Знайсці
08.01.2021 / 16:31РусŁacБел

Што гэта за культурны хаб «Ок16», які прыпыніў працу

Адразу некалькі арандатараў, што праводзілі свае імпрэзы ў папулярнай арт-прасторы «Ок16» на тусовай Кастрычніцкай вуліцы, паведамілі пра адмену запланаваных мерапрыемстваў і скасаванне дамоў. Імаверная прычына — прадпісанне МНС. Сам жа хаб, паводле прадзюсаркі яго праектаў Іны Кавалёнак, прыпыніў працу яшчэ летам. Расказваем, што гэта за месца і чым яно вядомае.

Фота з сайта artbelarus.by

Свае спектаклі раптоўна адмяніла кампанія «Арт Карпарэйшн», а Сучасны мастацкі тэатр, які са жніўня памяняў тры пляцоўкі, пасля сыходу з «Ок16» увогуле абвясціў аб прыпыненні дзейнасці. Як піша Іна Кавалёнак у сваім фэйсбуку, каманда хаба вырашыла спыніцца яшчэ летам: «З часоў веснавога каранціну мы сышлі ў анлайн. Працавалі. Сітуацыя з каранавірусам не паляпшалася, а з перадвыбарнай кампаніяй закручвалася. Культжыццё стала не так цікавае публіцы. Потым ў чэрвені пачаўся ціск на партнёрскія праекты Белгазпрамбанка».

Тры завадскія памяшканні па адрасе Кастрычніцкая, 16 у сакавіку 2017 года купіў Белгазпрамбанк. Тады ён ужо быў вядомы карпаратыўнай калекцыяй з Шагалам і Суціным, падтрымкай міжнароднага тэатральнага фестывалю «Тэарт» і «Восеньскім салонам» з адсылкай да парыжскіх «Веснавых салонаў».

Высокія столі і адсутнасць калон дазволілі ператварыць прастору ў тэатральную залу і зрабіць яе прыдатнай для пастановак эксперыментальнага тэатра. Сапраўды, за час існавання «Ок16» сегмент альтэрнатыўнага беларускага тэатра ўмацаваўся. Тут былі пастаўлены спектаклі, якія сталі аднымі з найлепшых за апошнія гады, — «Вартавыя Тадж-Махала», «Крыжовыпаходдзяцей» ці «З вучылішча». Відавочна, сёння «Ок16» з’яўляецца самай прыдатнай пляцоўкай для тэатральных труп «у выгнанні». 

У той жа час хаб мае шэраг памяшканняў, дзе адбываюцца як тэатральныя фестывалі, так і канцэрты акадэмічнай музыкі, маштабныя выставы, адукацыйныя мерапрыемствы, IT-канферэнцыі ды іншае.

Паводле задумы прастора мусіла стаць культурным інкубатарам і культурным акселератарам. «У інкубатары маладым камандам даецца шанец з нуля на льготных умовах стварыць, напрыклад, свой бізнэс. Акселератар — месца, куды прыходзіць ужо жывы праект, каб вырасці ў якасці, памерах і эфектыўнасці. Мы хочам стаць своеасаблівай пясочніцай, куды можна прыйсці і з нуля нешта стварыць, але асноўная наша мэта — дапамагчы вырасці праектам, якія ўжо існуюць», — тлумачыў у 2018 годзе кіраўнік праекта Георгій Заборскі.

За кароткі час «Ок16» стаў самай прэстыжнай альтэрнатыўнай культурнай пляцоўкай горада. Летам 2019 года яе арт-дырэктарам стала Марыя Калеснікава, яна ж заспела крызіс праз пандэмію — тады каманда прасторы перайшла на 90-працэнтную дыстанцыйную працу і шчыльна занялася сваёй прысутнасцю ў віртуальнай прасторы. Як аказалася, вярнуцца да паўнавартаснай працы ёй не давялося.

Месяц таму кінафестываль Watch Docs Belarus мусіў тэрмінова пераносіць свае мерапрыемствы з «Ок16» у іншыя месцы праз, як тлумачылася, рамонтныя работы. Цяпер спынена не толькі праца каманды «Ок16» — відаць, будынку таксама забаронена здаваць у арэнду свае памяшканні.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера