У Лідскім судзе затрымалі людзей, якія прыйшлі падтрымаць электраманцёра Каспяровіча
Чытачы «Нашай Нівы» паведамілі, што сёння ў Лідскім судзе затрыманы каля васьмі чалавек, якія прыйшлі падтрымаць лідскага электраманцёра Івана Каспяровіча (ён вёў тэлеграм-канал «Ліда — дошка ганьбы»).
Дакладная прычына затрыманняў невядомая.
Адзін са сведкаў паспеў паведаміць, што затрыманне нібыта звязанае з эмацыйнай рэакцыяй людзей на прысуд Вітольду Ашурку — у тым жа судзе 18 студзеня суддзя Максім Філатаў прысудзіў Ашурку 5 гадоў калоніі. Людзі пачалі крычаць Філатаву «Ганьба!» і падтрымліваць Ашурка.
Чытайце: Актывіст з Лідскага раёна Вітольд Ашурак асуджаны на 5 гадоў калоніі
Абвяшчэнне прысуду Ашурку
Ці так гэта? Невядома.
Прадстаўнік МУС па Гродзенскай вобласці Яўген Дудко не адказаў «Нашай Ніве» нічога канкрэтнага.
«Так, людзі дастаўлены ў РАУС для правядзення праверкі ў рамках Адміністратыўнага кодэкса, за што канкрэтна, пакуль сказаць не магу, колькі чалавек затрымана, таксама сказаць не магу — кагосьці пасля размовы ўжо адпусцілі», — сказаў Дудко.