Знайсці
30.05.2009 / 09:299РусŁacБел

Няміга: вінаватыя былі

Але ніхто не быў пакараны. 10 гадоў таму, 30 траўня 1999 году ў цісканіне ў пераходзе да метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі.

Але ніхто не быў пакараны. 10 гадоў таму, 30 траўня 1999 году ў цісканіне ў пераходзе да метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі.

На беразе Свіслачы ля праспекту Машэрава адбывалася масавае святкаванне — радыёстанцыя «Мір» святкавала двухгоддзе свайго заснавання, піваварня «Аліварыя» сумесна з вытворцамі цыгарэтаў «Магна» ладзіла рэкламную акцыю — хмяльны напой разлівалі задарма за 10 накрывак ад цыгарэтных пачкаў. Чарга да дармовых бочак стаяла на тры гадзіны. Увесь дзень грымела музыка, а ў вечары чакаўся жывы канцэрт расейскага гурту «Манго-Манго». Каля Палацу спорту сабралася каля 2500 чалавек. Раптам павеяў парывісты вецер і з-за навакольных небасягаў насунулася шызая хмара. Сыпануў краплісты майскі дождж, грымнула маланка. Хаваючыся ад навальніцы, шматтысячны тлум з канцэртнай пляцоўцы рынуўся ў вузкі падзямельны пераход, пракапаны на месцы летапіснае ракі.

Пярэднія паслізнуліся на мокрым граніце прыступак, заднія з лямантам валіліся на пярэдніх. Ззаду падпіралі новыя сотні распараных спёкай, а некаторых і півам людзей. Ланцужок міліцыянтаў быў проста змецены натоўпам. У бетоннай пашчы згрувасціўся цэлы штабель целаў, няйначай у расстрэльным рове. Многія зразумелі, што ўтвараецца непапраўнае. «Яны крычалі «назад, назад, назад»...», як спявае рэпер Памідораў. Аднак было позна. Супрацоўнікам міліцыі ўдалося толькі адсячы хвост натоўпу. Чалавек са здушанай дыяфрагмай вытрымлівае хіба хвіліну, а куламесу целаў было не расцягчы.

У цісканіне задушыліся 53 чалавекі, большасць з якіх былі маладыя дзяўчаткі да 20 гадоў. 263 асобы атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Асноўнымі прычынамі смерці следства назвала ўдушша ад наслаення паваленых целаў, а таксама траўмы ад абцасаў.

У цісканіне загінулі і два міліцыянты. Гэта супрацоўнік менскага АМАПу Ўладзімір Говен і супрацоўнік крымінальнага вышуку сталіцы Генадзь Рабаконь.

$250 за памерлага.

Ахвяраў пахавалі за кошт дзяржавы, родныя атрымалі кампенсацыю — $250 за памерлага і $66 за параненага. Родным выдзелілі льготы — бясплатны праезд, лекі, камунальныя паслугі, але праз два гады Лукашэнка іх адмяніў. На саракавы дзень пасля трагедыі на ўваходзе на станцыю метро ўсталявалі мемарыяльны знак у выглядзе 53 руж, раскіданых па метафарычных прыступках.

У грамадстве віравалі самыя розныя здагадкі наконт таго, што стала прычынай масавай гібелі людзей. Гаварылася пра маланку, якая ўдарыла ў натоўп, пра невядомых маладых людзей у чорнай вопратцы, якія справакавалі цісканіну на прыступках метро. Прагучаў і рэлігійны матыў — свята піва прапала на Тройцу.

Справа № 110217.

Следства, якім кіраваў следчы Генпракуратуры па асабліва важных справах Камароўскі, прааналізавала дзеянні гарадскіх уладаў, якія дазволілі правядзенне мерапрыемства, арганізатараў, міліцыі. У часе допытаў Васіль Гурын, намеснік старшыні гарвыканкаму па сацыяльна-культурных пытаннях, адказаў, што каля Палацу спорту ладзіліся і больш масавыя мерапрыемствы, але да апошняга ўсё абыходзілася.

На мерапрыемства было завезена аж 5100 літраў піва. Гэта пры тым што на свяце прысутнічалі каля 2500 чалавек.
Напой аплаціла, дарэчы, нідзе не зарэгістраваная фірма «Антадэг». У выніку расследавання да адказнасці былі прыцягнутыя толькі начальнік грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў міліцыі грамадскай бяспекі Міхаіл Кандрацін. Іх абвінавацілі ў нядбайнасці (арт. 168 КК, прадугледжвае да 3 гадоў зняволення).

Русаку закідалася, што ён зацвердзіў прадстаўлены Кандраціным план забеспячэння парадку на піўным свяце. У тым плане, сярод іншага, адсутнічалі звесткі пра чаканую колькасць удзельнікаў і гасцей свята, не прадугледжвалася медыцынскае забеспячэнне, адсутнічала схема кіравання і сувязі, а таксама не быў вызначаны парадак арганізаванага выхаду ўдзельнікаў мерапрыемства пасля яго заканчэння. У тым ліку парадак іх эвакуацыі ў выпадку неабходнасці.

Паводле следства, В.Русак загадаў перакрыць выхады на праезную частку, але пакінуў адкрытым уваход на станцыю метро. Як засведчыла судова-псіхалагічная экспертыза, асаблівасці мясцовасці, блізкасць метро і дзеянні міліцыі амаль не пакінулі натоўпу іншага ўкрыцця ад стыхіі, акрамя падземнага пераходу. Людзі натуральна кінуліся ў адзіны адкрыты праход, які да таго ж быў адзіным дахам.

Аднак крымінальная справа № 110217 разглядалася марудна, і ўрэшце 25 сакавіка 2002 году суд Цэнтральнага раёну пастанавіў спыніць яе з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці. Міліцыянтаў, якія так і не прызналі сваёй віны (як і ўсе астатнія фігуранты справы — гарадскія ўлады, арганізатары свята), выратаваў прыняты ў новай рэдакцыі ў 2001 годзе Крымінальны кодэкс. Паводле яго,

дзеянні абвінавачаных сталі кваліфікавацца як злачынства, што не нясе значнай грамадскай небяспекі...

Дзе таямніца, там і плёткі.

Пазней у прэсе з’явіцца багата расказаў удзельнікаў святкавання, якія сведчылі не на карысць міліцыі.

Адзін з менскіх фатографаў паведаміў журналістам, што

замест таго, каб аказваць дапамогу пацярпелым, супрацоўнік АМАПу збіў яго і разбіў фотаапарат, папярэдне выцягнуўшы з яго стужку.
Фатограф сцвярджаў, што перад тым ён паспеў сфатаграфаваць марадзёраў, якія здымалі з непрытомных людзей упрыгожанні, трупы загінулых.

У той вечар шмат хто з журналістаў, найперш здымачныя групы тэлеканалаў, а таксама фотакарэспандэнты сутыкнуліся з пераследам з боку міліцыянтаў. З аднаго боку, іх можна было зразумець — стан афекту, столькі ахвяраў. З другога боку, шакаваныя людзі наракалі, што многія міліцыянты разгубіліся, толькі назіралі за падзеямі, а не дапамагалі людзям. Пісалі газеты і пра тое, што адзін высокі начальнік АМАПу ў той вечар сам знаходзіўся ў «алкагольна-ўзбужданым стане».

Трагедыя выявіла і нізкую прафесійную падрыхтоўку многіх спецназаўцаў. Характэрны прыклад захоўваецца сярод матэрыялаў следства:

«Я зайшоў за ланцужок (маецца на ўвазе ачапленне на верхняй пляцоўцы ўваходу ў пераход на станцыю метро — НН) і ўбачыў на пляцоўцы хлопца з сінім тварам. Супрацоўнік АМАПу рабіў яму штучнае дыханне. Нехта з жанчынаў крыкнуў, што яму трэба высунуць язык. Я гэта зрабіў, і хлопец расплюшчыў вочы, задыхаў»
(з пратаколу допыту намесніка начальніка Цэнтральнага РАУС Аляксандра Пархомчыка).

Бацькі хочуць ведаць.

Родныя і блізкія ахвяраў Нямігі арганізаваліся з першых дзён трагедыі. Разам дабіваліся ўсталявання мемарыялу на месцы трагедыі. Выйшла кніга «Трагедыя на Нямізе», з'явіўся сайт. Неўзабаве пасля здарэння было зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр сацыяльнай дапамогі Няміга’99», якім кіруе Наталля Навакоўская, 16-гадовая дачка якой Аляўціна загінула ў праклятым пераходзе.

Родныя ахвяраў цісканіны дагэтуль збіраюцца. Чарговая сустрэча адбудзецца 30 траўня. Яны дагэтуль хочуць, каб былі названыя вінаватыя.

Сямён Печанко

***

Спіс загінулых на ўваходзе ў станцыю метро «Няміга» 30 траўня 1999 г.:

Арол Вольга (19 гадоў), Apэx Bікторыя (16 гадоў), Бяліцкая Kсенія (16 гадоў), Бельская Настасся (18 гадоў), Бібіла Марына (18 гадоў), Бобрыкава Вольга (18 гадоў), Брэчка Ганна (22 гады), Бурэц Aндрэй (18 гадоў), Вішнеўская Алена (17 гадоў), Вадап’янава Mатрона (61 год), Гаганава Вольга (15 гадоў), Говен Уладзімір (24 гады), Жэўжык Вольга (17 гадоў), Жолабава Юлія (18 гадоў), Зелянкевіч Ігар (28 гадоў), Зуеўская Mарыя (35 гадоў), Інькова Mарыя (15 гадоў), Карпека Жана (17 гадоў), Кашыцкая Tаццяна (20 гадоў), Кіслоў Васіль (41 год), Кавалёнок Aляксандр (18 гадоў), Калкоўская Ганна (27 гадоў), Канашонак Mарына (14 гадоў), Корзун Дзмітры (20 гадоў), Карняенкава Настасся (18 гадоў), Кастрыцкі Aляксандр (19 гадоў), Кулак Aндрэй (15 гадоў), Лобан Cвятлана (26 гадоў), Мельнікава Aла (23 гады), Мароз Tаццяна (17 гадоў), Мядзель Павел (16 гадоў), Насонава Алена (17 гадоў), Нікіценка Вольга (16 гадоў), Навакоўская Αляўціна (16 гадоў), Пальвінская Вольга (19 гадоў), Плакса Вольга (13 гадоў), Паджарая Mарыя (19 гадоў), Рак Алена (16 гадоў), Раманоўская Таццяна (24 гады), Русаковіч Інэса (46 гадоў), Рабаконь Генадзь (24 гады), Саўка Настасся (17 гадоў), Саладкевіч Cяргей (19 гадоў), Ткачова Алена (16 гадоў), Філіпава Алена (13 гадоў), Цімошкава Вольга (16 гадоў), Хітрун Ліліяна (19 гадоў), Чыкуноў Cяргей (19 гадоў), Шайко Aляксандр (22 гады), Шавялёва Ірына (18 гадоў), Шылава Ганна (17 гадоў), Шкурадзэ Людміла (23 гады), Янцова Алена (15 гадоў).

***

Як сябе паводзіць у натоўпе

Найлепш абысці яго бокам, але калі вы туды патрапілі, то трэба трымацца далей ад цэнтру і краёў натоўпу. Па магчымасці трэба ўхіляцца ўсяго нерухомага на шляху, не чапляцца рукамі. Ні ў якім разе нельга спрабаваць ісці насустрач натоўпу, нахіляцца за рэчамі, калі яны выпалі з рук. Намагайцеся ўтрымацца на нагах. Калі ж упалі, то трэба абараніць галаву рукамі і намагчыся ўстаць. Пры гэтым трэба падціснуць ногі пад сябе, згрупавацца і паспрабаваць ускочыць рыўком. З каленяў у натоўпе ўстаць цяжэй. Калі вас заціснулі, паспрабуйце абараніць дыяфрагму счэпленымі на грудзях ў замок рукамі.Спіну бараніце локцямі, дыяфрагму — напружваннем рук.

***

Падобныя трагічныя выпадкі ў метро

14 лістапада 1987 у лонданскай падземкі пасажыры адчулі пах дыму. На пероне станцыі Кінг-Крос усчалася паніка, людзі кінуліся да выхаду. У цісканіне загінула 37 чалавек.

28 кастрычніка 1995 у метро сталіцы Азербайджану Баку загарэўся адзін з вагонаў цягніка. Загінула 289 чалавек, у тым ліку 28 дзяцей. Большасць ахвяраў памерлі ў цісканіне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера