Знайсці
09.04.2021 / 23:58РусŁacБел

Заходні марксізм, права на паўстанне і нацыі, якія «не толькі маюць права, але і абавязаныя быць нацыянальнымі». Спадчына Энгельса

Фрыдрыха Энгельса называюць класікам марксізму. Але сам Энгельс слова «марксізм» браў у іранічнае двукоссе. І нагадваў словы Карла Маркса: «Я ведаю толькі тое, што сам я не марксіст». Піша Анатоль Сідарэвіч.

Познегэдээраўскі (1986 год) помнік Карлу Марксу і Фрыдрыху Энгельсу адрозніваўся ад тыпова савецкіх сваёй неартадаксальнай эстэтыкай. Пасля падзення ГДР немцы пакінулі помнікі Марксу і Энгельсу і некаторыя назвы вуліц у іх гонар. У адрозненне ад Леніна, Дзяржынскага і да тых падобных, у Нямеччыне Маркса і Энгельса не адносяць да таталітарнай спадчыны. Праўда, у камуністычныя часы гэты помнік стаяў на адной з цэнтральных плошчаў, а пасля яго перанеслі ў бліжэйшы сквер. Фота: wikimedia.commons

Нягледзячы на адмахванне Энгельса ад марксізму, ён, несумненна, і быў сапраўдным бацькам гэтай ідэалогіі. Трапіўшы ў 1842 годзе другі раз у Англію, ён пачаў пільна прыглядацца да эканамічнага і грамадскага жыцця краіны. Вынікам сталі класічныя працы: «Становішча рабочага класа ў Англіі» і «Накіды да крытыкі палітычнай эканоміі». Вось гэтая другая праца 23-гадовага дэндзі зрабіла вялікі ўплыў на Маркса, і той у 1859-м напіша свой твор, загаловак якога нагадвае загаловак Энгельсавага: «Да крытыкі палітычнай эканоміі». Так з’явілася аснова для Марксавага «Капіталу».

Энгельсу належыць і прыярытэт у фармуляванні пастулатаў камунізму.

У № 3/2020 «Нашай гісторыі» ў артыкуле «Марксізм заходні і марксізм усходні: Ленін і яго рэвалюцыя насуперак Марксу» мы адзначалі, што «з пункту гледжання артадаксальных марксістаў, ленінізм — гэта рэвізія марксізму і нават яго скажэнне. Са з’яўленнем ленінізму адбыўся падзел марксізму на заходні і ўсходні. Ленін — заснавальнік усходняга марксізму. З ленінізму выраслі сталінізм, мааізм, хаджаізм і іншыя таталітарныя плыні. Ленінізм вырас з ранняга марксізму і з расійскага народніцтва».

А вось Энгельс — фактычны ідэолаг позняга, заходняга марксізму, з якім шляхі ленінізму разышліся. Таму, хоць Маркс і Энгельс у Савецкім Саюзе мелі культ, параўнальны з ленінскім, ніяк нельга сказаць, што савецкае грамадства жыло і развівалася ў адпаведнасці з тымі высновамі, да якіх прыйшлі гэтыя мысляры.

Як Маркс, так і Энгельс цягам жыцця няспынна ідэйна развіваліся, і нярэдка бывала так, што яны карэктавалі ці ўвогуле мянялі свае погляды па розных пытаннях пад уплывам новых фактаў і абставін. Іх паслядоўнікі з ліку заходніх марксістаў гэта ўлічвалі, а вось усходнія (Ленін і яго паплечнікі) нярэдка ігнаравалі, упарта несучы на сваіх шчытах пастулаты ранняга марксізму, ад якіх пазней адмовіліся самі іх стваральнікі. Ніжэй — разбор некаторых найбольш прынцыповых пытанняў, няўлік расійскімі бальшавікамі поглядаў па якіх позніх Маркса і Энгельса прывялі да фарміравання савецкага таталітарнага рэжыму і ўсяго таго, што з ім звязана.

Камунізм і сацыялізм

Камунізм Маркс і Энгельс разглядалі як частку сацыялізму, а сам сацыялізм падзялялі на дэмакратычны (які робіць стаўку на мірныя, парламенцкія метады) і рэвалюцыйны. Таму не трэба здзіўляцца, што, пішучы ў 1888 годзе прадмову да англійскага выдання «Маніфеста Камуністычнай партыі», Энгельс назваў яго самым распаўсюджаным творам сацыялістычнай літаратуры. І ў той самай прадмове Энгельс тлумачыў, што сацыялізм у 1847—1848 гадах, калі пісаўся маніфест, «быў «рэспектабельны», а камунізм — якраз наадварот», «сацыялізм быў буржуазным рухам, камунізм — рухам рабочага класа». Вось чаму аўтары назвалі свой твор «Маніфестам Камуністычнай партыі».

З цягам часу сацыялізм стаў ідэалогіяй рабочага руху. Камунізм жа як плынь у сацыялістычным руху паступова адыходзіў на ўзбочыну. І толькі ў Расіі ён стаў прыкметнай сілай і ў час Першай сусветнай вайны аформіўся як самастойная партыя.

Развіццё поглядаў

У 1887 годзе рыхтавалася перавыданне напісанага ў 1845-м Энгельсавага «Становішча рабочага класа ў Англіі». У прадмове да кніжкі аўтар напісаў: «Я наўмысна не выкасаваў з тэксту многія прадказанні, у тым ліку прадказанне блізкасці сацыяльнай рэвалюцыі ў Англіі, на якое я адважыўся пад уплывам сваёй юнацкай гарачнасці».

Бадай, тое ж Энгельс мог сказаць пра многія свае ранейшыя сцверджанні, у тым ліку і пра некаторыя палажэнні Камуністычнага маніфесту. У прыватнасці, ён мог прызнаць, што разам з Марксам перабольшваў пасіянарнасць і згуртаванасць пралетарыяту, не ўлічваў яго падзел на прафесійныя, кваліфікацыйныя, этнічныя і рэлігійныя групы, псіхалогію гэтых груп.

Маладыя Энгельс і Маркс ігнаравалі магчымасць гуманізацыі капіталізму. У 1887 годзе позні Энгельс адзначаў: па меры развіцця капіталізму «ў фабрычнай вытворчасці, як відаць, усталёўваліся нейкія нормы маралі». Гуманізацыя, можна сцвярджаць, адбывалася не так з добрых намераў буржуазіі, як пад ціскам рабочага руху і ліберальных інтэлектуалаў, якія гэтаму руху спачувалі. Да таго ж развіццё капіталізму вяло да ўсеагульнай адукацыі.

Кіроўныя колы заходніх краін лічылі за лепшае пайсці на саступкі рабочым раней, чым пачнуцца сацыяльныя хваляванні. Так, у Нямеччыне, каб не даць сацыялістам стаць самай уплывовай сілай, урад сам рэалізаваў важныя пункты сацыялістычнай праграмы: увёў страхаванне ад няшчасных выпадкаў, ад хваробаў, інваліднасці і пенсійнае страхаванне. У Вялікабрытаніі буржуазія дзялілася звышпрыбыткамі, атрыманымі ад эксплуатацыі калоній. Таму пад канец ХІХ стагоддзя пралетарыяту, апісанага Марксам і Энгельсам у 1840-х, у развітых краінах ужо не было.

Камунізм — гэта рух

Энгельс, як паслядоўнік Гегеля, ведаў, што ўсё ёсць станаўленне і бесперапыннае развіццё. Таму ён задумаўся, ці магчымы такі стан грамадства, на якім далейшае яго развіццё, удасканаленне спыніцца. І ў 1888 годзе ў працы «Людвіг Феербах і канец класічнай нямецкай філасофіі» ён даў адказ: «Гісторыя… не можа атрымаць канчатковае завяршэнне ў нейкім дасканалым, ідэальным стане чалавецтва». Дасканалае грамадства, пісаў ён, можа існаваць «толькі ў фантазіі».

А калі так, то якая тады канцавая мэта сацыялістаў? Аднойчы ў Энгельса так і запыталіся, на што ён адказаў: «У нас няма канцавой мэты. Мы прыхільнікі пастаяннага, бесперапыннага развіцця».

Праз некалькі гадоў Энгельсаў памочнік і душапрыказчык Эдуард Бернштайн напіша: «тое, што разумеюць… пад «канцавой мэтай сацыялізму», мае для мяне… мала сэнсу і цікавасці: гэтая мэта, што б яна ні азначала, для мяне — нішто, рух — усё. І пад рухам я разумею як усеагульны рух грамадства, г. зн. сацыяльны прагрэс, так і палітычную і эканамічную агітацыю і арганізацыю для ўздзеяння на гэты прагрэс».

На Эдуарда Бернштайна накінуліся ўсе асноўныя тагачасныя марксісцкія ідэолагі, але, па сутнасці, яны палемізавалі з Энгельсам. І нават з Марксам, які яшчэ ў 1846 годзе разам з Энгельсам пісаў: «Камунізм для нас не стан, які павінен быць усталяваны, не ідэал, з якім павінна ўзгадняцца рэчаіснасць. Мы называем камунізмам рэальны рух, які знішчае цяперашні стан».

У гэтай цытаце з «Нямецкай ідэалогіі» слова «камунізм» лёгка памяняць на слова «сацыялізм». І наогул, можна сказаць, што сацыялізм — гэта канвенцыйная назва посткапіталістычнага грамадства.

Тое, што пісалі Маркс, Энгельс і Бернштайн, цяпер фармулюецца так: мы не ведаем канцавой мэты гісторыі, нашай задачай з’яўляецца штодзённая барацьба за сацыяльны прагрэс і за тое, што гэтаму прагрэсу спрыяе.

Назву ў гонар Фрыдрыха Энгельса з 1931 года і дагэтуль носіць даволі вялікі горад (насельніцтва каля 230 тысяч чалавек) каля расійскага Саратава. Да гэтага ён называўся Пакроўск, а ў 1922—1941 гадах быў сталіцай спачатку Аўтаномнай вобласці, а пасля Аўтаномнай рэспублікі немцаў Паволжа. Рэспубліку пасля пачатку ў 1941 годзе вайны з Нямеччынай ліквідавалі і пасля ніколі не аднавілі, а вось назва горада так і засталася. Фота: wikimedia.commons

Ад буржуазнага да сацыялістычнага

Маладыя Энгельс і Маркс сутнасць сацыялізму сфармулявалі ў Камуністычным маніфесце так: асацыяцыя, якая прыходзіць на месца буржуазнага грамадства з яго класамі і класавымі супрацьлегласцямі і ў якой свабоднае развіццё кожнага з’яўляецца ўмовай свабоднага развіцця ўсіх.

Праз 30 гадоў Энгельс у працы «Анты-Дзюрынг» пісаў пра сацыялізм: гэта скачок з царства неабходнасці ў царства свабоды, калі «людзі пачнуць зусім свядома самі тварыць сваю гісторыю», калі прыведзеныя імі ў рух грамадскія прычыны будуць у пераважнай і ўсё больш узрастаючай меры весці да тых наступстваў, якіх людзі жадаюць. Такім чынам, свабода — гэта ў значнай меры і свабода ад тых абмежаванняў, якія на чалавека накладаюць прырода і гісторыя.

І калі раннія Энгельс і Маркс сцвярджалі, што пераход да сацыялізму магчымы толькі праз гвалтоўнае звяржэнне тагачаснага ладу, то ў 1890 годзе адзін з лідараў нямецкіх сацыялістаў, Вільгельм Лібкнехт, агучыў тэзіс аб урастанні капіталістычнага грамадства ў сацыялістычнае. І што на гэта адказаў Энгельс? А Энгельс не асабліва запярэчыў: «Можна сабе ўявіць, што старое грамадства магло б мірна ўрасці ў новае ў такіх краінах, дзе народнае прадстаўніцтва засяроджвае ў сваіх руках усю ўладу, дзе канстытуцыйным шляхам можна зрабіць усё што заўгодна, калі толькі маеш за сабой большасць народа».

А што з узброеным паўстаннем?

З 1878 года ў Нямеччыне сацыялісты былі пад забаронай. Спачатку ў Швейцарыі, а потым у Англіі яны выдавалі нелегальную газету «Сацыял-дэмакрат» (Der Sozialdemokrat). У 1890-м партыя легалізавалася, і патрэба выдаваць гэту газету адпала. У развітальным слове да чытачоў Энгельс пісаў, што сацыялістам цяпер трэба спрабаваць абыходзіцца толькі законнымі сродкамі барацьбы, бо такім чынам «дасягаюцца найбольшыя вынікі». Калі ўлада будзе дзейнічаць супрацьпраўнымі метадамі, то і сацыял-дэмакратыя вымушана будзе стаць на незаконны шлях. Далей ён апеляваў да брытанскага права, якое дапускае паўстанне ў тым разе, калі ўлада выходзіць за рамкі закона. Дык вось, калі ўлады Нямеччыны выйдуць за рамкі закона, ці будзе партыя будаваць барыкады, апеляваць да сілы зброі? «Такое задавальненне сваім ворагам яна пэўна не даставіць», — адказваў Энгельс.

Ва ўводзінах да Марксавай кнігі «Класавая барацьба ў Францыі…» (1895) Энгельс адзначаў, што паўстанне тыпу 1848 года ў значнай меры састарэла. Бо супраць паўстанцаў будзе пушчана войска, якое мае гарматы і добра забяспечаныя ды вывучаныя сапёрныя часткі. Да таго ж барыкады маюць больш маральнае, чым матэрыяльнае значэнне, пісаў Энгельс. Барацьба на барыкадах паспяховая, калі войска стомленае, кепска забяспечанае, калі жаўнеры адмаўляюцца страляць, а ў камандзіраў прапала рашучасць. Усе гэтыя моманты трэба ўлічваць, перш чым пачынаць паўстанне. З другога боку, яно можа быць выгаднае паноўным класам, якія іншы раз правакуюць народ, «хочуць завабіць нас неадменна туды, дзе страляе ружжо і сячэ шабля».

І яшчэ адна цытата: «Мы, «рэвалюцыянеры», «звяргальнікі», мы маем значна большыя поспехі з дапамогаю легальных сродкаў, чым з дапамогай нелегальных ці з дапамогай перавароту».

Дыктатура пралетарыяту

Гэтае паняцце ўвёў у тэорыю сацыялізму Карл Маркс. Энгельс у працяг думкі «спецыфічнай формай для дыктатуры пралетарыяту» назваў дэмакратычную рэспубліку. Па іх разуменні, дыктатура пралетарыяту — гэта ўлада рабочага класа, але з умовай захавання дэмакратычных нормаў і працэдур, у тым ліку свабодных выбараў. Менавіта з гэтых пазіцый крытыкавалі бальшавікоў за іх гвалтоўную «дыктатуру пралетарыяту» еўрапейскія паслядоўнікі Маркса і Энгельса.

Ці могуць сацыялісты быць нацыяналістамі?

Маладыя Энгельс і Маркс пісалі, што рабочыя не маюць айчыны. Яны лічылі, што ў будучыні пралетарыят, узяўшы ўладу, стане адным нацыянальным класам, і гэта паскорыць знікненне міжнацыянальных супярэчнасцяў. «У той меры, у якой будзе знішчана эксплуатацыя аднаго індывідуума другім, знішчана будзе і эксплуатацыя адной нацыі другою». Гэты тэзіс стаў для пэўнай часткі марксістаў догмаю.

Сталы Энгельс жыў у перыяд, калі завяршаўся падзел свету і наспявала барацьба за яго перадзел. Ён бачыў, што ў каланізацыі актыўны ўдзел бралі і сыны рабочага класа, што рабочыя Вялікабрытаніі, Францыі ды іншых краін мелі з каланізацыі выгады. Ён бачыў, што паміж працоўнымі метраполій і калоній, пануючых і прыгнечаных нацый не можа быць інтэрнацыяналізму. «Інтэрнацыянальны рух пралетарыяту, — пісаў ён, — наагул магчымы толькі ў асяроддзі самастойных нацый». Пішучы аб прыгнечаных Ірландыі і Польшчы, Энгельс заявіў, што гэтыя нацыі «не толькі маюць права, але і абавязаныя быць нацыянальнымі, перш чым яны стануць інтэрнацыянальнымі». Тое ж, пэўна, лагічна датычыла і Беларусі, і іншых «ускраін Расійскай імперыі».

Лагічна, што сталы Энгельс адмаўляў тэзіс ранняга марксізму пра тое, што сацыяльнае вызваленне павінна папярэднічаць нацыянальнаму. Ён пісаў: «Ліквідацыя нацыянальнага ўціску з’яўляецца асноўнай умовай усякага здаровага і свабоднага развіцця. Польскіх сацыялістаў, якія не ставяць вызваленне краіны на першае месца ў сваёй праграме, я параўнаў бы з нямецкімі сацыялістамі, якія б не жадалі патрабаваць у першую чаргу адмены закона супраць сацыялістаў, увядзення свабоды друку, саюзаў і сходаў. Для таго каб мець магчымасць змагацца, патрэбна спачатку глеба пад нагамі, паветра, святло і прастора. Інакш усё — балбатня».

У чым ён памыляўся

Працяглы час ад савецкіх людзей хавалі працу Энгельса «Замежная палітыка расійскага царызму» (1890). У гэтай працы ён пісаў, што Расійская імперыя «з’яўляецца галоўным аплотам, рэзервовай пазіцыяй і разам з тым рэзервовай арміяй еўрапейскай рэакцыі», што «адно ўжо яе пасіўнае існаванне ўяўляе для нас пагрозу і небяспеку», што «сваім пастаянным умяшальніцтвам у справы Захаду гэтая імперыя затрымлівае і парушае нармальны ход нашага развіцця і робіць гэта з мэтаю заваявання для сябе такіх геаграфічных пазіцый, якія забяспечвалі б ёй панаванне над Еўропай і тым самым зрабілі б немагчымай перамогу еўрапейскага пралетарыяту».

Энгельс думаў, што пасля падзення царызму замежная палітыка Расіі памяняецца. Таму, пісаў ён, «Заходняя Еўропа наагул і заходнееўрапейская рабочая партыя асабліва зацікаўленыя, вельмі глыбока зацікаўленыя ў перамозе расійскай рэвалюцыйнай партыі». І якраз тут ён моцна памыліўся.

Выявы гэтай тройцы былі ў Савецкім Саюзе будзённасцю, а таму ў масавай свядомасці гэтыя тры дзеячы ўспрымаліся ледзь не як адзінае цэлае. Але насамрэч ленінізм быў не непасрэдным працягам ідэяў Маркса і Энгельса, а хутчэй адхіленнем ад іх. Крыніца: topcor.ru

Цэнзура выключаецца

Тыя, хто жыў у СССР, ведаюць, што такое партыйнасць навукі, літаратуры і мастацтва. Нават дысертацыю па матэматыцы нельга было абараніць без цытат з Маркса, Энгельса, Леніна, партыйных пастаноў і прамоў дзейнага генеральнага сакратара КПСС. Дык вось, практыка бальшавікоў цалкам разыходзілася з тым, як да навукі падыходзіў Энгельс.

У 1875 годзе ў нямецкім горадзе Гота, што ў Цюрынгіі, праходзіў аб’яднаўчы з’езд дзвюх нямецкіх рабочых партый. Маркс, прачытаўшы праект праграмы новай і адзінай партыі, напісаў даволі непрыемную для яе аўтараў крытыку, якую так і назвалі — «Крытыка Гоцкай праграмы». Кіраўнікі партый дзеля таго, каб працэс аб’яднання прайшоў паспяхова, схавалі Марксаў тэкст пад сукно. «Крытыку Гоцкай праграмы» апублікавалі толькі ў 1891-м, калі нямецкія сацыял-дэмакраты рыхтаваліся прыняць новую праграму партыі.

Публікацыя ў партыйным «Новым часопісе» (Die Neue Zeit) выклікала абурэнне партыйных правадыроў, пачуліся заклікі прыструніць рэдактара Карла Каўцкага. І на абарону свабоды слова ў партыйным жыцці выступіў Энгельс. Ён пісаў: «ніякая партыя той ці іншай краіны не можа прымусіць мяне маўчаць, калі я вырашыў гаварыць… Вам, партыі, патрэбна сацыялістычная навука, а яна не можа існаваць без свабоды развіцця. Тут ужо даводзіцца мірыцца з усякімі непрыемнасцямі, і лепш за ўсё рабіць гэта з годнасцю, без нервовасці». А ў лісце да Каўцкага ўдакладняў, што «ўсякая партыйная цэнзура выключаецца».

Творчая спадчына Фрыдрыха Энгельса і яго паслядоўнікаў у значнай меры стала асновай для таго, што называюць заходнім марксізмам, а заходні марксізм нароўні з іншымі філасофскімі, сацыялагічнымі, эканамічнымі і палітычнымі вучэннямі і цяпер уплывае на грамадскую думку заходніх краін. Пэўны ўплыў ён мае і на посткамуністычнай прасторы, у тым ліку беларускай.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031