Знайсці
03.01.2021 / 14:27РусŁacБел

«Грошы, падораныя на вяселле, палічылі фінансаваннем пратэстаў». Гутарка з мужам палітзняволенай «вясноўкі» Марфы Рабковай

6 студзеня каардынатарцы валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай споўніцца 26 гадоў. З іх ужо амаль чатыры месяцы яна знаходзіцца ў СІЗА з абвінавачваннямі па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Напярэдадні мы сустрэліся з яе мужам Вадзімам Жаромскім, з якім яны так і не паспелі з’ездзіць у вясельнае падарожжа і адзначыць першую сумесную гадавіну, і распыталі, як гэта — быць мужам палітзняволенай.

«Наша ніва»: Вадзім, наколькі святкаванне гэтага Новага года адрознівалася ад таго, якім яно бывала звычайна?

Вадзім Жаромскі: 31 снежня я занёс апошнюю ў 2020-м годзе перадачу Марфе: сам напёк шмат печыва. Спадзяюся, ёй было прыемна і нясумна ў гэты вечар. Сам думаў папрасіцца працаваць (я раблю адміністратарам у бізнэс-цэнтры), але патрэбы не было. Так што проста правёў час з катамі, чытаў і слухаў самотную музыку. Звычайна ж на Новы год мы разам з Машай адпраўляліся ці да яе сваякоў у Добруш, ці да маіх у Смаргонь.

Вадзім Жаромскі

«НН»: Ведаю, што ў Марфы ад каранавіруса нядаўна памерла бабуля. Як яна перажыла гэтую навіну?

ВЖ: Мы тыдні два збіраліся з думкамі — не ведалі, як пра гэта расказаць. У выніку бацька напісаў ёй ліст. Ëн дайшоў не так даўно: акурат, калі зноў падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай — цяпер да 17 студзеня, нягледзячы на ўсе даручальніцтвы.

Марфа цяжка перажывае гэтую страту. Тым больш яе бабуля, нягледзячы на 79-гадовы ўзрост, адчувала сябе здаровай і бадзёрай. Яна захварэла, і ў Добрушы два тыдні не маглі дабіцца таго, каб зрабіць ёй тэст. У выніку ўсё ж зрабілі, пацвердзіўся каранавірус. І бабуля хутка памерла. У выніковым эпікрызе напісалі, маўляў, прычына смерці — сардэчная недастатковасць. Але хавала яе спецыяльная брыгада, у камбінезонах, без рытуальнай працэсіі. І ў гэтым пахавальным бюро сваякам казалі, што ў той дзень у адным Добрушы такім чынам пахавалі пяць чалавек. Пры гэтым Мінздароўя пісала пра сем смерцяў па ўсёй краіне. 

Каб неяк падтрымаць Марфу, я напісаў заяву з просьбай аб спатканні са сваякамі па прычыне смерці бабулі. Хаця б на паўгадзіны. Нам адмовілі. Прычын таму ніякіх не агучвалася: проста яны могуць казаць «не». Хаця я да апошняга думаў, што хаця б такая сакральная рэч, як смерць, абудзіць у супрацоўнікаў Следчага камітэта нешта чалавечае.

Марфа і Вадзім часта бяруць бяздомных катоў на ператрымку, выходжваюць, адкармліваюць. Марфей і Гіта засталіся з імі жыць пасля адной з такіх ператрымак.

«НН»: Што табе вядома пра ўмовы ўтрымання Марфы ў СІЗА?

ВЖ: Марфа сядзіць у невялікай камеры: пісала, што ступае тры крокі ад нар — і ўжо ўпіраецца ў сценку. А людзей там чацвёра. Акрамя яе, яшчэ дзве сукамерніцы таксама палітычныя, вельмі маладыя дзяўчыны. У адной з іх праз сценку сядзіць сястра.

У камеры вельмі вільготна і халодна — жонка амаль заўсёды апранутая, нібы капуста. У шапцы часта сядзіць, нядаўна нават застудзілася там. Ведаю, што іх месяцы два не вадзілі гуляць.

Толькі нядаўна пачалі раз на пару дзён. Пры гэтым шпацыры праходзяць у невялікіх бетонных пакойчыках, зверху — рашотка і аўтаматчыкі ходзяць.

З ненармальнага — тое, што ёй перадаюць далёка не ўсе лісты ад сваякоў. Першапачаткова іх зусім блакавалі: не прапускалі ні ад яе, ні ад мяне. Пасля ад яе пайшлі плынню па пяць-шэсць штук адразу. Праўда, уразнабой: спачатку мне аддалі ліст №1, пасля адразу — №7. З маіх 20 лістоў жонцы аддалі штук пяць прыблізна. Ад бацькоў зусім усё слаба даходзіць. А вось з лістамі ад незнаёмых людзей справы лепш: ведаю, што каля 300 ужо дайшло.

Ненармальна, што ёй забаранілі перадаваць падручнікі і дасылаць часопісы. А Марфа вельмі любіць вучыцца і чытаць. Пакуль яна перабірае мясцовую бібліятэку «валадаркі» - пачытала ўсё, што было: Быкава, Караткевіча, Дастаеўскага.

Але самае непрымальнае — гэта, канечне, непрацэсуальныя дзеянні з боку сілавікоў.

Мне вядома, што да яе час ад часу заходзяць некаторыя супрацоўнікі на «размовы» з мэтай атрымання нейкіх патрэбных ім прызнанняў. І няважна, што яны распытваюць Машу пра рэчы, пра якія яна не ведае. Логіка наступная: ты дапаможаш нам, мы — табе. Ціснуць тым, што Машу можа не дачакацца тата: ён у яе хворы на анкалогію. На свабодзе яна амаль кожны тыдзень ездзіла да сям’і, каб дапамагаць.

Вадзім з Машай. Архіўнае фота.

«НН»: У сваякоў неяк змяніліся палітычныя погляды ў сувязі з затрыманнем дачкі?

ВЖ: Раней яны былі індыферэнтныя да гэтай тэмы, так скажам. А пасля Ціханоўскі з’явіўся, а ён жа з добрушцамі амаль зямляк, адна вобласць. Дзякуючы яго відэа людзі расплюшчылі на многае вочы, пачалі яго падтрымліваць заўзята. А пасля Ціханоўскага пасадзілі, і ўсе афігелі, сітуацыя нагняталася…

Калі затрымалі Машу, яе бацькам тэлефанавалі амаль суткамі, прапаноўвалі дапамогу. Горад невялікі, менш за 20 тысяч чалавек, усе адно аднаго ведаюць. Нават цяпер людзі прыходзяць да маці Машы, падтрымліваюць. Складваецца ўражанне, што людзі прайшлі кропку незвароту і катэгарычна супраць таго, што адбываецца ў краіне.

І гэта ўсход Беларусі, а там заўсёды былі больш пралукашэнкаўскія настроі і прарасійскія яшчэ. А цяпер усе асэнсоўваюць, што ім гэтага нічога не трэба, яны расчараваліся і ў Лукашэнку пасля лета-2020, а заадно і ў Пуціне, які яго падтрымлівае.

Сярод маіх сваякоў таксама няма «ябацек». У цвярозым розуме падтрымліваць увесь гэты гвалт ніхто не стане. Такое магчыма толькі калі ў цябе ёсць матэрыяльная зацікаўленасць ці недахоп інфармацыі.

«НН»: Распавядзі, як вы ўвогуле пазнаёміліся з Марфай. 

УЖ: Быў такі варушняк «Крытычная маса». Ëн аб’ядноўваў розных актывістаў, якія ладзілі велазаезды з мэтай абароны правоў раварыстаў на рух па горадзе і з заявамі свайго бачання светабудаўніцтва.

У 2016 годзе у Мінску адбыўся чарговы велазаезд, які атакаваў АМАП. Затрымалі кучу людзей. У выніку сеў у турму Зміцер Паліенка, стаў палітзэкам. І я, і Маша былі з ім знаёмыя. Мы аб’ядналіся на глебе падтрымкі Змітра і праваабарончай дзейнасці ў цэлым.

Хутка пачалі жыць разам, а пасля проста неяк абмеркавалі, што прыйшоў час адносінам пераходзіць на новы ўзровень — так і ажаніліся. Наступным крокам павінна было стаць вянчанне, але вось прыйшлося адкласці. 

«НН»: На момант вашага знаёмства Марфа яшчэ не працавала ў «Вясне», чым яна займалася да яе? І наколькі «Вясна» змяніла яе жыццё?

ВЖ: Яе тады толькі-толькі адлічылі з апошняга курса БДПУ, дзе яна вучылася на спецыяльнасці «біялогія». У той час у многіх ВНУ праходзілі акцыі супраць платных пераздач «Дэкана на дыван» — вось яе на гэтым фоне і адлічылі. Пасля яна паспрабавала аднавіцца на той жа спецыяльнасці ў Магілёве. Здала некалькі экзаменаў, чакала апошні, седзячы ў калідоры. У той момант у кабінет зайшла нейкая жанчына з адміністрацыі МДУ. Яна пачала даводзіць выкладчыку, які мусіў прымаць экзамен, што да яго зараз зойдзе дамачка з гэтых, «палітычных», якіх «нам тут не трэба». Машу было рэкамендавана заваліць. Яна ўсё гэта пачула за дзвярыма, псіханула і сказала ім, што сама забярэ дакументы.

У выніку яе адукацыя ў Беларусі пакуль адклалася. Але яна паступіла ў ЕГУ. Як і я, вучыцца там на міжнародным праве. У 2019 годзе яна прышла ў «Вясну», да гэтага папрацаваўшы там у якасці валанцёркі.

 

Фота з архіваў сям'і.

У «Вясне» ёй вельмі падабаецца, што яна дапамагае людзям. Яе акрыляла гэтая справа, таму яна казала, што можа працаваць кругласуткава. Вясной-летам яна ўдзельнічала ў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», куды падалі заяўкі 1500 чалавек. Яна камунікавала з незалежнымі назіральнікамі нон-стопам, на працягу 24 гадзін была на сувязі, адказвала на ўсе пытанні. Паспіць — і зноў за працу.

Мы дакладна сталі менш часу надаваць сабе і нават не адзначылі гадавіну 14 жніўня, не паехалі ў адпачынак, як планавалі. Пра гэта і не думалася: тысячы затрыманых, катаванні, усім трэба было дапамагчы…

Людзі званілі і званілі штодзень. За паслявыбарчы перыяд «Вясна» апрацавала некалькі дзясяткаў тысяч званкоў. Марфа выдыхнула, калі можна так сказаць, толькі ў камеры. Напісала: «Ну вось, нарэшце ў мяне выходны». Ужо чатыры месяцы як. 

«НН»: Пры вобшуку ў вас якраз забралі адкладзеныя з вяселля грошы…

ВЖ: Яны так і ляжалі ў канверце. А яшчэ ў нас былі асобна грошы на навучанне і на лекі бацьку Машы. Агулам дома было каля 3500 еўра, якія ўспрынялі як грошы на «масавыя мерапрыемствы». Я спрабаваў давесці, што 3500 еўра для такіх глабальных спраў, — неяк малавата, тлумачыў, што гэта за грошы і дзеля чаго, але мне сказалі, што я брашу.

Ва ўніверы пайшлі насустрач, дазволілі аплаціць пазней. Цяпер проста адкладваю грошы з заробку сабе і Машы, каб аплаціць чарговы семестр.

«НН»: Як ты сам перажыў вобшук, допыт з мяшком на галаве? Як усё гэта адбіваецца на табе ў псіхалагічным плане?

ВЖ: Для мяне гэта не стала сюрпрызам, я ведаў, што ў нашай краіне такое адбываецца даўно: сустракаў на сваім шляху і аўтаматы спецназа, і збіццё электрашокерамі. 

Мы яшчэ з вясны прыкмецілі, што за намі ходзіць вонкавае назіранне, разумелі, што намі цікавяцца. Але менавіта да крымінальных спраў я гатовы не быў. Сам я праходжу сведкам па справе аб масавых беспарадках. Да гэтага часу не верыцца, што настолькі нахабна можна такое шыць, без доказаў.

Маша са жніўня займалася зборам інфармацыі па катаваннях у дачыненні да беларусаў. Я глядзеў на ўсе гэтыя фота і відэа са збітымі, пакалечанымі людзьмі — і адразу зразумеў: улада перайшла мяжу, і назад для яе дарогі няма. Яны будуць ісці да канца.

Аправіўшыся ад шоку, улада будзе наносіць зваротныя ўдары. Таму я не жыву нейкімі ілюзіямі і трымаю ў галаве найгоршы варыянт развіцця падзей. І Марфу рыхтую, каб пасля прысуд не стаў для нас шокам. 

Пакуль найгоршы сцэнар па гэтым артыкуле — тры гады зняволення. Але хутка чатыры месяцы, як Машу затрымалі, максімум па гэтым артыкуле да суда могуць трымаць шэсць. Следчы абяцаў суд над Машай яшчэ да Новага года, але, як я разумею, ім няма з чым туды ісці. Таму я баюся, каб пасля не пачалі выдумляць нешта яшчэ, новыя артыкулы, каб чалавека не выпусціць. Так жа ўжо было зроблена з Ціханоўскім ці Лосікам.

Мяркую, што цяпер ідзе гандаль: улада спрабуе атрымаць для сябе нейкія гарантыі. І да таго часу, пакуль гэтыя гарантыі не будуць дадзеныя Лукашэнку, яго капіталу, сям’і, бізнэсам — да таго часу людзі будуць сядзець. Надзеі на тое, што суд ці следчыя злітуюцца і скажуць: «Мы памыляліся, мы фабрыкуем справы», — няма. Усё вырашаецца «зверху».  

«НН»: Вы жывяце ў адным з самых актыўных пратэсных раёнаў Мінска — «Каскадзе», тут вывешваўся самы доўгі, 70-метровы бел-чырвона-белы сцяг. Пасля шматлікіх штрафаў таварыству і затрыманняў актывістаў — які настрой у вашых суседзяў?

ВЖ: Пасля таго, як людзей пачалі «кашмарыць» (выпісваць вялікія штрафы таварыству ўласнікаў, штрафаваць і затрымліваць за сцягі і дваравыя актыўнасці), мне падаецца, яны часова перайшлі ў рэжым самазахавання.

Не трэба думаць, што ўсё скончылася: людзі вытрымліваюць час, умацоўваюць камунікацыю, сувязі. Ніхто ж не паверыў, што чалавек, які скраў выбары, змяніўся, ці што АМАП стаў лепш. Усе ўсё ўбачылі і запомнілі, і непрыманне ўлады на ўсіх узроўнях будзе толькі павялічвацца. Улады робяць тыповыя памылкі: яны заціскаюць гайкі, але разьбу ў выніку сарве, і пратэст будзе яшчэ больш масавым і азлобленым, чым быў у жніўні-2020, такое маё меркаванне.

«НН»: Многія называюць рэвалюцыю-2020 у Беларусі жаночай, што ты думаеш на гэты конт?

ВЖ: Думаю, што сам вобраз жанчыны, якая паўстала супраць беззаконня і гвалту, вельмі пасуе сучаснай Беларусі.

Наша краіна — гэта тая самая жанчына, што доўгі час трывала знявагу, а пасля схапіла руку, якая была занесеная для чарговага ўдару. І цяпер тая жанчына мае выбар, што рабіць далей: папрасіць дапамогі ў суседзяў, самой адбівацца ці пачаць перамовы аб умовах сумеснага жыцця далей. Ці ўсё адразу. 

Што тычыцца справаў штодзённых, то трымаць у закладніцах дзясяткі жанчын — варварства. Жанчыны павінны быць вызваленыя з палону без аніякіх умоваў. Без гэтага нават размоваў пра перамовы быць не можа.

«НН»: Быць у статусе мужа палітзняволенай — гэта як? 

ВЖ: Мяне гэты статус не задавальняе. Я хачу проста быць мужам Марыі Рабковай.

Я веру, што да свірнавога замка ў нашай краіне знойдуцца ключыкі. Замок адкрыецца, і мы ўздыхнём на поўныя грудзі і не будзем баяцца выходзіць на вуліцу, гадаць, ці заб’юць нас, ці паб’юць ні за што. Спадзяюся, што ў 2021 годзе ў Беларусь вернецца закон, і той, хто перашкаджае гэтаму здарыцца, нас пакіне. Бо з’язджаць адсюль мы не збіраемся: для мяне Беларусь дакладна раднейшая, чым для прышлых людзей, якія нас тэрарызуюць. Гэта яны павінны бегчы. Мы тут — дома.

Адрас для лістоў Марыі Рабковай: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Шуры Піліповіч-Сушчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера