Знайсці
12.01.2021 / 16:11РусŁacБел

«Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расіі». У Гродне пачаўся суд за бойку з амапаўцамі

Падзеі ў Гродне 6 верасьня

12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гродна судзяць 5 чалавек за падзеі 6 верасьня. Адна з падсудных заявіла, што невядомыя ў чорным, якіх у судзе назвалі амапаўцамі, крычалі, што прыехалі з Расеі, піша «Радыё Свабода».

На лаве падсудных — браты Уладзімер і Юры СедзянеўскіяАляксандар Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сьцяпанцава. Іх абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Непадпарадкаваньне супрацоўнікам пры выкананьні імі службовых абавязкаў). Справа распачата за падзеі ў Горадні 6 верасьня, піша «Вясна».

Працэс вядзе судзьдзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Прычым ніхто зь іх на першае судовае паседжаньне не прыехаў. Суд пастанавіў выклікаць іх на другое. Пры гэтым прозьвішчы амапаўцаў у справе зьмененыя, гэта тлумачыцца «мерамі бясьпекі».

Хто абвінавачаныя і што напісана ў пратаколах?

  • Уладзімер Седзянеўскі, мае траіх дзяцей 1, 7 і 9 гадоў. «Нібыта «натхняў» навакольных, нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 рублёў і тралейбуснаму парку ў памеры 51 рубля. Разам зь іншымі выштурхоўваў супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікаў іншых грамадзянаў да непадпарадкаваньня, што заахвоціла іх кідаць камяні».
  • Юры Седзянеўскі, мае дваіх дзяцей 2 і 7 гадоў, інжынэр. «Меў намер на ўжываньне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАПу».
  • Аляксандар Якубоўскі, двое дзяцей 2,5 і 4 гады, дырэктар прыватнай фірмы. «Прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, перашкодзіў службовай дзейнасьці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненьнем гвалту да іх, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоціў да гвалтоўных дзеяньняў, прычыніў фізычны боль».
  • Жанна Захаркевіч, двое дзяцей 14 і 16 гадоў. Абвінавачаньні падобныя з тымі, што выставілі Юрыю Седзянеўскаму.
  • Надзея Сьцяпанцава, мае сына 17 гадоў. «Перашкодзіла службовай дзейнасьці 12 супрацоўнікам АМАПу. Пагражала прымяненьнем гвалту да супрацоўнікаў, ударыла аднаго па твары. З-за далейшага ўдзелу ў шэсьці да ўнівэрмагу «Берасьце» аўтапарку нанесьлі шкоду памерам у 61 рубель».

Што кажуць абвінавачаныя?

Аляксандар Якубоўскі сказаў, што ў той дзень (шостага верасьня) ён накіроўваўся ў кампутарную акадэмію «Шаг», каб запісвацца на курсы, і ўбачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Якубоўскі сьцьвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства ня чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадзкі парадак. Ніхто нікога не папярэджваў аб якіх-небудзь парушэньнях заканадаўства. Яго асабіста схапіў невядомы ў балаклаве, без усялякіх апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусьціў. Ніякіх мэтавых дзеяньняў людзі не рабілі, проста інтуітыўна ўзяліся за рукі, калі на іх наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы. Якубоўскі адказаў на пытаньні пракурора і заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненьні да мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазьней аштрафавалі на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.

Далей адбыўся допыт Надзеі Сьцяпанцавай. Яна сказала, што акрамя роднай сястры Жанны Захаркевіч, іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня зьбіралася паехаць у гандлёвы цэнтр, на вуліцы Гарнавых убачыла групу людзей, якая мірна ішла па тратуары, нічога не парушаючы. Ніхто нікога ні пра што не папярэджваў, убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі на людзей газам. Распавяла, што перажыла тады шок ад распыленага газу і брутальных дзеяньняў людзей у чорным. Калі большасць людзей разьбеглася, пачалася бойка з людзьмі ў чорным (амапаўцамі).

Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі, потым гэта крычалі і іншыя і пры тым яны «брудна» лаяліся матам. Ніхто з людзей не наносіў удараў невядомым, наадварот, гэта яны білі людзей. Сьцяпанцава бачыла, як адзін з іх душыў чалавека каленам.

Ніякіх удараў ім Сьцяпанцава не зьдзяйсьняла. У яе спаўзла сумка з правага пляча і давялося зьдзейсніць рух, каб утрымаць сумку, — менавіта гэта дзеяньне следзтва палічыла чамусьці «ўдарам». Толькі 10 лістапада Сьцяпанцаву выклікалі ў Следчы камітэт, і тады яна даведалася, што праходзіць па крымінальнай справе.

Пасьля гэтага ў паседжаньні абвясьцілі перапынак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера