Знайсці
05.01.2021 / 07:44РусŁacБел

Мінчука судзяць за нядзельны марш па «крыміналцы». «Мінсктранс» выставіў прэтэнзіі на 10 тысяч рублёў

У судзе Першамайскага раёна Мінска разглядаюць справу ў дачыненні да мінчаніна, які ўдзельнічаў у маршы 1 лістапада. Мужчыну абвінавачваюць па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму таксама выстаўлены грамадзянскі пазоў ад «Мінсктранса» на 10 тысяч рублёў, піша Tut.by.

Міхаілу Глухоўскаму 48 гадоў, ён працуе кіроўцам на адной з вытворчасцяў у Мінску. 1 лістапада мужчына выйшаў на марш каля Парку Чалюскінцаў, каб выказаць свой пратэст: спачатку ішоў па тратуары, потым разам з іншымі пратэстоўцамі выйшаў на праезную частку.

Тады ж Міхаіла затрымалі па артыкуле 342 КК РБ, але асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП. Далі 20 базавых. Крыху раней Глухоўскі быў асуджаны па такім жа артыкуле і атрымаў 15 базавых за ўдзел у Маршы.

Пасля другога затрымання да Міхаіла прыйшлі з ператрусам па абвінавачванні ў ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

4 студзеня ў судзе Першамайскага раёна суддзя Святлана Чараповіч пачала разглядаць гэтую справу.

Глухоўскі — на волі пад падпіскай аб асабістай паруцы, да крымінальнай адказнасці раней не прыцягваўся, абаронцы ў яго няма.

Па справе пацярпелым прызнаны «Мінсктранс», арганізацыя выставіла грамадзянскі пазоў.

Паводле абвінавачвання, 1 лістапада на праспекце Незалежнасці каля дома № 95а—111 Глухоўскі груба парушыў грамадскі парадак, удзельнічаючы ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Гэта выяўлялася ў «публічным выкрыкванні лозунгаў, здзяйсненні гучных воплескаў рукамі, масавым працяглым упартым бесперапынным парушэнні грамадскага спакою пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства, блакаванні транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод у выглядзе групавога выхаду на праезную частку».

На думку дзяржабвінаваўцы Зубко, каля 30 маршрутаў грамадскага транспарту былі заблакаваныя ў раёне ад парку Чалюскінцаў, Зялёнага Луга і да МКАД. Гэтыя дзеянні нанеслі «Мінсктрансу» шкоду — 10 689 рублёў 76 капеек. У інтарэсах транспартнікаў заяву падавала і пракуратура, з такой жа сумай, як у абвінавачванні.

Мужчына лічыць сябе вінаватым часткова. Згодны толькі з тым, што ўдзельнічаў у Маршы, выходзіў на праезную частку, але не згодны з памерам шкоды і тым лікам маршрутаў, якія не працавалі нібыта з-за яго.

— Калі выходзілі на праезную частку, не было ні ў адным ні ў іншым кірунку грамадскага транспарту. Сумняюся, што [транспарт быў] у такой колькасці і [шкода] ў такой суме. Следства спачатку не вылучала гэтай сумы. Следчы сказаў, што «Мінсктранс» налічыў шкоду, ён растлумачыў, што сума будзе [размяркоўвацца] на ўсіх затрыманых у гэты дзень, а ў выніку атрымалася, што я адзін. Я не блакаваў, ня кідаўся пад колы грамадскага транспарту. І дзе знаходзіцца парк Чалюскінцаў, а дзе — кальцавая дарога! — сказаў ён.

Па словах Глухоўскага, ён прабыў на праезнай частцы каля Парку Чалюскінцаў пяць хвілін.

Мужчына распавёў: калі ўбачыў сілавікоў, якія пачалі ўжываць спецсродкі, быў у шоку.

— Не мог уявіць, што такое адбываецца ў маім родным горадзе, — сказаў Глухоўскі.

Калі Глухоўскі пайшоў назад у бок Уручча, яго затрымалі ў раёне дома па праспекце Незалежнасці, 111.

У тэлефоне Глухоўскага знайшлі перапіскі з людзьмі, якім ён распавядаў пра несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, у галерэі малюнкаў «здымкаў апазіцыйнага характару не выяўлена». Тэлефон канфіскавалі як рэчавы доказ.

У матэрыялах справы ёсць пратаколы допытаў сведак-амапаўцаў: Назарава, Хадарчука, Шэўчыка, Свірыдава, Аляксеева. Суддзя патлумачыла, што гэта выдуманыя прозвішчы, бо ёсць пастанова аб ужыванні мер па забеспячэнні іх бяспекі і неразгалошванні звестак аб асобах. На першым судовым пасяджэнні сведкі не выступалі.

У судзе таксама паглядзелі некалькі відэазапісаў, дзе бачныя спіны сілавікоў, натоўп людзей, чутныя воплескі, людзі крычаць: «Трыбунал!», «Мы — адзін народ!», «Сыходзь!». Глухоўскі пазнаў сябе на відэа.

Мужчына прасіў улічыць, што ягоныя састарэлыя бацькі жывуць з ім, ён іх глядзіць. Бацьку Глухоўскага 74 гады, ён інвалід 2-й групы, маці — 72 гады, яна таксама хворая, самастойна не можа спускацца. 

У судзе абвясцілі перапынак, разгляд працягнецца 14 студзеня.

Нагадаем, 1 лістапада ў Мінску прайшоў чарговы нядзельны марш, пасля якога былі затрыманыя сотні людзей. Распачатая крымінальная справа па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх. 231 чалавек прызнаны падазраваным па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера