Знайсці
08.05.2021 / 21:13РусŁacБел

Нюрнбергскі працэс: чаму такія трыбуналы важныя

У маі 1945 года Германія пад ціскам войскаў саюзнікаў капітулявала. Другая сусветная вайна ў Еўропе скончылася, але заставаўся адзін апошні, важны крок. Ім стаў Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу, на якім асудзілі і пакаралі нацысцкіх злачынцаў. Як ён праходзіў, піша Андрэй Акушка.

Лава падсудных. Нацыстаў сцерагуць амерыканцы ў белых касках і белых пальчатках. Фота: wikimedia.commons

Другая сусветная была нетыповай вайной. Яна стала сутыкненнем ідэалогій. Узровень жорсткасці ў гэтым супрацьстаянні быў страшны. Масавыя смерці палонных, жахлівае абыходжанне з грамадзянскім насельніцтвам, дзясяткі мільёнаў загінулых выклікалі лагічнае рашэнне асудзіць тых, хто вінаваты ў гэтых злачынствах. Але спецыяльнага органа, які б за гэта адказваў, тады не было, таму яго прыйшлося ствараць з нуля.

Ці быць трыбуналу?

Першыя прапановы наконт арганізацыі трыбунала ўзніклі ў 1942 годзе, калі ў заходніх СМІ пачалі з’яўляцца артыкулы пра надзвычайную жорсткасць нацыстаў. Хутка гэтае пытанне пачалі ставіць і на найвышэйшым узроўні. У лістападзе 1943-га на Маскоўскай сустрэчы прадстаўнікі Вялікабрытаніі, ЗША і СССР падпісалі дэкларацыю, у якой папярэдзілі гітлераўцаў аб адказнасці за злачынствы.

Далей з’явілася праблема: не ўсе лідары хацелі арганізацыі суда. Брытанскі прэм’ер Уінстан Чэрчыль, які не любіў камуністаў, нечакана для сябе заўважыў, што апынуўся на адным баку з Іосіфам Сталіным. Чэрчыль не жадаў трыбунала, бо баяўся, што нацысты выкарыстаюць працэс для прапаганды. А Сталін баяўся, што на судзе ўсплывуць злачынствы СССР накшталт нападу на Фінляндыю ці расстрэлаў у Катыні.

Пасля доўгіх перамоў, у якіх не апошнюю ролю адыграла пазіцыя ЗША, бакі дамовіліся, што суд усё ж будзе. Яго схему распрацоўвалі доўга з-за рознагалоссяў паміж краінамі. Напрыклад, наваствораная Камісія аб’яднаных нацый па міжнародных злачынствах не магла эфектыўна працаваць, бо СССР патрабаваў там сем месцаў — для сваіх рэспублік, што пацярпелі ад нацыстаў, у тым ліку БССР. Вялікабрытанія і ЗША былі супраць уключэння фіктыўных дзяржаў, і таму перамовы зайшлі ў тупік.

Праз нейкі час усё ж дамовіліся, у тым ліку пра тое, што найбольш адыёзныя фігуры атрымаюць максімальна суровае пакаранне — смерць.

У лютым 1945-га на Ялцінскай канферэнцыі (гл. пра яе артыкул у № 8/2019 «Нашай гісторыі») паўстала ідэя правесці трыбунал максімальна публічна, пад пільнымі поглядамі журналістаў і фатографаў. Каб увесь свет убачыў, як асуджаюць галоўных злачынцаў XX стагоддзя.

Галоўны дакумент Міжнароднага ваеннага трыбунала — «Хартыя» — быў падпісаны 8 жніўня 1945-га. Пасля прыйшлося ўзгадняць спіс абвінавачаных, бо кожная краіна прапаноўвала свае кандыдатуры. Напрыклад, СССР дамогся, каб туды дадалі двух чалавек — адмірала Эрыха Рэдэра і прапагандыста Ганса Фрычэ. Але былі і тыя, каго са спісу выкраслілі, як прамыслоўца Густава Крупа (з-за пагаршэння ягонага псіхічнага і фізічнага здароўя).

Канчатковы спіс асоб, арганізацый і злачынстваў быў гатовы 6 кастрычніка. Пачатак трыбунала прызначылі на 20 лістапада 1945-га ў Нюрнбергу. Месца было абранае нездарма: у гэтым горадзе ў часы Трэцяга рэйха праходзілі з’езды кіраўнічай Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП). Было сімвалічна асудзіць нацызм у адным з яго цэнтраў.

Судовая зала №600 Нюрнбергскага палаца юстыцыі. Менавіта тут слухалі галоўных злачынцаў ХХ стагоддзя. Фота: shatterstock.com by 

Суды

На час трыбунала Нюрнберг стаў самым бяспечным горадам на планеце. Дзяржавы-пераможцы баяліся, што на волі засталіся актыўныя нацысты, якія паспрабуюць адбіць аднапартыйцаў. Таму вуліцы патрулявалі не толькі вайскоўцы, але нават і танкі! Сам трыбунал складаўся з галоўных суддзяў, іх намеснікаў і абвінаваўцаў. Старшынёй стаў англійскі лорд юстыцыі Джэфры Лоўрэнс. Кіраўніком савецкай дэлегацыі прызначылі генерал-маёра юстыцыі Іону Нікітчанку, амерыканскай — былога генеральнага пракурора Фрэнсіса Бідла, а французскай — прафесара права Анры Данед’е дэ Вабра.

Кожны дзень суддзі, іх памочнікі, абвінавачаныя, журналісты, сведкі і іншыя збіраліся ў будынку трыбунала. Сам працэс не быў судзілішчам, усё ішло па законе. Кожны з нацыстаў атрымаў адваката, і яны сапраўды спрабавалі абараніць сваіх кліентаў. Пасяджэнні вяліся на чатырох мовах: англійскай, рускай, французскай і нямецкай. Каб ўсе маглі іх зразумець, працавалі і людзі, і сістэма сінхроннага перакладу ад знакамітай кампаніі IBM. Гэтая ж кампанія забяспечыла прысутных мікрафонамі і навушнікамі. Уся тэхніка была найлепшай якасці — трыбунал стаў галоўнай падзеяй у свеце, за якой сачылі ў розных кутках Зямлі. Не забыліся і пра стыль — амерыканскія ахоўнікі ў белых касках і белых пальчатках надоўга сталі сімвалам працэсу.

На лаве падсудных у Нюрнбергу была і жанчына. Гэта лекарка Герта Оберхойзер, якая ўдзельнічала ў бесчалавечных эксперыментах на людзях у Асвенцыме. Ёй прысудзілі 20 гадоў турмы, але прабыла яна ў няволі толькі 5, пасля чаго была адпушчаная за добрыя паводзіны. Цікава, што пасля турмы Герта нават уладкавалася працаваць тэрапеўтам, але адзін з пацыентаў яе пазнаў. Падняўся скандал, і былую эксперыментатарку пазбавілі права на медычную прафесію. Герта Оберхойзер пражыла 67 год і памерла ў 1978 годзе. Фота: liveinternet.ru

У некаторыя моманты суддзям у Нюрнбергу даводзілася нялёгка. Многія абвінавачаныя актыўна выступалі ў сваю абарону, іх падтрымлівалі і адвакаты. Знайшлося нямала тэм, якія саюзнікі жадалі замесці пад дыван. Скажам, калі ішло абмеркаванне злачынстваў супраць міру, немцы патрабавалі разгледзець усе аналагічныя прыклады. У тым ліку напад СССР на Фінляндыю, удзел Чырвонай арміі ў падзеле Польшчы і планы Вялікабрытаніі і Францыі захапіць Нарвегію, каб не аддаць яе Германіі. У выніку саюзнікі дамовіліся ўвогуле не слухаць апраўданні накшталт «вы таксама гэта рабілі».

Лягчэй стала, калі дайшло да ваенных злачынстваў. Суддзі пабачылі тысячы доказаў таго, што тварылі нацысты на акупаваных тэрыторыях. Гітлераўцы забівалі жыхароў, вывозілі іх у Трэці рэйх, бралі закладнікаў, расстрэльвалі палонных, знішчалі населеныя пункты і вялі палітыку германізацыі. Хапала сведак і па тэме злачынства супраць чалавецтва (Халакосту і іншых). Было лёгка даказаць, што нацысты каралі сваіх праціўнікаў, катавалі і прыніжалі сотні тысяч чалавек, забівалі ў канцлагерах яўрэяў, славян, прадстаўнікоў іншых нацый. Нарэшце, чацвёртым (у храналагічным парадку першым) абвінавачваннем сталі планы НСДАП па падрыхтоўцы агрэсіі супраць усяго свету. Тут таксама ўсё было лёгка даказаць з дапамогай дакументаў, у першую чаргу нямецкіх.

Галоўныя героі

Пераказваць увесь ход працэсу не будзем. Галоўнае, што кожнаму абвінавачанаму далі шанец апраўдацца. На заслухоўванне доказаў абвінавачвання былі патрачаныя толькі 74 дні, тады як на контраргументы — 133. Гэта не дапамагло амаль нікому. Трыбунал апраўдаў толькі трох чалавек. Імі сталі дыпламат і палітык Франц фон Папэн, прапагандыст Ганс Фрычэ і эканаміст Ялмар Шахт. Трохі пазней усе яны былі асуджаныя камісіямі па дэнацыфікацыі Германіі.

Нямецкі падводнік (і апошні кіраўнік Трэцяга рэйха, які быў ім толькі некалькі тыдняў пасля самазабойства Адольфа Гітлера) Карл Дзёніц атрымаў невялікі тэрмін — 10 гадоў зняволення. Частка суддзяў прапаноўвала яго павесіць, аднак на абарону Дзёніца сталі маракі ЗША. Да іх звярнуўся адвакат Дзёніца, і сумленны амерыканскі адмірал Чэстэр Німіц мусіў прызнаць, што ягоныя ўласныя падначаленыя ў барацьбе з японцамі дзейнічалі не лепш, чым нямецкія капітаны субмарын.

Акрамя Дзёніца ў турму адправілі яшчэ шасцярых нацыстаў, а 12 прысудзілі да павешання. У рэальнасці ж пакаралі толькі дзесяцярых. Начальнік партыйнай канцылярыі НСДАП і асабісты сакратар Гітлера Марцін Борман не трапіў на шыбеніцу, бо яго судзілі завочна (толькі праз шмат гадоў стала вядома, што ён загінуў яшчэ ў маі 1945-га). А Герман Герынг пазбег кары, бо скончыў жыццё самагубствам.

Бадзёры былы кіраўнік люфтвафэ Герман Герынг падчас судовага апытання. Фота: wikimedia.commons

Трыбунал разглядаў справы не толькі людзей, але і арганізацый, што таксама адрознівала яго ад іншых судоў. Нацысцкая партыя (НСДАП), СС, Гестапа і Служба бяспекі (СД) былі прызнаныя злачыннымі структурамі. Караць іх удзельнікаў збіраліся ў залежнасці ад месца ў іерархіі. Напрыклад, большасць эсэсаўцаў вырашылі аддаць пад суд, акрамя навабранцаў, якія не паспелі штосьці нарабіць. А вось шараговых чальцоў НСДАП, калі яны нічога дрэннага фармальна не рабілі, пераследаваць не збіраліся. Супрацоўнікаў Генеральнага штаба і многіх палкаводцаў увогуле апраўдалі, за выключэннем найвышэйшага кіраўніцтва. Тым не менш усе гэтыя арганізацыі (разам са штурмавымі атрадамі (СА), урадам Трэцяга рэйха і вярхоўным камандаваннем вермахта) былі забароненыя ў межах дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі.

Наступствы для чалавецтва

У шматлікіх артыкулах і кнігах працэс у Нюрнбергу пазней называлі «гіганцкім крокам наперад у правах чалавека». Аспрэчыць гэта немагчыма. На працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў войны заставаліся неад’емным атрыбутам існавання homo sapiens. Побач з імі заўжды ішла жорсткасць, часам неверагодная. Як гэта было ў сярэдзіне XVII стагоддзя, калі беларускія землі страцілі да паловы насельніцтва пасля нападу на Рэч Паспалітую Маскоўскай дзяржавы. Але вельмі доўга вайскоўцаў ніхто не прымушаў адказваць за свае паводзіны.

Суд над нацыстамі змяніў гэтую практыку назаўжды. Адным з галоўных яго вынікаў стала з’яўленне тэрміна «злачынны загад». Раней генералы, афіцэры ці жаўнеры маглі схавацца за плячыма вышэйшага кіраўніцтва. Нюрнбергскі трыбунал пастанавіў інакш: «Выкананне загада ўрада ці кіраўніка не вызваляе ад адказнасці, калі фактычна быў магчымы свядомы выбар».

З тых часоў гэтая канцэпцыя засталася амаль нязменнай. Канечне, вайскоўцаў пазбаўляюць адказнасці, калі яны не маглі ведаць, што загад злачынны. Аднак гэта не датычыць актаў генацыду, да якіх зараз адносіцца многае, у тым ліку масавыя згвалтаванні жанчын. Тэрмін «злачынны загад» ёсць і ў беларускім заканадаўстве — яму прысвечаны артыкул 40 Крымінальнага кодэкса.

Таксама ў міжнародным заканадаўстве з’явіўся тэрмін «ваенныя злачынствы», за якія трэба жорстка караць. Для кожнага выпадку прапанавалі ствараць асобныя арганізацыі, адной з іх стаў у 1993-м Гаагскі міжнародны трыбунал па былой Югаславіі. Ён асудзіў дзясяткі сербаў, харватаў, косаўскіх албанцаў і баснійцаў, што парушалі правы чалавека. Сваю працу трыбунал скончыў толькі ў 2017-м, папрацаваўшы амаль чвэрць стагоддзя.

Міжнародныя працэсы супраць тых, хто катуе, гвалтуе ці забівае людзей, не засталіся ў мінулым. Канечне, канстытуцыі многіх краін прызнаюць вяршэнства правоў чалавека. Напрыклад, у другім артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана: «Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы». Вось толькі далёка не заўсёды словы падмацоўваюцца справамі. Парушэнні правоў здараюцца не толькі падчас знешніх, але і ўнутраных канфліктаў. І тады сусветнай супольнасці прыходзіцца казаць сваё важкае слова.

Тыповым прыкладам гэтага стаў Міжнародны суд па С’ера-Леонэ (ёсць такая дзяржава на захадзе Афрыкі), які пакараў удзельнікаў грамадзянскай вайны за забойствы, катаванні, выкраданне людзей і іншыя парушэнні гуманітарнага права. Ён працаваў з 2002 па 2013 год і прысудзіў да турэмных тэрмінаў 10 чалавек. Сярод іх былі палітыкі, вайскоўцы і нават прэзідэнт суседняй Ліберыі, які прадаваў зброю грамадзянам С’ера-Леонэ. І гэты суд наўрад ці стане апошнім такім у гісторыі…

Андрэй Акушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930