Знайсці
06.01.2021 / 16:22РусŁacБел

«Я — худзенькая дзяўчына, 50 кілаграмаў, а ён — дарослы мужчына»: 29-гадовую берасцейку судзяць за гвалт над міліцыянтам

Берасцейцы Дар'і Паляковай — 29 гадоў, яна працуе на адным з буйных харчовых прадпрыемстваў Брэста. У 2019 годзе муж Паляковай памёр, і яна засталася адна з двума маленькімі дзецьмі. Раніцай 6 студзеня над ёй пачаўся суд за гвалт над міліцыянтам, паведамляе Брэсцкая газета.

Паводле версіі абвінавачвання, Дар'я Палякова з помсты ўжыла ў дачыненні да супрацоўніка гвалт, прычыніла яму фізічны боль і пабоі і парвала куртку.

Паводле версіі абвінавачвання, днём 25 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Брэсце Палякова, з'яўляючыся ўдзельніцай несанкцыянаванай акцыі пратэсту, падчас затрымання іншага ўдзельніка акцыі Аляксандра Сахарука здзейсніла злачынства, якое трапляе пад артыкул 364 КК «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». «З помсты за выкананне міліцыянтамі службовых абавязкаў» яна гучна крычала і выказвала незадаволенасць ад затрымання Сахарука, ужыла ў дачыненні да міліцыянта Аляксея Гарунова гвалт, «прычыніла яму фізічны боль і пабоі» і парвала форменную куртку коштам 104 рублі 50 капеек — калі казаць дакладней, у форменнай вопратцы па шве разышоўся рукаў.

На судзе Дар'я Палякова распавяла, што ў той дзень ішла ў госці. На Савецкай яна пачула крыкі аб дапамозе і ўбачыла, што затрымліваюць Аляксандра Сахарука, якога яна даўно ведае і вельмі паважае. І Дар'я, і Аляксандр Міхайлавіч з'яўляюцца членамі прафсаюза РЭП.

Яна кінулася на дапамогу — прызнаецца, што «напэўна, спрацаваў інстынкт», бо Сахарук зваў на дапамогу. Крыху пазней яе выцягнула з натоўпу кіраўнік абласнога аддзялення прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк. Пасля гэтага Дар'я пайшла па сваіх справах, а на скрыжаванні Савецкай і праспекта Машэрава была затрыманая за ўдзел у акцыі пратэсту.

На судзе Дар'я сказала, што віну сваю прызнае часткова.

— Я не прызнаю, што зрабіла гэта з помсты, куртка парвалася, калі Зінаіда мяне адвяла. У той момант, калі парваўся рукаў, маіх рук на яго рукаве не было, — сказала Палякова.

— Але вы разумелі, што сваімі дзеяннямі маглі прычыніць супрацоўніку міліцыі боль? — спытаў у яе дзяржабвінаваўца.

— Я — худзенькая дзяўчына, каля 50 кг вагі. А там дарослы мужчына, у тоўстай куртцы, — адказала абвінавачаная і трохі адышла ад трыбуны, каб усе ўдзельнікі працэсу і яго гледачы змаглі ўбачыць, што яна мініяцюрная.

Сведкамі на судзе выступілі Аляксандр Сахарук, Зінаіда Міхнюк і два міліцыянты.

Сахарук растлумачыў, што падчас свайго затрымання ён не бачыў, хто, каго і за што цягнуў, але падзякаваў усім жанчынам, якія спрабавалі яго «адбіць», за мужнасць і адвагу, а суд папрасіў паблажліва паставіцца да Дар'і Паляковай.

Зінаіда Міхнюк, якая, дарэчы, першапачаткова таксама была падазраванай па артыкуле 364 за інцыдэнт з падраным рукавом, а цяпер знаходзіцца ў статусе сведкі, патлумачыла суду, што ў той дзень сустрэлася з Дар'яй на Гогаля: тая ішла да сястры, а Міхнюк — па сваіх справах. Выйшаўшы на Савецкую, яны пачулі крыкі, хутка зразумелі, што кагосьці затрымліваюць, Дар'я крыкнула: «Гэта дзядзька Саша!» — і пабегла да натоўпу. Зінаіда таксама падышла да навалы людзей і выцягнула Дар'ю.

«Я сказала ёй, што дзядзьку Сашу мы ўсё роўна ўжо нічым не дапаможам, а міліцыянтаў чапаць нельга», — сказала Міхнюк.

У матэрыялах справы ўтрымліваецца іскавая заява пракурора Брэста Андрэя Валадзько, які пры пастанове абвінаваўчага прысуду просіць спагнаць з Паляковай на карысць УУС Брэсцкага аблвыканкама кошт падранай курткі — 104 рублі 50 капеек.

Суддзя Святаслаў Каліна пацікавіўся ў Дар'і Паляковай, ці прызнае яна гэта патрабаванне. Тая адказала, што не прызнае, паколькі не лічыць сябе вінаватай у тым, што куртка парвалася.

Пасля допыту сведак-міліцыянтаў у судзе быў абвешчаны перапынак да 15 студзеня. Дар'я Палякова на волі, яна — пад падпіскай аб нявыездзе.

Брэсцкая газета

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера