Знайсці
06.01.2021 / 15:06РусŁacБел

Юлія Слуцкая: Крымінальная справа датычыцца тэлепраекта для былых супрацоўнікаў БТ

22 снежня вядомы медыяменеджар і заснавальніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая разам з блізкімі вярталася з адпачынку дадому. У аэрапорце яе папрасілі прайсці праз чырвоны мытны калідор — з таго моманту блізкія страцілі з ёй сувязь. Як аказалася, Юлію затрымалі, павезлі на «агляд месца злачынства», а пасля — у ДФР КДК. 31 снежня ёй выставілі абвінавачванне за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры. Цяпер Юлія Слуцкая, як і яе калегі, знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праз адваката Сяргея Лепеша яна змагла даць інтэрв'ю і расказаць пра ўмовы свайго ўтрымання і некаторыя абставіны справы, піша Tut.by.

Як распавяла Юлія Слуцкая адвакату, 22 снежня каля 14 гадзін яна прыляцела ў Мінск разам з дачкой і ўнукамі. На пашпартным кантролі іх падзялілі. У той момант яна не разумела, што гаворка ідзе пра затрыманне, падумала, што патрэбны дадатковы мытны кантроль.

Аб тым, што яе затрымліваюць, Юлія зразумела па «спачуваючых вачах супрацоўніцы мытні». Неўзабаве прыйшоў супрацоўнік ДФР Камітэта дзяржкантролю, правёў яе ў мікрааўтобус, на якім яе павезлі дадому. Там, па словах Юліі, прайшоў «агляд месца злачынства». Якога менавіта злачынства — ніхто не патлумачыў.

Затым Юлію Слуцкую павезлі ў будынак ДФР КДК на вуліцы Кальварыйскай, дзе праводзіліся шматгадзінныя «гутаркі». У тую ноч яна змагла паспаць толькі 30 хвілін — на стале. Толькі 23 снежня каля 10 гадзін ёй паказалі першы дакумент аб затрыманні, перадае словы Юліі Слуцкай адвакат Сяргей Лепеш.

Другую ноч затрыманыя супрацоўнікі Прэс-клуба правялі ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля іх перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. У камеры Юліі сем чалавек. Трое з іх — абвінавачаныя па «палітычных» артыкулах, кажа яна.

— Адна жанчына была затрыманая па «справе Ціханоўскага», другая дзяўчына — студэнтка-актывістка, трэцяя — валанцёр. Адна з суседак асуджаная за наркотыкі, яшчэ адна — за крадзеж. У цэлым, лічу, што мне пашанцавала з сукамерніцамі.

Па словах адваката Сяргея Лепеша, Юлія адчувае сябе нармальна. Першы час яна не магла паверыць, што гэта ўсё здарылася з ёй. Але, як ні дзіўна, строгі распарадак дня ў СІЗА — пад'ём у 6 раніцы, адбой у 22 гадзіны вечара — дапамог прыйсці ў сябе. Цяпер яна тройчы ў дзень робіць зарадку на розныя групы цягліц. У камеры была кніга Карнегі «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць», а таксама падручнік па англійскай мове — чытанне цяпер таксама займае яе час.

— У камеры ёсць тэлевізар, па ім ідзе толькі БТ, і Юлія кажа, што гэта перашкаджае ёй думаць. Магчымасць падумаць з'яўляецца толькі пасля адбою. Яна шмат разважае аб людзях, якія апынуліся ў падобных месцах, аб Марыі Калеснікавай, аб сваіх блізкіх.

Адвакат кажа, што Юлія вельмі моцна перажывае за сына Пятра Слуцкага. 22 снежня ён знаходзіўся ў офісе Прэс-клуба, яго таксама затрымалі. Са слоў Аляксандры, дачкі Юліі Слуцкай, з моманту затрымання з ім не праводзілася ніякіх следчых дзеянняў. Юлія лічыць, што гэта спосаб ціску на яе.

Пра тое, што адбываецца з іншымі затрыманымі супрацоўнікамі Прэс-клуба, ёй нічога невядома, кажа адвакат.

Больш чым за два тыдні, якія Юлія Слуцкая знаходзіцца не на свабодзе, яна не атрымала ніводнага ліста або паштоўкі — толькі тэлеграму. Больш за ўсё ёй не хапае свабоды, сям'і, хадзьбы, святла і прыватнасці.

— «Раней я шмат займалася працай, і цяпер ідзе пераацэнка сям'і. Разумею, што мала надавала ёй увагі», — так сказала Юлія, — кажа адвакат Сяргей Лепеш.

Новы год заснавальнік Прэс-клуба ўпершыню ў жыцці сустракала не на волі. 31 снежня каля 18 гадзін разам з сукамерніцамі яны накрылі святочны стол, на якім аказаліся рыба, хлеб і торт, і пажадалі адна адной усяго найлепшага.

— У лістападзе мая падабаронная выявіла, што да яе Telegram падключана іншая прылада — камп'ютар, які знаходзіўся дзесьці ў Расійскай Федэрацыі. Яна звярнулася да спецыялістаў. Яны высветлілі, што падключэнне было зроблена яшчэ 11 чэрвеня. Тады яна пасмяялася, што ёй асабліва цікавяцца, раз падключыліся яшчэ да жніўня, але не надала гэтаму факту належнага значэння.

Па словах Юліі Слуцкай, ёй не выставілі дакументальнага пацверджання сумы недаплачаных падаткаў, не былі пазначаныя падставы, на якіх Прэс-клуб павінен быў выплаціць іх у большым аб'ёме. Ад следчага яна ўпершыню даведалася пра тое, што справа аб нявыплаце падаткаў тычыцца «праекта грамадскага тэлебачання», якое нібыта хацелі стварыць былыя журналісты ТБ.

— Акадэмія Прэс-клуба сапраўды праводзіла хакатон медыяпраектаў. Было больш за 30 заявак. Журы, якое складаецца з медыяэкспертаў і інвестараў, выбрала сем праектаў, якія трапілі ў інкубатар. Праекты былі накіраваны на розныя ўзроставыя і мэтавыя групы і не мелі ніякага дачынення да палітыкі. Адзін з праектаў быў відэапраект, але ніякага дачынення да тэлебачання ён не мае.

Па словах адваката, Юлія Слуцкая ўпэўненая, што яе прафесійная дзейнасць прывяла да затрымання і фактычнага разгрому Прэс-клуба як інстытута, які развіваў незалежную журналістыку.

6 студзеня сваякі затрыманых супрацоўнікаў Прэс-клуба перавялі на рахунак цэнтральнага апарата Следчага камітэта забеспячэнне кампенсацыі шкоды — 109 769 рублёў. Столькі падаткаў, паводле версіі следства, Прэс-клуб не заплаціў у дзяржаўны бюджэт.

***

22 снежня ў Беларускі Прэс-клуб прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў прайшлі ператрусы або агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекта Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі Прэс-клуба Сяргея Якупава, аператара Пятра Слуцкага, а таксама былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.

31 снежня ім выставілі абвінавачванне. Юлію Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Алу Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксенію Луцкіну — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расіі, вызвалілі з СІЗА і выслалі з краіны з забаронай на ўезд у наступныя дзесяць гадоў.

Любоў Каспяровіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930