Знайсці
15.01.2021 / 15:48РусŁacБел

У галоўнага рэдактара крычаўскага «Вольнага горада» правялі агляд і забралі камп’ютар

Вечарам 14 студзеня ў кватэру галоўнага рэдактара крычаўскай маланакладнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для правядзення агляду жылога памяшкання.

 Пастанова, якую яны прад’явілі, падпісаная пракурорам Крычаўскага раёна Леанідам Палевічам, паведамляе БАЖ.

Паводле Няроўнага, падставай для правядзення агляду ў кватэры стаў размешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымак групы жыхароў райцэнтра, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама. Сярод удзельнікаў акцыі супрацоўнікі міліцыі нібыта ўбачылі чалавека, вельмі падобнага да Няроўнага.

«На фота выява шасці чалавек, якія стаяць з вялізным бел-чырвона-белым сцягам насупраць будынка райвыканкама — адзін з гэтых людзей з вусамі. Міліцыянты палічылі, што ён падобны да мяне. Фота нібыта зроблена 13 студзеня, прычым у светлы час сутак. Я лічу, што, хутчэй за ўсё, гэта фоташоп», — распавёў Сяргей Няроўны карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ».

Аглядалі кватэру Няроўнага супрацоўнікі Крычаўскага РАУС Эдуард Краўцоў і Сяргей Ягораў. Агляд працягваўся каля дзвюх гадзін, дзеянні міліцыянтаў фіксаваліся на відэарэгістратар. Паводзілі сябе яны прыстойна, ніякіх пагроз не прамаўлялі, кажа журналіст.

Але цікавіліся, на якія сродкі жыве Няроўны, ці ездзіць ён у Мінск на пратэсныя акцыі, чальцом якой партыі з’яўляецца. Журналіст адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі.

У выніку міліцыянты забралі ў Няроўнага камп’ютар, хоць ён не даваў на гэта сваёй згоды. Пры гэтым не пакінулі ніякага дакумента пра вынятак тэхнікі, толькі паведамілі, што забіраюць «на экспертызу». Яна павінна адбыцца на працягу месяца.

«Мне не далі ніводнай паперы. Я абавязкова буду пісаць скаргу ў пракуратуру», — адзначыў Сяргей Няроўны.

Таксама праваахоўнікі паведамілі Сяргею Няроўнаму, што ў дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства (паводле арт. 23.34 КаАП). Быў складзены пратакол апытання.

Журналіст лічыць, што крычаўскія міліцыянеры спадзяюцца знайсці ў яго камп’ютары нейкія кампраметуючыя матэрыялы. У Крычаве пасля жніўня рэгулярна праходзяць «партызанскія» акцыі пратэсту, але міліцыя пакуль не можа знайсці іх удзельнікаў. У міліцыі чамусьці палічылі, што журналіст можа быць датычны да арганізацыі акцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930