Знайсці
05.01.2021 / 18:34РусŁacБел

18-гадовага хлопца вінавацяць у жорсткім забойстве пенсіянеркі з-пад Століна. Але сваякі вераць, што ён агаварыў сябе

Цела 71-гадовай Людмілы С. з вёскі Туры Cтолінскага раёна знайшоў яе сын 1 студзеня. Смерць насіла крымінальны характар, падазраваны — 18-гадовы жыхар суседняй вёскі, паведамілі следчыя.

«Я быў у маці 31 снежня недзе каля 14:30. А той хлопец прыйшоў пазней: у 17:00 ці 17:30. І ўсё. 10 удараў качаргой і паленам: мазгі і ўсё іншае выцякла.

На наступны дзень я ехаў на працу, завітаў да маці — вёз ёй паесці. Адкрыў дзверы — а яна ўжо халодная ляжыць», — распавёў «Нашай Ніве» Фёдар С., сын загінулай.

«Той хлопец» — гэта падазраваны ў забойстве 18-гадовы Артур К. Ён жыве ў суседняй вёсцы Хорск.

«Гэта намінальна розныя населеныя пункты, а па факце паміж імі толькі мосцік даўжынёй у метраў пяць», — тлумачаць мясцовыя. Яны пра Артура адгукаюцца коратка і зняважліва — «дурачок».

«Ён меў нейкія праблемы з галавою. Не працаваў нідзе, бадзяўся тут па вёсках. Але не вельмі агрэсіўны: крадзяжы, можа, і былі, але ў бойкі ён не лез. Таму ўсе былі ў шоку, ніхто не чакаў, што ён здольны на такі ўчынак», — кажуць у Турах.

«Пасля забойства ён уключыў газ і пазваніў з тэлефона маёй маці — званіў свайму бацьку, каб той яго забраў, — кажа Фёдар С. —

Затым прыбраў месца злачынства, вымыў качаргу. Пайшоў да сваіх, пераапрануўся і паехаў да бацькі ў суседнія Арлы. Артур сапраўды, наколькі я ведаю, мае пэўныя праблемы, назіраецца ў доктара. Летась ён скраў у маёй маці 50 рублёў, яна напісала заяву. І тут яму штосьці замкнула, можа, праз гэта прыйшоў адносіны высветліць?

Пазаўчора Артура ўжо прывозілі на следчы эксперымент. Ён ва ўсім прызнаўся, паказваў, што і як рабіў.

У яго пыталіся, за што забіў. Адказваў: «Яна зрабіла мне заўвагу». Якую заўвагу — я не ведаю».

Людмілу Стаднік пахавалі 4 студзеня. Артур затрыманы, распачатая справа па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса: забойства заведама састарэлай асобы. Пакаранне суровае — ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае ці нават расстрэл. 

Але сваякі хлопца не вераць, што ён вінаваты ў забойстве.

«У хлопца праблемы з маўленнем, калі нервуецца, то ціск скача. А так, здаецца, усё нармальна, — кажа Надзея, цётка Артура. —

Так, жанчына памерла. Але ці вызначылі факт таго, што было забойства? Прычына смерці якая? Чаму менавіта Артура адразу затрымалі і абвінавацілі?

Так, ён на следчым эксперыменце, можа, і прызнаўся. Бо ўзялі 18-гадовае дзіця, прывезлі і сказалі: раскажаш — і мы цябе адпусцім! А ён, калі яму паабяцаюць, то верыць.

Да таго ж 31 снежня Артур быў у нас дома з 15-16 да 18 гадзіны. Пасля прыехаў яго бацька, і яны разам паехалі ад нас у вёску Арлы. 

Так, Артур заходзіў да той жанчыны — павіншаваць з Новым годам. Але было гэта ўдзень, яшчэ да таго, як туды прыехаў сын жанчыны».

Васіль, бацька падазраванага хлопца, не дадаў разумення да сітуацыі. 

«Ідзе следства, мы нічога не ведаем, нам ніхто нічога не тлумачыць. Але я мяркую, што сын мой не вінаваты», — коратка паведаміў бацька. 

Пакуль што следства працягваецца, абставіны і матывы здарэння высвятляюцца.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера