Знайсці
30.12.2020 / 09:21РусŁacБел

Віктар Малышчыц: Як я ўдзельнічаў ва Усебеларускім сходзе

«Адна за адной пасыпаліся ўжо навіны пра будучы Усебеларускі народны сход. І людзі пачалі жвава абмяркоўваць, хто ж там будзе ўдзельнічаць і якія рашэнні будуць прымацца. А самыя фанатычныя ўжо разгарнулі кампанію па высоўванні сваіх кандыдатур у якасці дэлегатаў схода. Дзесяць год таму я сам быў дэлегатам, — піша Віктар Малышчыц. 

 - У 2010-м мяне настойліва пачалі запрашаць. Спачатку просьбу перадавалі праз дырэктара школы, дзе я працаваў. Потым выклікалі да начальніка раённага аддзела адукацыі — той не наязджаў і не крычаў, а таксама ветліва ўгаворваў. Відаць, у іх была разнарадка — з нейкага там раёна прадставіць, напрыклад, аднаго заслужанага і аднаго маладога настаўніка. Я тады быў зусім яшчэ зялёны, кар'ера імкліва ішла ўгару, нашы вучні грамілі ўсіх на алімпіядах і конкурсах па астраноміі — відаць, таму і паклікалі.

Я некаторы час адбрыкваўся, але начальнік паабяцаў, што на сходзе будзе секцыя адукацыі, дзе можна будзе выказацца пра надзённыя праблемы, абмеркаваць перспектывы. Гэта мяне і падкупіла: я ўжо ў галаве пракручваў, як разану з трыбуны праўду-матку.

І хоць мы дамовіліся, што ад мяне не патрабуецца нічога, акрамя ўдзелу ў «народным» сходзе, давялося схадзіць і на іншыя паседжанні. Спачатку гэта быў раённы сход у Палацы культуры ветэранаў. Там зачыталі доўгі спіс дэлегатаў Цэнтральнага раёна і прапанавалі ўсім прысутным прагаласаваць «за» або «супраць».

Супраць ніхто руку і не падняў, бо ўсе ведалі: за сходам сочыць усё кіраўніцтва на чале са старшынёй раёна; зробіш няправільны ход — заўтра ўжо даложаць твайму начальству на працу. Так і здарылася са мной, калі я ўцёк з канцэрта Дарафеевай — адразу далажылі ў школу.

Потым быў гарадскі сход па такой жа схеме. Мяне там ужо памяталі, таму калі я ізноў уцёк (трэба было бегчы ў школу працаваць на алімпіядзе), то ўжо праз пяць хвілін паднялі ўсю адміністрацыю на вушы.

Затым настаў час падарункаў. У 2015 годзе ўсе абураліся, што дэлегатам дарылі планшэты за 300 баксаў. У 2010-м грошай на падарункі патрацілі ненашмат менш. У пэўны дзень усіх пачалі выклікаць у адміністрацыю раёна і выдаваць мікрахвалёўкі нашага «Гарызонта», пры гэтым вельмі просячы нікому не казаць, дзе тую мікрахвалёўку ўзяў. А на самім мерапрыемстве да гэтага дадаўся скураны партфель, як у сапраўднага чыноўніка, гадзіннік з адмысловай гравіроўкай да сходу і яшчэ нейкая драбяза.

Сам сход складаўся з дзвюх частак — пленарная сесія і работа па секцыях. Сесія адбывалася ў Палацы рэспублікі, дзе на сцэне сядзеў вялізны прэзідыум. У цэнтры - месца Лукашэнкі, побач міністры і памочнікі, былі і прадстаўнікі асноўных канфесій.

Філарэт натхнёна пляскаў пасля кожнай фразы пра «любімую не аддадзім», Кандрусевіч не пляскаў. Але сядзеў у прэзідыуме. Але ўсё ж не пляскаў.

Большую частку паседжання саліраваў адзін чалавек, начхаўшы на ўсе рэгламенты і праграмы. Народ хацеў спаць, а камера спецыяльна выхоплівала самых сонных і транслявала на вялікіх экранах

— дакладна, як падчас апошняга паслання гэтым летам. Потым выступалі і іншыя, хуценька зачытваючы даўно напісаны і правераны ўсімі службамі тэкст. Наіўна меркаваць, што яны там нешта ад сябе казалі, бо ў нас нават на сустрэчах з міністрам ты мусіш напісаць тэкст на зададзеную тэму і ўзгадніць яго з усімі зацікаўленымі бакамі.

Праца па секцыях была дакладна такой жа: усе дружна заслухоўвалі некалькі нудных дакладаў загадзя падабраных людзей. Калі вы думаеце, што нешта там можаце прапанаваць ці на нейкае рашэнне паўплываць — пакіньце гэтыя мары.

Самым прыемным момантам гэтага «абмеркавання», «дыялогу» будзе толькі вячэра пад жывую класічную музыку ў кампаніі старшыні выбарчай камісіі, якая дзеліцца з табой жудасным перажываннем, што ў камісію нейкім чынам патрапіў апазіцыянер, і цяпер яна не ведае, як ёй сфальсіфікаваць галасы.

На другі дзень усё паўтарылася па той жа схеме. Пра што гаварылася — я не чуў, бо чытаў увесь дзень кнігу… У канцы зачыталі доўгую рэзалюцыю, прынятую па выніках сходу і прапанавалі за яе прагаласаваць. Напэўна, прагаласавалі станоўча, бо галасы ўсё адно ніхто не лічыў.

А потым праз два тыдні я адправіўся на Плошчу — першую ў сваім жыцці. І не апошнюю, вядома. Потым былі і ўзнёслыя шэсці па праспекце, і ўцёкі ад АМАПу па дварах — карацей, усе радасці звычайнага беларуса. А ўдзел ва Усебеларускім сходзе застаўся фактам біяграфіі, пра які сорамна людзям і сказаць.

І калі нехта зараз заклікае ісці туды, выстаўляць сваю кандыдатуру ў дэлегаты і атрымаць сабе ў біяграфію такую ж пляму — прачытайце яшчэ раз мой тэкст і адкажыце, на якім з этапаў за вас нехта прагаласуе, на якім этапе вы здолееце прасунуць праўкі ў Канстытуцыю і свой план развіцця Беларусі, на якім этапе сходу вы зможаце паўплываць на лёс нашай краіны?

Зрэшты, ніякіх пытанняў там вырашаць і не будуць — усё ўжо даўно і так вырашана і напісана. Адным чалавекам. А на лёс нашай краіны, наколькі вы памятаеце, мы ўплываем зараз зусім у іншых месцах і ў іншай форме».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера