Знайсці
02.01.2021 / 18:42РусŁacБел

Да чаго пратэсты прывядуць у 2021-м: прагноз

У выніку гэтых выбараў і пратэстаў пасля іх у Беларусі не змянілася ўлада, але здарылася рэвалюцыя ў свядомасці: большасць зразумела, што яна большасць. Вось да чаго гэта прывядзе.

Сілавікі са зброяй разганяюць дэманстрантаў у Мінску.

Будзе існаваць пагроза палацавага перавароту

Ад 2020 года Лукашэнка кіруе варожым сабе грамадствам.

Так, у яго ёсць апора: многія, але не ўсе сілавікі; многія, але не ўсе прадстаўнікі той адміністратыўнай праслойкі, з якой рэкрутуюцца выбарчыя камісіі і псеўданазіральнікі; камуністы; многія, але не ўсе рускія нацыяналісты; многія, але не ўсе вясковыя пенсіянеркі і т.п. Але і ўсе разам яны — абсалютная меншасць.

У крытычны момант лукашэнкаўцы былі няздольныя нават сабраць добраахвотны масавы мітынг у сваю падтрымку.

Забойным палітычным ударам было скандаванне рабочымі Лукашэнку ў твар «Ухадзі!» 17 жніўня.

Пасля гэтага Лукашэнка стаў успрымацца як прэзідэнт АМАПа, з усімі наступствамі для АМАПа і для Лукашэнкі.

Апора на сілавікоў азначае залежнасць ад іх.

Найбольшай небяспекай для любога кіраўніка, які залежыць ад сілавікоў, робіцца палацавы пераварот.

Людзі ад бяздзеяння перайшлі да дзеяння, і гэта надоўга

Жыхары Жодзіна (Мінская вобласць) выйшлі на вечаровую фотасесію.

Салідарнасць і дзейнасць стала новай нормай для актыўнага ядра грамадства. Сотні тысяч чалавек (сацыёлагі далі лічбу 14% насельніцтва — насамрэч, каласальны для дыктатуры працэнт) бралі ўдзел у пратэстах у той ці іншай форме. Сотні тысяч у штодзённым рэжыме вядуць інфармацыйную барацьбу ў інтэрнэце і афлайне і дапамагаюць ініцыятывам і структурам грашыма (усё гэта масава пачалося таксама ў 2020-м).

Перажытае Беларуссю ў 2020-м можна параўнаць з тым, што прайшла Чэхаславакія ў 1968-м і Польшча ў 1980-м, толькі з улікам таго, што цяпер інтэрнэт-эпоха. Такія змены ў свядомасці жывучыя, іх цяжка сцерці.

У адным раённым чаце чалавек напісаў пра бел-чырвона-белы сцяг: «И знаете что — в 1991 мы его очень легко получили, не оценили, а потому в 1995 так легко и потеряли. А сейчас мы его выстрадали на своих спинах, и теперь уже точно никому не отдадим!»

Падобным чынам беларусы выпакутавалі на сваіх спінах, праз уласны досвед, і разуменне іншых, не менш важных ісцін.

Нашы сённяшнія пакуты, і індывідуальныя, і калектыўныя, не даюць гарантыі, але ствараюць куды большую верагоднасць, што змены ў нашай краіне, якія непазбежныя, будуць якаснымі. І Лукашэнку-1 не зменіць Лукашэнка-2. Бо Лукашэнкі пад любымі нумарамі з'яўляюцца там, дзе на іх ёсць грамадскае запатрабаванне. У нас яго больш няма.

«Калі Лукашэнка супраць, то я за»

Чалавек адчыніў акно і дастаў сцяг, пабачыўшы марш жыхароў мікрараёна.

Месяцы пратэстаў сталі месяцамі інтэнсіўнай нацыятворчасці. За кароткі час нацыянальная свядомасць зрабіла рывок. Лукашэнка выступае каталізатарам гэтага працэсу. «Калі Лукашэнка супраць, то я за» — вось логіка, у якой цяпер мысляць многія.

А тут яшчэ лукашэнкаўцы мелі неасцярожнасць вайну з палітычнымі праціўнікамі ператварыць у вайну з нацыянальнымі сімваламі. Гэта балюча раніла патрыятычную частку грамадства, а нацыянальныя пачуцці — наймацнейшы рухавік актыўнасці.

Патрыёты зразумелі, што толькі пасля змены рэжыму бел-чырвона-белы сцяг мае шанцы стаць дзяржаўным, што без змены рэжыму беларуская мова не атрымае роўных магчымасцяў.

Беларускае сэрца абліваецца крывёю, калі бачыць, як МУСаўцы прымушаюць затрыманых таптаць нацыянальны сцяг. Многае забываецца, такое не забываецца і штурхае да дзеяння.

У сухой рэшце, 2020-ы стаў годам, калі ўмацавалася палітычная суб’ектнасць Беларусі, калі і ў Маскве зразумелі, што Беларусь не Расія.

І тым не менш, у адносінах з Расіяй, у геапалітычных пытаннях Беларусь мусіць праяўляць асцярожнасць і надалей. Рамантызм тут быў бы недаравальнай памылкай. Калі складзецца сітуацыя, што Беларусь сур'ёзна намерыцца выйсці з расійскай сферы ўплыву, то нейкага сілавога варыянту з боку Масквы нельга выключаць.

Дыяспара ўтварыла тыл

Беларусы Берліна сабраліся на пікет салідарнасці.

Падзеі 2020-га электрызавалі дыяспару.

Людзі стаялі ў кіламетровых чэргах на выбарчыя ўчасткі і былі страшна пакрыўджаныя на тых дыпламатаў, якія тармазілі працэс галасавання, каб знізіць колькасць тых, хто аддаў галасы. Вынікі выбараў і экзіт-полаў на замежных участках паказалі, што лукашэнкаўцаў у дыяспары — у межах статыстычнай памылкі.

Нібы жалезная стружка вакол магніту, беларусы свету аб’ядналіся вакол новых ініцыятыў.

Дыяспара, якую раней мала хто браў пад увагу, стала тылам руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы і заслугоўвае «брава».

Прававы дэфолт

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў цывільным з дубінкамі хаваюць твары.

Няздольнасць задушыць пратэсты змусіла рэжым павышаць рэпрэсіўнасць. За адміністратыўныя правапарушэнні цяпер даюць крымінальныя тэрміны, а адміністрацыйна судзяць за нішто — за любое публічнае выказванне грамадскай пазіцыі.

Прававы дэфолт азлабляе сярэдні клас не менш, чым стральба ў гарадах і зверствы 9—12 жніўня.

Рэпрэсіі павышаюць градус страху, але няздольныя павысіць падтрымку. Каб вырасла падтрымка, трэба рост дабрабыту і змена грамадскіх адносін. Пасадкі ж, наадварот, сціскаюць спружыны.

Датацыйны рэгіён Расіі

Віктар Лукашэнка і Лідзія Ярмошына на нарадзе. Жнівень 2020-га.

За час кіравання Лукашэнкі Беларусь стала адной з найбяднейшых краін Еўропы. Пяць месяцаў пратэстаў, рэйтынг ніжэй калена, а ўладам нават няма з чаго падняць заробкі бюджэтнікаў. Адчувальным ударам для лукашэнкаўцаў стала тое, што ў выніку пратэстаў яны страцілі доступ да сродкаў еўрапейскіх банкаў і фондаў.

Раней усё ківалі, што ў суседняй Украіне яшчэ горш, але цяпер ужо і даходы беларусаў ды ўкраінцаў параўналіся.

Што з гэтым можа зрабіць Лукашэнка і ўсе мы? Нічога. Прадуктыўная працоўная сіла і капітал схільныя перацякаць у юрысдыкцыі, дзе больш свабоды і незалежныя суды.

Беларусь у цяперашняй мадэлі эканамічна ўяўляе сабою датацыйны рэгіён Расіі. Пры такой мадэлі ты можаш падняць дабрабыт, калі павялічыш датацыі. Але ўзамен за большыя падачкі, асабліва цяпер, калі Мінск распляваўся з Захадам, Масква будзе патрабаваць новыя элементы суверэнітэту, вось у чым небяспека.

Узнік попыт на лідараў

Студэнцкі пратэст у Мінску.

Лукашэнка сказаў, што «гэта не рэвалюцыя, бо няма рэвалюцыянераў».

Тым не менш, лукашэнкаўцы са скуры вылузваліся, каб стварыць ілюзію экстрэмізму пратэстоўцаў: спыненне руху на дарозе гучна называюць тэрарызмам, а міністр унутраных спраў з тэлеэкрана расказваў пра баявыя рагаткі. 

У сапраўднасці, пратэсты былі фантастычна крэатыўныя і масавыя, але нікога, хто б меў план узяцця ўлады, мы не пабачылі. Былі асобы-сімвалы (Ціханоўская), былі асобы са сваім аўтарытэтам (Калеснікава, Латушка), былі палітвязні-пакутнікі, былі тэлеграм-каналы, што заводзілі народ і прапаноўвалі месца збору, але асобы-важака не было, наперадзе калоны ніхто не ішоў, дэманстранты рушылі самі сабою без канкрэтнай задачы, 16 жніўня не было нікога з планам дзеянняў на 17-га, 23-га ці 31-га. Людзі выходзілі без лідараў, чакалі, што тыя з’явяцца з планам, а тыя не аб’явіліся. Патэнцыйных лідараў зняволілі ці выціснулі з краіны.

Попыт нараджае прапанову, таму, не выключана, што мы станем сведкамі нараджэння новых лідараў і іх груп, магчыма, нават унутры сілавых структур — калі публічная палітыка будзе заставацца немагчымая, яны будуць заканспіраваныя.

Пратэсты прывялі да разумення: перамены маюць шанцы адбыцца тады, калі ім будуць спрыяць сілавікі ці хаця б частка сілавікоў; каб перамены адбыліся, трэба змагацца не з сілавікамі, а за сілавікоў.

Святлана Ціханоўская захавала маральны аўтарытэт (здаецца, гэта надоўга) і стварыла вакол сябе рэалістычна настроены эміграцыйны цэнтр, але перамены могуць выспець (або не выспець) толькі ўнутры краіны.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930