Знайсці
12.01.2021 / 11:38РусŁacБел

Якой павінна быць новая беларуская паліцыя? Распыталі экс-следчую, якая цяпер працуе над рэформай МУС

Беларуска Святлана Хілько ўжо шэсць год жыве ў Сан-Францыска. Да пераезду ў ЗША яна разам з мужам цягам 10 год адпрацавала ў праваахоўных органах, адкуль звольнілася ў званні капітана. У пачатку лета-2020, як і многія беларусы замежжа, яна актыўна ўключылася ў перадвыбарчую гонку. Спачатку проста хацела расказаць былым калегам, як працуе паліцыя у ЗША і Канадзе, а ў выніку сабрала вакол сябе вялікую каманду экспертаў — амаль стартап у найлепшым стылі Крэмніевай даліны, задачай якой стала праграма па рэфармаванні МУС. Цяпер Святлана з камандай адказная за гэтую сферу ў камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ).

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Святлана распавяла, чаму ў свой час расчаравалася ў абранай прафесіі і якой бачыць ідэальную паліцыю будучыні для роднай краіны. 

— Раскажыце, чаму пасля школы вы вырашылі паступаць менавіта ў Акадэмію МУС?

— Ведаеце, нягледзячы на тое, што сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што з’яўляюся юрыстам па прызванні (мне вельмі падабалася і падабаецца разбірацца ў юрыдычным заканадаўстве, я люблю дэбаты па тэме), у 17 год я ўсё ж не да канца асэнсоўвала свой выбар. Проста на той момант я сустракалася з хлопцам, старэйшым на мяне за два гады. Было вялікае першае каханне. Карацей, спачатку ён паступіў у акадэмію, а я пайшла следам за ім.

Але падсвядома, думаю, на мой выбар аказала ўплыў сям’я. Бацька таксама служыў у органах, яшчэ часы Юрыя Захаранкі заспеў. Абодва дзядулі служылі ў ваенна-марскім флоце. Я імі вельмі ганарылася. Праўда, якраз бацька не быў асабліва рады майму выбару прафесіі. Перш-наперш таму, што я дзяўчынка, і служба ў міліцыі мне будзе давацца цяжка фізічна. Аднак у нашай сям’і панавала свабодная атмасфера, ніхто з бацькоў ніколі не ціснуў на нас з братам, не абмяжоўваў у прыняцці самастойных рашэнняў. 

Святлана з бацькамі і братам.

— Перасцярогі таты спраўдзіліся?

— Мне вельмі падабалася вучыцца. Я скончыла акадэмію на выдатна. Пасля атрымання ступені бакалаўрыята ў судова-пракурорскай, следчай дзейнасці паступіла ў магістратуру на крыміналістыку і расследаванне злачынстваў у сферы страхавога махлярства. Хацела ісці далей, у ад’юнктуру, займацца навуковай дзейнасцю. Але мяне спынілі: тады сказалі, што квота на дзяўчат скончылася, патрэбныя былі толькі хлопцы. Карацей, па мне ўдарыла гендарная няроўнасць, і гэта стала першым момантам расчаравання ў акадэміі, як бы я ёй ні была ўдзячная.

Што тычыцца працы далей, то па жыцці мне цікавыя выпрабаванні. Калі я раблю максімум з таго, на што здольная. Калі спрабую нешта новае. Для сябе я гэтыя моманты ў прафесіі знаходзіла. Аднак мінусаў таксама хапала. Па-першае, стаўленне кіраўніцтва.

Я прыйшла працаваць следчай у Першамайскае РУУС. На той момант яго узначальваў Іван Васільчанка. Раніцы, калі я заступала на суткі, пачыналіся з выслуховаўння яго абразаў, крыкаў наконт таго, што ўсе мы проста тупыя, ніякія. Для мяне такое стаўленне абсалютна не сумяшчальнае з прафесіяй праваабаронцы і проста з чалавечай годнасцю.

