Знайсці
02.01.2021 / 09:53РусŁacБел

Навукоўцы вызначылі планету, з якой на Зямлю паступіў загадкавы сігнал

Дзіўны сігнал, які мог даляцець да Зямлі з найбліжэйшай да Сонца зорнай сістэмы, даследуюць як прыкмету пазазямнога жыцця, піша BBC.

Эксперты кажуць, што ёсць прыкметы таго, што сігнал паступіў з экзапланеты Проксіма Цэнтаўра b, «суперзямлі» са скалістай паверхняй, на якой, як лічыцца, ёсць вадкая вада і якая знаходзіцца за 4,2 светлавога года ад зямлі.

Некаторыя даследчыкі нават лічаць, што на гэтай планеце існуе атмасфера.

Экзапланета Проксіма Цэнтаўра b з'яўляецца часткай зорнай сістэмы Альфа Цэнтаўра, найбліжэйшай да Сонца.

Сігнал выявіў у 2019 годзе гіганцкі радыётэлескоп, які знаходзіцца ў Аўстраліі, і з тых часоў навукоўцы спрабавалі зразумець гэтую з'яву.

І сярод разгледжаных гіпотэз ёсць тая, што паходжанне сігнала звязана з нейкай формай жыцця за межамі Зямлі.

«Гэта быў сігнал, які з'явіўся адзін раз і ніколі не паўтараўся. Ён меў частату, якую не выпраменьваюць наземныя прылады, такія як спадарожнікі і караблі», — патлумачыла BBC Мар Гомес, доктарка фізічных навук з мадрыдскага ўніверсітэта Камлутэнсэ.

«Паколькі ў космасе няма гуку, адзіны спосаб, якім мы можам мець зносіны, гэта, так бы мовіць, радыёхвалі. Мы можам выпраменьваць іх у касмічную прастору, і, магчыма, на іншай планеце або зорнай сістэме існуе форма жыцця, якая спрабуе кантактаваць», — тлумачыць даследчыца.

Мар Гомес адзначае, што цяпер навуковая супольнасць не распаўсюджвае інфармацыю аб даследаванні сігналу, які мог паступіць з Проксіма Цэнтаўра b.

NASA ацэньвае Проксіма Цэнтаўра b як экзапланету, крыху большую зямлі (у 1,27 разы). Яе выявілі толькі ў 2016 годзе.

Усё больш навукоўцаў сцвярджаюць, што да пошукаў пазазямнога жыцця варта ставіцца больш сур'ёзна.

У NASA ёсць свае праекты ў гэтай галіне, і гэта выходзіць за рамкі астранамічных назіранняў.

У ліпені гэтага года запушчана місія робата-усюдыхода Perseverance па пошуку прыкмет жыцця на Марсе. Perseverance будзе даследаваць Марс па меншай меры адзін марсіянскі год (прыкладна 687 зямных дзён).

Таксама з Зямлі даслалі першы сігнал з мэтай звязацца з цывілізацыямі ў космасе.

Мар Гомес тлумачыць, што такія праекты актуальныя, нават калі гаворка ідзе аб адкрыцці бактэрый або мікробаў на іншых планетах, гэта можа быць адной з самых важных навуковых навін у гісторыі. 

«Той факт, што любая форма жыцця можа існаваць і яе можна знайсці, дазволіць нам ведаць аб сваім уласным паходжанні і пра тое, як можа развівацца жыццё. Па сутнасці, гэта ключавое пытанне нашага існавання», — падсумоўвае даследчыца.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера