Знайсці
05.01.2021 / 11:28РусŁacБел

Газета «Вольнае Глыбокае» больш не будзе выдавацца

З новага года спыніла сваю дзейнасць незалежная газета «Вольнае Глыбокае». Год таму выданне адзначыла свой 1000 нумар і 25-цігоддзе, піша Радыё Рацыя.

«Вольнае Глыбокае» праіснавала роўна 26 год, апошні яе нумар выйшаў на каталіцкае Раство. Над стварэннем газеты і яе распаўсюдам апошні час працавала амаль адна сям’я галоўнага рэдактара і выдаўца Уладзіміра Скрабатуна.

«Як балюча б ні было, але яе давялося закрыць з-за фінансавых праблем,» — кажа распаўсюднік газеты і дачка галоўнага рэдактара Надзея Маліноўская. — Праблема адна — гэта фінансы, якіх сапраўды не хапае. Нават калі, з улікам таго, што працую я, сястра, мама, тата, усе мы чацвёра, мы працуем проста на голым энтузіязме і нічога не атрымліваем. Ужо некалькі год. Але на сённяшні дзень склалася такая сітуацыя, што раней мы не атрымлівалі, але газета сама сябе акупляла, і проста на ідэі мы працавалі.

Цяпер мы не можам зарабіць нават на друкарню.

Паводле рэдактара газеты Уладзіміра Скрабатуна, выратаваць выданне ў цяперашніх складаных умовах наўрад ці магчыма, нават нягледзячы на змяншэнне тыражу.

— Наўрад ці магчыма. За 900 асобнікаў я не бачу сэнсу яе выдаваць. Сэнс такі: 900 асобнікаў, альбо мільён асобнікаў, праца абсалютна тая ж самая. Толькі друк каштуе для 900 асобнікаў 435 рублёў. А калі б была тысяча, а калі б было дзве тысячы? Гэта б ужо каштавала тысяча рублёў. Дзе такія грошы ўзяць? У нас столькі рэкламы няма.

Апошнім часам газета «Вольнае Глыбокае» выходзіла накладам 900 паасобнікаў, у лепшыя часы яе наклад дасягаў 5 000 экзэмпляраў.

Для глыбачанаў і жыхароў суседніх раёнаў яна была цікавай у першую чаргу краязнаўчымі матэрыяламі і мясцовымі абвесткамі.

Але, як кажа Уладзімір Скрабатун, ён не апускае рукі і будзе працаваць над раскруткай электроннай версіі газеты — сайта vglybokaye.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930