Знайсці
20.01.2021 / 14:38РусŁacБел

«Прымушалі прызнацца, што прадаваў інфармацыю пра міліцыянераў». Судзяць былога начальніка крымінальнага вышуку

20 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна пачаўся працэс па справе Дзмітрыя Кулакоўскага, да жніўня 2020-га ён узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Па версіі следства, Кулакоўскі напісаў абразлівы каментар пад фота дзейнага аператыўніка ў суполцы «Карнікі Беларусі». Сам абвінавачаны кажа, што нават не ведае гэтага аператыўніка, нічога пра яго не пісаў, а справа цалкам сфабрыкаваная. Увосень Дзмітрый амаль месяц правёў на Акрэсціна, дзе яго ўтрымлівалі ў жудасных умовах у карцары. Там, па яго словах, прымушалі прызнацца, што ён спрабаваў прадаць інфармацыю пра дзейных супрацоўнікаў міліцыі.

«Лічу, што справа ў дачыненні да мяне сфабрыкаваная, паколькі звольніўся з органаў унутраных спраў паводле сваіх перакананняў. Да 18 жніўня я працаваў начальнікам аддзела крымінальнага вышуку Заводскага РУУС. Пасля падзей у жніўні зразумеў, што працаваць далей не змагу згодна з маральнымі прынцыпамі. Адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, у верасні выклаў фота (міліцэйскай формы на фоне сметніцы — заўвага Рэд.).

Мяркую, што супрацоўнікі УСБ вырашылі мяне правучыць, паказаць іншым супрацоўнікам, што не варта звальняцца, бо вось, што з імі будзе — так з'явілася гэтая справа. Мяне трымалі 27 сутак (у ізалятары — заўвага Рэд.), ад мяне патрабавалі прызнаць, што я спрабаваў прадаць інфармацыю пра супрацоўнікаў міліцыі, але я адмовіўся. Трымалі ў нечалавечых умовах, 25 сутак правёў у карцары без лекаў і медыцынскай дапамогі. Тым часам з дома забралі мой ноўтбук, ён не быў належным чынам аформлены пры ператрусе, у жонкі спыталі пароль, то-бок супрацоўнікі першапачаткова мелі доступ да камп’ютара, маглі зрабіць з ім усё, што заўгодна». 

Кулакоўскага абвінавачваюць у абразе аператыўнага супрацоўніка УСБ па прозвішчы Смаляр (арт. 369 КК, караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў). Па версіі следства, Кулакоўскі размясціў ганебны каментар пад фота дзейнага міліцыянера ў суполцы «Карнікі Беларусі». Пракурор зачытаў, што каментар супярэчыць агульначалавечай маралі.

Следчы цікавіўся ў Кулакоўскага і яго жонкі татуіроўкамі былога міліцыянта і паролем ад камп’ютара — гэта спалучэнне лічбаў «адзін», «чатыры» і два разы па «восем». Такое спалучэнне могуць выкарыстоўваць прыхільнікі неанацысцкай ідэалогіі, аднак сама па сабе лічба як дата, без удакладненняў, не з’яўляецца забароненай як экстрэмісцкі матэрыял.

«У мяне ёсць татуіроўкі кельцкіх скандынаўскіх сімвалаў, не ведаю, паралель з чым спрабавалі знайсці, — патлумачыў абвінавачаны ў судзе. — Пароль ад ноўтбука такі, таму што 1 красавіка 88-га года бацька ўпершыню адвёз мяне ў Маскву, гэта было запамінальна».

Упраўленне ўласнай бяспекі праваахоўных органаў дэталёва вывучае погляды дзейных супрацоўнікаў, аднак падчас службы пытанняў да Кулакоўскага з гэтай нагоды не ўзнікала.

Пацярпелы Смаляр на першае судовае пасяджэнне не з'явіўся, даслаў апавяшчэнне, што хварэе і папрасіў разглядаць справу без яго. Адвакат Наталля Тарасюк прасіла адкласці пасяджэнне да моманту, пакуль той паправіцца, аднак працэс усё ж працягнуўся. Таксама адзін са сведкаў, указана прозвішча Каліноўскі, просіць не выклікаць яго ў суд, бо лічыць, што ёсць пагроза яго бяспецы. Адвакат была супраць, але суд задаволіў просьбу.

Тарасюк звярнула ўвагу на тое, што падчас ператрусу ў кватэры Кулакоўскага забралі камп’ютар, але не запакавалі яго належным чынам у пакет, таму ёсць верагоднасць, што маючы пароль, на камп'ютар маглі ўнесці пэўную інфармацыю, якой раней не было. Да матэрыялаў далучана меркаванне праграміста, які падрабязна апісвае, што зрабіць гэта магчыма і іншай датай. Акрамя таго, паказанні аднаго з супрацоўнікаў УСБ па крымінальнай справе адрозніваюцца ад звестак, які той падаў па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Дзмітрыя Кулакоўскага.

Пасля вызвалення з ІЧУ былы міліцыянт быў дома, па выстаўленым абвінавачванні затрымаць яго не маглі (пад варту могуць узяць, калі пагражае звыш двух гадоў пазбаўлення волі). У снежні 2020 года Дзмітрый паспрабаваў выехаць з Беларусі, хоць яму быў часова абмежаваны выезд у сувязі з крымінальнай справай. Яго затрымалі на памежным пункце і пасля гэтага ўжо ўзялі пад варту.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930