Знайсці
23.01.2021 / 11:41РусŁacБел

У Максіма рухаецца толькі кісць адной рукі, а ён у 20 год купіў вялізную кватэру ў Мінску і заахвочвае іншых не сядзець на дупе. Шчыры маналог 

Максіму 20 год, у яго СЦА — спінальная цяглічная атрафія. Ён амаль не кантралюе сваё невялікае, неразвітае цела: з таго, што ніжэй за шыю, рухаецца толькі кісць правай рукі. 

Але ў нейкім сэнсе Максім можа даць фору любому трэнеру асобаснага росту: пачаўшы жыццё ў запыленым пакоі рабочага барысаўскага інтэрната, хлопец ужо стаў уладальнікам вялізнай кватэры ў Мінску, машыны, словам, усяго таго, чаго ў матэрыяльным сэнсе хоча дасягнуць любы малады чалавек. 

А цяпер ён задумваецца над тым, каб стаць матыватарам для іншых. 

Як так выйшла? Мы запісалі з ім інтэрв'ю, якое падаем у форме маналогу. 

«Я нарадзіўся ў Барысаве. Мой бацька — хранічны алкаголік, я 7 год жыў з ім і мамай у цесным пакоі рабочага інтэрната. Жыць было, так скажу, не вельмі прыемна: ён піў, праяўляў агрэсію, ён цягаціўся мной і маці, было ясна, што мы не ўжывемся. Нават на маё 18— годдзе ён пазваніў не мне, а сваёй сястры, каб парадавацца, што больш не трэба плаціць аліменты.

Мы пераехалі да бабулі ў Любань. Маці выхоўвала мяне як звычайнае дзіця, маўляў, ну так, ёсць такі вось прыкол — ты не ходзіш, але галаве гэта не пашкодзіць.

Пра падлеткавы ўзрост нават няма чаго сказаць асабліва, я сядзеў дома. Мама запісвала мяне на ўсе магчымыя ў маёй сітуацыі гурткі, да мяне хадзілі трэнеры.

З цягам часу я зразумеў, што ў хваробы ёсць прагрэс і час мяне падціскае. Жыццё, нават такое, не бясконцае. Але сацыяльных ліфтаў для такіх, як я, у Беларусі няма. Што рабіць, калі не хочаш быць якарам? 

Вялізны ўплыў на фарміраванне асобы аказаў Сяргей Шчурко з «Прэсбола». Ён прывозіў беларускіх селебрыці, яны далі мне разуменне, што можна жыць не так, як у Любані, што ўяўленне аб радасцях жыцця не абмяжоўваецца купленым півам. 

Шчурко прывозіў спартоўцаў, моцных валявых людзей, з характарам. Я хацеў станавіцца як яны. Герасіменя, Домрачава — яны класныя, але простыя. Хіжынкову я таксама люблю, яна арганізоўвала дабрачынныя кірмашы, дзе прадаваліся нашы падзелкі. Я, канечне, разумеў, што я не Сальвадор Далі, але яна са Шчурко падбадзёрвалі, маўляў, калі будзем бізнэс арганізоўваць?

Бізнэс — гэта было нешта недасяжнае для мяне. Я з няўдалай сям'і, у нас мяса было раз на тыдзень, я даношваў рэчы за іншымі людзьмі. Як гэта — бізнэс? 

Разам з тым мне карціла адчуваць сябе мужчынам, браць на сябе адказнасць. Я хацеў прыняць гэтую ролю, рэалізавацца, нягледзячы ні на што. 

Шчурко ад фонду падарыў мне першы камп'ютар.

Я пачаў зарабляць першыя невялікія грошы на гэтак званых «оферах» — гэта, груба кажучы, прыцягненне нейкіх новых гульцоў у камп'ютарныя гульні, спосаб рэкламы, якім кампаніі нейкі час карысталіся, пакуль не зразумелі, што гэта малаэфектыўна.

Я зарабляў па сто даляраў у месяц і гэта ўжо было нямала. На частку грошай я купляў розную драбязу, «прыколы» — нейкія палічкі, шуфлядкі, непатрэбную фігню, якой у нас проста не было ніколі. 

Вядома, з маёй колькасцю вольнага часу я цікавіўся, дзе можна зарабіць у інтэрнэце яшчэ. 

Мне расказалі пра хітрую схему рэфаўндаў — вяртання грошай за атрыманыя пасылкі.

Працавала гэта так: нейкі чалавек у Кітаі выкладвае ў продаж штаны пад выглядам «Адыдаса», умоўна, за 25 даляраў, хаця цана ім — максімум 5 даляраў. Гэта не арыгінал, але ён падае іх як арыгінал.

Многія людзі купляюць іх, бо арыгінал каштаваў бы $100, а так яны задавальняюцца ілюзіяй, можа быць, і пашытай на тым жа заводзе. 

Але сэнс у тым, што калі мне прыходзілі гэтыя штаны, я пісаў адказ: вы абяцалі арыгінал, а прыйшоў не арыгінал, вяртайце мне грошы! З сотні пакупнікоў такі «разумны» мог быць толькі адзін я. Прадаўцу непатрэбны быў скандал, абмеркаванні на форумах, кепскія водгукі, таму ён вяртаў грошы, а штаны заставаліся ў мяне.

Так я вельмі добра, па мерках Любані, апрануўся за кароткі час, нейкія грошы ўдавалася адкладаць. 

У 17 год паставіў сабе задачу да 20 гадоў зарабіць 20 тысяч даляраў. Смешна сказаць, але тады я думаў, што калі ў мяне не атрымаецца, я скончу жыццё самагубствам. Я думаю, гэта ўплывалі абставіны — я жартую, што ў Любані ў кожнага ёсць думкі пра суіцыд. 

Поспех і шчасце было роўна для мяне матэрыяльнаму дабрабыту.

І вось я скончыў школу — скончыў добра, у атэстаце дзве васьмёркі, — але абвастрыліся пытанні здароўя: калі я буду сядзець на студэнцкай лаве шмат гадзін, гадамі, то гэта не будзе ўвязвацца з медыцынскімі рэкамендацыямі. Я пачаў шукаць свой шлях, ён аказаўся не зусім законным.

Гэтая схема з вяртаннем тавараў пачала даваць збоі. Калі кітаец вяртаў грошы, то ID твайго акаўнта трапляў у чорны спіс такіх дзялкоў, больш яны нічога не адпраўлялі. 

Патрэбны былі акаўнты, з якіх рабіліся множныя пакупкі, з вялікім рэйтынгам, каб прадавец бачыў, што, імаверна, гэта сапраўды нейкі брак. Я пачаў іх «уводзіць». Гэта цягнулася нейкі час. 

[Мы апускаем дакладнае апісанне махлярскіх схем, але, са словаў Максіма, яны ўжо і не спрацавалі б, бо продажныя пляцоўкі зразумелі, як з такім змагацца]

Але 15 ліпеня 2019 года ў нашы дзверы пагрукаліся з аддзела па барацьбе з кіберзлачыннасцю. Адкрывала мама, аператыўнікі задаюць пытанне: «Максім Сямашка тут жыве?» — «Тут». — «Дык хай выйдзе!» — «Ён не можа». — «Як гэта не можа? Угледзеў міліцыю і знішчае сляды злачынстваў?». 

Адштурхоўваюць маму, заходзяць да мяне ў пакой, а там сяджу я — у трусах, на вазку, з наколкамі. Нямая сцэна на хвіліну, а потым: «Ты Максім? Ну паказвай, чым ты тут займаешся». 

Аказалася, што міжнародныя спецслжубы арыштавалі серверы хакерскага форума, дзе я часам нешта пісаў і чытаў, і ўсе, чые ІР аказаліся скампраметаваныя, трапілі пад падазрэнні ў сваіх краінах.

Мяне апыталі, забралі тэхніку, я нічога не хаваў — расказаў, як ёсць, бо што тут хаваць, я ж не заблакаваў нічога, усё як на далоні.

Потым ужо мяне выклікалі ў Следчы камітэт, аказалася, што мае дзеянні кваліфікуюцца ажно па трох артыкулах у сферы высокіх тэхналогій. Але шкоды ў Беларусі нікому нанесена не было, пацярпелых не было — тыя кітайцы самі дзялкі, «Алі-экспрэс» на запыты органаў не адказаў, грамадскай небяспекі я не ўяўляў.

Мне яшчэ раз прапанавалі ўсё расказаць, як ёсць. Як расказаў, вырашалі, што са мной рабіць, і ўрэшце амніставалі. 

Гэтую гісторыю я расказаў на ютуб-канале вядомага беларускага хакера Паўловіча. І ўсё гэтае ананімнае хакерскае кам'юніці паставілася да мяне вельмі добра, пачалі скідаць мне грошы на блокчэйн-кашалёк — біткойны. Я проста сказаў, што мне гэтая валюта цікавая, што я сам тое-сёе спрабаваў купляць, на што хапала грошай.

І выйшла, што той біткойн скокнуў неймаверна, да 40 тысяч даляраў. Я купіў кватэру, вялікая, у «Мінск-Міры». Сябры падказалі, як паводзіць сябе з прадаўцамі: падрадчыкам сказаў, што ў асноўным офісе даюць танней, у асноўным офісе сказаў, што падрадчыкі даюць танней. Працэнтаў 20% ад цаны першаснай удалося скінуць. 

Я хачу жыць у Мінску, быць актыўным. Я не магу больш сядзець у інтэрнэце, я павінен развівацца сам як чалавек, хопіць слухаць чужыя інтэрв’ю. Праз прызму свайго досведу.

Ну і людзі мне трэба. У Любані толькі 11 тысяч чалавек жыве, моладзі мала, тых, хто мяне прыме і зразумее, — яшчэ менш.

У мяне праблема — хвароба прагрэсуе, трэба лекі даражэзныя, у Беларусі іх няма, хоць я пісаў у інстаграм Уладзіміру Макею. У МЗС мяне прымалі, сказалі, што могуць дамовіцца, каб лекі сюды паставілі, але нешта спынілася на ўзроўні Мінздароўя.

У Польшчы, напрыклад, нават мігрантам тыя лекі колюць. Я думаў пра пераезд, але ўсё ж не змог бы дараваць сабе яго. 

Дарэчы, 9 жніўня я выходзіў на плошчу ў Любані, я ж разумею, што трэба сістэму мяняць. Выйшлі мы са сцягамі, прыехала міліцыя, маіх сяброў забралі. Што са мной рабіць, не разумелі — імаверна, я са сваім вазком не ўлазіў у іх машыну.

Але я тады не ведаў, што людзям даюць суткі. Калі б ведаў, то стаяў бы да апошняга і не з'язджаў — у Салігорску ж пасля пікета Ціханоўскай проста адпусцілі людзей праз пару гадзін, я думаў, што і далей так будзе.

Таму мае планы тут — дабівацца лекаў, пачаць даваць нешта гэтаму свету, я спадзяюся, што далей усё будзе добра, мне будзе шанцаваць.

А аўдыторыі «Нашай Нівы» я б сказаў, што трэба рабіць усё магчымае і немагчымыя, чалавечыя магчымасці неабмежаваныя. Я б быў рад, каб людзі менш пілі, менш часу надавалі скролам стужкі інстаграма, а больш часу прысвячалі карыснай дзейнасці.

 

І галоўнае — не спыняцца, нават калі поспех у вашым разуменні прыйшоў, бо спыненне — лянота, пракрастынацыя. 

Калі чалавек нешта пачне рабіць пасля выхаду інтэрв’ю, я б быў вельмі рады, значыць, гаварылі не дарма». 

фота Івана Мураўёва

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930