Фізічных цяжкасцяў таксама хапала. Пачынаючы ад начных дзяжурстваў, якія самі па сабе мне даваліся няпроста. А калі трэба спаць у бараку за Першамайскім судом на крэслах, засланых бушлатам, пасля ехаць на выклік, дыхаць цыгарэтамі, бо ўся аператыўная група паліць, а ты не, праводзіць агляд месца здарэння ў кватэры без святла з прусакамі, гэта ўсё падрывае. Для людзей у сістэме не створаныя нават умовы для адпачынку, няма павагі, і гэта з гадамі можа зламаць любога.

— Таму вы сышлі пасля 10 год? 

— З цяжкасцямі прафесіі можна жыць, гэта не піянерскі лагер. Але стаўленне да супрацоўнікаў як да смецця складана прыняць. Я лічу, што кожны чалавек, нават апошні злачынец, заслугоўвае павагі, а яе не было. Гэта асноўны фактар звальнення. Хоць я не сышла пакрыўджанай на сістэму, але сістэма нічога не зрабіла, каб даць мне рэалізавацца. А мне хацелася.

Самае сумнае, што калі я звальнялася, у мяне, як і ў майго мужа (ён адпрацаваў у крымінальным вышуку пяць год), ніхто нават не спытаў, а чаму, а ці можна нас неяк захаваць як спецыялістаў. У Беларусі так і дагэтуль: каштоўнасці чалавечага капіталу няма, сыходзь — мы знойдзем табе замену. І няважна, што ты класны прафесіянал. Да людзей ставяцца як да расходнага матэрыялу.

Мы спрабавалі з мужам займацца выдавецкім бізнэсам. Было нялёгка. Жылі ў аднапакаёўцы. З мэблі ў ёй стаяла адна канапа, стол, старая кухня, якую мы забралі з падвала маці. Памятаю гэтае адчуванне, калі грошай зусім няма, ты набываеш адзін яблык у краме, хочаш з’есці фрукт сама, але не можаш, таму што трэба аддаць сыну. А пасля мы, нават не разлічваючы асабліва, выйгралі грын-карту. Мы доўга думалі, ехаць у ЗША ці не, але падштурхнула мая маці. Прамым тэкстам сказала: «Сабралі рэчы, купілі квіткі і на выхад, каб я вас не бачыла» (пасміхаецца). Канечне, ёй было цяжка нас адпускаць, але нам яна пра гэта не казала. 

— Вы цяпер працуеце тэсціроўшчыцай у кампаніі, якая займаецца праграмным забеспячэннем для беспілотных аўто. Да гэтага рабілі ў Groupon і Microsoft. Кар’еру ў новай для сябе IT-сферы вы пачалі ўжо за мяжой?

— Прыйшлося ўсё ў прамым сэнсе пачынаць з нуля. Бо каб працаваць у ЗША юрыстам, трэба здаць цяжкі экзамен. Да яго прыйшлося б рыхтавацца мінімум тры гады і мець пры гэтым ідэальную англійскую мову, чаго ў нас не было ні тады, ні яшчэ цяпер нават. 

Мы былі гатовыя на любую працу, але рызыкнулі прыехаць у Крэмніевую даліну, адвучыліся на кароткіх трохмесячных курсах тэставання праграмнага забеспячэння. І вось так мы пачалі працаваць тэсціроўшчыкамі, усё атрымалася. Па першым кантракце нам плацілі 18 даляраў у гадзіну, і тады здавалася: навошта нам столькі, куды гэта падзець (пасміхаецца).

— Што з дзеянняў сілавікоў, вашых былых калег, у Беларусі апошнім часам найбольш уразіла ў негатыўным і пазітыўным плане?

— Негатыву было шмат. Усе гэтыя катаванні, забойствы, страх… Асабліва выбіла з сябе забойства Рамана Бандарэнкі. На той момант у нас ужо сфармавалася каманда, якая працуе над рэформай беларускага МУС. Мы стэлефаноўваліся і плакалі. Было пачуццё жудаснай несправядлівасці. Як юрыста мяне гэты глыбока зачапіла, бо я выдатна разумею, што павінна быць інакш. Праца міліцыі павінна быць настроеная на тое, каб аднаўляць справядлівасць, а не наадварот. Крыўдна, што не знайшлося супрацоўнікаў, якія маглі б падняцца і абараніць людзей тут.

Моманты гонару таксама былі. Калі даведвалася, што твой калега застаўся добрым, прыстойным чалавекам. Гэта тыя людзі, якія выйшлі на сувязь з намі ці перасталі працаваць у сістэме, ці, калі і не звольніліся, то далі зразумець, што збіраюць доказы злачынстваў, што яны з народам.

— Раскажыце, хто ўваходзіць у каманду распрацоўшчыкаў рэформы, хто гэтыя людзі?

— У камандзе, якая непасрэдна займаецца напісаннем плана рэформ, 20 чалавек. Гэта вельмі разнастайны калектыў: тут і былыя супрацоўнікі спецпадраздзяленняў, тыя, хто блізка камунікуе з АМАП, следчыя і проста экс-міліцыянеры. А таксама іншыя асобы, якіх я не называю ў мэтах іх жа бяспекі.

Кожны з членаў нашай каманды мае шырокае кола знаёмых у сістэме МУС і атрымлівае адтуль сігналы падтрымкі (інакш мы не займаліся б рэформамі).

Пра неабходнасць перамен самі супрацоўнікі кажуць дзесяцігоддзямі. Яшчэ ў часы маёй працы паўтаралі як мантру: трэба прыбраць палачную сістэму. Але да гэтага часу нічога не зроблена. Затое адбываецца яшчэ большы раскол унутры: мне, напрыклад, вядома пра следчых, якія больш не хочуць ездзіць на дзяжурствы ў РУУС, бо не жадаюць камунікаваць з міліцыянерамі, што ўдзельнічалі ў катаваннях. 

Акрамя таго, у нас моцная міжнародная падтрымка, кола кансультантаў, якія каментуюць ужо напісанае. Я пастаянна трымаю кантакт і з паліцэйскімі ў ЗША, і з тымі, хто праводзіў рэформы паліцыі ў іншых краінах — Украіне, Грузіі (напрыклад, гэта Хація Дэканаідзэ). Многія эксперты ужо адзначаюць, што рэформа, якую пішам мы, куды вышэйшая па ўзроўні, чым усё тое, што было зроблена раней у іншых краінах.

— Якія канкрэтна памылкі іншых краін, дзе рэфармавалі гэтую сферу, вы ўжо ўлічылі?

— У нас у любым выпадку адрозніваецца галоўная праблема, якую мы хочам вырашыць. У Грузіі змагаліся са зладзеямі ў законе, ва Украіне была моцная нізавая карупцыя, у Беларусі ж на парадку дня — незаконныя метады вядзення следства, парушэнне правоў чалавека (фізічны гвалт, катаванні і гэтак далей). Калі браць агульную філасофію, наша міліцыя павінна ператварыцца у паліцыю і быць не палітычнай сілай, інструментам прыгнятання, а сэрвісам па абароне людзей. Людзі павінны ўплываць на выбар паліцэйскіх, удзельнічаць у кіраванні службай. Ведаць усё пра яе заробкі, куды яны сыходзяць. Абавязковая таксама дэмілітарызацыя: сёння міліцыя — гэта армейская структура, і спосаб менеджмента ў ёй армейскі, так не павінна быць.

Што тычыцца катаванняў і жорсткага абыходжання — абавязковая наяўнасць нацельных камер, відэакамер у РУУС, бесперашкодны доступ праваабарончых арганізацый ва ўсе будынкі праваахоўнай сістэмы. Каб мець магчымасць ведаць, ці працуюць паліцэйскія па правілах.

Эфектыўнасць сістэмы павінна будавацца так, каб не залежыць ад людзей, якія кіруюць ёй. У ЗША у Трампа быў і ёсць патэнцыял стаць дыктатарам: калі б ён мог саджаць людзей у турмы, ён бы з задавальненнем гэта рабіў. Але яму не дазваляе процівага ў краіне, у яго няма такой неабмежаванай улады, як у Лукашэнкі.

Святлана з мужам і сынам.

— Хто, на ваш погляд, павінен узначаліць новую паліцыю?

— На гэты конт мы ў камандзе дэбатуем. На мой погляд, галоўны крытэрый — добры ўпраўленец. Не ў савецкім сэнсе, а ў плане менеджарства. На чале можа быць і грамадзянская асоба, не бачу прычын, чаму кіраўнік МУС абавязкова павінен насіць пагоны. Калі трэба, ён зможа прайсці патрэбныя трэнінгі — па працы з рэжымам сакрэтнасці, напрыклад. 

На сёння беларуская цэнтралізаваная ўлада — вялікая праблема. Усе загады прыходзяць зверху ўніз, і ў выніку начальнік РАУС ва ўмоўных Ляхавічах лічыць, што ні за што не адказвае, бо проста выконвае загад. Гэтаксама у нас кажуць усе дзяржслужачыя. І гэта трэба выправіць. Людзі самі павінны выбіраць сабе мэра з мясцовых жыхароў, а грошы на паліцыю павінны ісці з мясцовага бюджэту, а не з Мінска.

У ЗША ўвогуле з паліцэйскімі наступная практыка. Два невялікія гарады знаходзяцца побач. У горадзе А паліцыя працуе дрэнна, а ў горадзе Б — добра. І жыхары А вырашаюць, што яны лепш складуць дамову з шэрыфам з суседняга офіса. Гэта стварае канкурэнцыю: паліцэйскія асэнсоўваюць, што калі яны будуць дрэнна выконваць свае абавязкі, то проста пазбавяцца працы. Паспяховасць такой мадэлі паказвае, што адсутнасць манаполіі важная не толькі для камерцыйных прадпрыемстваў, але і ў дзяржсектары.

— Вы казалі пра тое, што супрацоўнікі МУС самі даўно кажуць пра неабходнасць перамен, падтрымліваюць дзеянні НАУ. Але тыя, з кім я сутыкалася жыўцом, ніяк на гэта не намякалі. Наадварот, актыўна выказваліся ў абарону дзейснай сістэмы і супраць хоць якіх адхіленняў ад абранага курсу…

— Натуральна, там ёсць людзі, якіх усё задавальняе. Але на тое ёсць прычыны. Па-першае, у тую ж Акадэмію МУС апошнія гады назіраецца вельмі нізкі конкурс, гэта ўплывае на агульны ўзровень адукаванасці будучых супрацоўнікаў.

Акрамя таго, сістэма здольная зламаць, калі ты ў ёй доўга працуеш. Ты прыходзіш у яе з нейкімі маральнымі прынцыпамі, разумееш, што біць людзей нельга. А пасля ты глядзіш — адзін калега у суседнім кабінеце б’е, другі, яшчэ і начальнік кажа, што трэба было ўдарыць. І супрацьстаяць гэтаму асяроддзю зможа не кожны. Калі ты хочаш захаваць працоўнае месца, ты пагаджаешся на прынятыя правілы гульні. 

Таксама на кожным узроўні людзей апрацоўваюць фэйкамі. Спецпадраздзяленням пастаянна ўключаюць БТ, яны жывуць у закрытым калектыве, дзе прытрымліваюцца пэўнай ідэі.

А пасля ж ты павінен неяк апраўдваць тое, што робіш. Прызнацца сабе ў тым, што страшна быць пазбаўленым месца працы, ільгот, страшна не знайсці сябе на новым месцы — складана. Ты шукаеш іншыя прычыны, чаму застаешся працаваць у сістэме. І для гэтага выдатна падыходзіць ідэалогія з лялькаводамі і іншымі фэйкамі — так вынаходзіцца вялікая місія абароны дзяржавы. Хай я сёння ўдарыў змагара, але ж глабальна выратаваў краіну!

— Якім вы бачыце пакаранне для ўсіх датычных да катаванняў сілавікоў? 

— Я разумею беларусаў, якія непасрэдна сутыкнуліся з гвалтам: ім хочацца не проста звольніць усіх з органаў, ім хочацца, каб гэтыя людзі зніклі з Беларусі. Але з халоднай галавой ты разумееш, што ў доўгатэрміновай перспектыве такія эмоцыі не прынясуць нічога добрага: звольніць 120 тысяч чалавек разам з унутранымі войскамі немагчыма. Звольніць усіх, несправядліва. 

Будуць праведзеныя маштабныя расследаванні і мы прыкладзём максімум высілкаў, каб знайсці і прыцягнуць да адказнасці усіх злачынцаў. Мы шчыльна супрацоўнічаем з ініцыятывай BYPOL, у іх распараджэнні — гігабайты доказаў, якія нават не паспяваюць апрацоўваць. Хутчэй за ўсё, у межах рэформ будзе створаная асобная структура па расследаванні злачынстваў рэжыму. Прычым не толькі 2020-га, а за ўсе 26 год. 

Усё гэта тычыцца і суддзяў. Хто будзе судзіць замест іх? Мы неяк абмяркоўвалі, што нават калі зараз звольніць усіх дзейсных беларускіх суддзяў і замяніць іх на новых з ліку пяцікурснікаў і выпускнікоў юрфака БДУ — горш не будзе.

Але і ў справе глабальнага суда я за прыцягненне міжнародных экспертаў. Таму што людзі звонку маюць магчымасць захоўваць аб’ектыўнасць, выключыць эмоцыі. Нават у мяне гэтая тэма моцна баліць, а што адбываецца ў беларусаў унутры краіны, я нават не ўяўляю.

— Навошта вы далучыліся да НАУ? Як вы самі сабе адказваеце на гэтае пытанне? Мабыць, вы бачыце сябе недзе ў кіраўніцтве «новай» Беларусі? 

Ведаеце, у нас з мужам поўны працоўны дзень у нашых кампаніях, 11-гадовы сын — добра, што ён хаця б вельмі самастойны і заматываваны, сам закрывае ўсе школьныя пытанні. І з маім уключэннем у палітычны парадак я стала куды менш эфектыўнай на асноўнай працы. Гэта не здорава, але я ўсё адно не магу абстрагавацца: пастаянна думаеш пра падзеі ў Беларусі. Тым больш у мяне там маці і брат. Думаеш пра тое, што беларусы заслугоўваюць большага, бо яны рэальна класныя. Я пасля пераезду асэнсавала гэта асабліва выразна: у нашым асяроддзі шмат людзей, менш адукаваных і здольных, але ўсе яны маюць добрыя заробкі і шмат магчымасцяў.

У мяне ёсць досвед працы ў міліцыі, я разумею, як працуе гэтая сістэма, ёсць доступ да міжнародных экспертаў — хто, калі не я? Мы дзейнічаем выключна як валанцёры, ніякіх уласных амбіцый у мяне няма: я самарэалізаваны чалавек. Як толькі справа будзе скончаная, я перадам усе напрацоўкі таму, хто будзе займацца рэалізацыяй рэформ.

Беларусь можа стаць першым прыкладам якасна праведзенай рэформы, і гэта мяне моцна матывуе — дапамагаць гэтаму працэсу.

— Калі рэформа будзе дапісаная? Што вы перш-наперш збіраецеся рабіць з гэтым планам пасля?

— Гэта будзе неўзабаве. План будзе апублікаваны, мы ўжо цяпер пішам серыю эсэ, якія можна знайсці на сайце НАУ. Раскрываем там некаторыя ідэі. Поўны праект рэформы таксама выкладзем у адкрыты доступ. Ну і калі дойдзе да рэалізацыі, у нас гатовыя дарожныя карты на першы этап.

У любым выпадку тое, ці зможам мы гэтыя рэформы ажыццявіць, залежыць ад саміх беларусаў унутры краіны. Так, дапамогуць санкцыі, міжнародны ціск, але самім беларусам трэба працягваць аб’ядноўвацца, не ўпадаць у дэпрэсію і замест таго, каб казаць, што нешта здзьмулася, лепш нагадваць сабе, які велізарны шлях грамадства прайшло са жніўня. Канечне, я не да канца маю права са сваёй камфортнай зоны даваць такія парады. Я разумею, што людзям цяжка, рэпрэсіі вялікія…

Аднак трэба зразумець, што дэмакратыя — гэта праца на кожны дзень. Нават калі мы ўжо пераможам, рэформы прыйдзецца ажыццяўляць ужо куды большай колькасці людзей. І трэба будзе пастаянна цікавіцца тым, што адбываецца навокал, чытаць законы, уступаць у грамадзянскія камісіі нагляду за паліцыяй, праяўляць ініцыятыву ва ўсім… Хаця б адзін момант будзе не дагледжаны, прапушчаны — і дыктатура ці нейкая іншая дрэнная форма кіравання можа вярнуцца ізноў. Толькі так гэта працуе.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера