліся на алімпіядзе па геаграфіі ў віцебскай гімназіі, дзе абое вучыліся. «Я прыйшла на алімпіяду і адразу выдзеліла яго сярод іншых, мы некалькі разоў схадзілі пагуляць і з тых часоў сталі парай». Апошні навучальны год яны жылі разам і працавалі ў Мінску: Яўген пасля трох гадоў на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ аформіў акадэмічны адпачынак, а Марта пасля школы ўзяла год паўзы.

«Я працавала ў шоўруме жаночага адзення і — можна сказаць прыгожа — брэнд-менеджарам у інстаграме. А Жэня працаваў з вельмі складанымі і незразумелымі для мяне рэчамі: шмат супрацоўнічаў з Мінскай урбаністычнай платформай, з якой рабіў даследаванні, займаўся Геаграфічнай інфармацыйнай сістэмай, вучыўся праграмаванню Python і ў цэлым працаваў у дастаткова новай сферы, дзе мала спецыялістаў. Урэшце яго запрасілі ў французскі стартап — цяпер ім складана знайсці Жэне замену».

Калі б не затрыманне і прысуд, у гэтым навучальным годзе Яўген бы вярнуўся ў БДУ, а Марта перад пачаткам вучобы ў польскім Таруні яшчэ два месяцы правяла б з ім у Мінску. Цяпер яны кантактуюць выключна праз лісты. Дзяўчына піша ў канцы кожнага тыдня і падсумоўвае тое, што адбылося за сем дзён, а калі хоча сказаць Яўгену нешта тэрміновае, просіць мінскіх сяброў раздрукаваць яе тэкст і адправіць яго заказным лістом.

«У інтэрнэце я пачытала парады, пра што лепш пісаць зняволеным. Я мала распавядаю пра свой эмацыйны фон, таму што эмацыйны фон Жэні нашмат важнейшы, але ў дробязях пішу пра сваё жыццё.

Калі толькі прыехала вучыцца, распісала, які ў мяне інтэрнат, які калідор, якога колеру я купіла крэсла. Часам дасылаю фотаздымкі, каб ён усё ведаў і нічога не прапусціў. Я расказваю, як шмат людзей яго любіць і хвалюецца за яго. Часам перадаю навіны, напрыклад, пра выбары ў ЗША: я дакладна ведаю, што па тэлебачанні ён цяпер глядзіць «Давай ажэнімся», але наконт навін не ўпэўнена. Жэня ж часта піша пра свой эмацыйны стан — ён вялікі малайчына і трымаецца бадзёра. Ён успамінае рэчы, якія раней, можа быць, цаніў недастаткова, — нейкія вандроўкі, вячоркі з сябрамі, любімы капучына з сіропам «Лясны арэх». Бывае, расказвае пра смешныя выпускі «Давай ажэнімся».

Ёсць у Марты і любімы ліст — у ім Яўген нарэшце распавёў, за што яе кахае. «Раней, калі я ў яго пыталася, ён упадаў у ступар і казаў: «Ну, ты мілая і добрая». Але я не хачу быць проста мілай, і вось у адным з лістоў ён падабраў прыгожыя словы і ўсё растлумачыў. Я часам перачытваю яго ўспаміны, і гэта дадае мне сіл».

Да суда ўсё цягнулася вельмі павольна, і гэта для дзяўчыны было самым складаным. «Большая частка шасці месяцаў у СІЗА прайшла без допытаў і нейкіх дзеянняў увогуле: мы проста пісалі лісты і насілі перадачы. Па першым часе было вельмі страшна, у галаву пастаянна лезлі пытанні, чым яго там кормяць і на чым ён там спіць. Бывала, засынаеш, а ў галаве рэзка выстрэльвае думка, што Жэня тым часам спіць на нарах. Адзінае, супакойвала, што ён не заспеў тое, што было на Акрэсціна пасля выбараў: хоць сітуацыя і прыгнятала, ён прынамсі цэлы і здаровы».

Падчас судовага працэсу ў Марты яшчэ была надзея на тое, што Яўгена адпусцяць, бо ў справе было шмат нестыковак, а хлопец добра выступаў. Але калі пракурор (Зубко — НН) запрасіла чатыры гады, надзея пачала знікаць. «Сябры, якія былі на судзе, напісалі мне пра прысуд. Не магу сказаць, што адразу адчула нейкі шок — я падрыхтавала сябе да вялікага тэрміну, да таго ж стала нашмат цвярдзейшай за гэтыя месяцы, але я разгубілася. У мяне было столькі пачуццяў, што ў выніку я не адчувала нічога. Было вельмі балюча за Жэню: у яго вялікая будучыня, ён вельмі здольны, ён шмат чаго дасягнуў за апошні год, і ў яго былі грандыёзныя планы. А тут у яго ні за што хочуць адняць чатыры гады. Пятнаццаць хвілін я плакала, а потым падумала, што трэба ісці нешта рабіць. Цяпер я брэнд-менеджар Жэні — пішу пасты, камунікую з людзьмі, звязваюся з міжнароднымі арганізацыямі».

З маці Яўгена праз узровень сюрэалізму яны нават крыху пасмяялася з суда. «У судовым працэсе мяне больш за ўсё раззлавала, што на просьбу адваката зрабіць экспертызу другога відэа, на якім Жэня быццам нападае на амапаўца, пракурор адказала, што гэта зацягне судовы працэс.

Гэта выклікала ў мяне істэрычны смех: у чалавека забіраюць чатыры гады жыцця, каб не зацягваць судовы працэс. Не разумею, як гэтым людзям потым спіцца па начах».

За апошнія месяцы Марта зблізілася з бацькамі Яўгена, цяпер яна гадзінамі размаўляе з яго бабуляй і абменьваецца з ёй паштоўкамі ў вайберы, а для малодшай сястры хлопца стараецца па магчымасці замяніць брата.

«Калі блізкі чалавек знаходзіцца ў небяспечнай сітуацыі, каханне да яго адчуваеш у сто разоў мацней, і гэта хочацца неяк кампенсаваць. Мне было няёмка і крыху сорамна за тое, што я не магу пайсці і сама аднесці яму перадачу, але я стараюся рабіць, што магу, і не даваць волю эмоцыям, бо ў турме Жэня, а не я, і мне не варта заганяць сябе таксама ў турму, толькі ментальную».

Тым не менш зрывы здараюцца: «У мяне бываюць упадкі, калі нічога не хочацца, а часам бывае такі агрэсіўны стан, калі ты не разумееш, чаму нельга зрабіць пэўныя крокі і ўсё гэта завяршыць, чаму ўсё гэта адбываецца і адбываецца менавіта з намі. Тады хочацца крычаць і ўсім пра гэта расказваць. Але потым выціраеш слёзы і працягваеш нешта рабіць».

Пакуль малады чалавек за кратамі, Марта знаходзіць падтрымку ў сяброў і загружае сябе справамі, каб рукі і галава ўвесь час былі занятыя, — пачала вучыць новую мову, шмат чытае і стараецца больш працаваць. Дзяўчына заўважыла таксама, што капіруе звычкі свайго хлопца, слухае падкасты, якія слухаў ён, і п’е каву, якую любіў ён. «Такія шматочкі збіраюцца ў нешта цэлае і дапамагаюць запаўняць яго адсутнасць». У сувязі з абвінавачваннем і прысудам ёй напісала шмат тых, хто ведае Яўгена, нават калі апошні раз яны кантактавалі некалькі гадоў таму.

«Я пачула пра яго шмат прыемных слоў, ён сапраўды неверагодны чалавек, і я ганаруся тым, што магу назваць яго сваім хлопцам». 

Ціхая, як яна сябе характарызуе, Марта, бо не любіць увагу, цяпер вымушана камунікаваць з вялікай колькасцю людзей. Дзяўчына заўважыла, што за апошнія месяцы стала больш смелай, упэўненай у сабе і стрэсаўстойлівай. «Пасля мамы Жэні мне ў гэтай сітуацыі, напэўна, цяжэй за ўсіх, але я стараюся падтрымліваць іншых, бо мне падаецца, што калі я засмучуся, то засмуцяцца ўсе. Я стала мацнейшай, але менш эмацыйнай — цяпер мне складаней плакаць над фільмам і нечаму радавацца. Гэты эмацыйны ступар і дапамагае, і перашкаджае».

Дзяўчына пасталела, прааналізавала адносіны з Яўгенам і вырашыла, што, калі яе хлопец выйдзе, іх стасункі, магчыма, будуць яшчэ лепшымі і ўсё гэта ў нейкім сэнсе пойдзе ім на карысць.

«Часам я настолькі ярка ўяўляю яго вяртанне і настолькі напаўняюся пачуццём шчасця… І калі ўспамінаю, што гэта, магчыма, толькі пачатак, мне становіцца вельмі сумна».

Цяпер яна хоча зрабіць усё патрэбнае, каб пасля выхаду Яўгена адразу адвесці яго да псіхолага, праверыць здароўе, накупіць яму новых рэчаў, накарміць да адвалу і забяспечыць хлопцу камфортную абстаноўку.

«Калі ён вернецца, я буду самым шчаслівым чалавекам, бо буду ведаць, што ён на свабодзе і ў камфорце. Я веру, што ў выніку тэрмін яго зняволення будзе меншы. Так што рухаемся далей, нягледзячы ні на што».

NN.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера