Знайсці
07.12.2020 / 00:34РусŁacБел

«Дашкевіч вельмі памыляецца наконт Бабарыкі»

Піша ў сябе ў фэйсбуку Аляксандр Пашкевіч.

Я, як і многія іншыя, вельмі паважаю Змітра Дашкевіча за ягоную ідэйнасць і самаахвярнасць. Але ў той жа час лічу, што людзям, якія займаюцца грамадска-палітычнай дзейнасцю, не трэба штучна падганяць пад уласныя ідэі рэчаіснасць. Бо яна за гэта помсціць.

Як бы ні ставіцца да Бабарыкі, факт тое, што менавіта ягонае вылучэнне ў прэзідэнты вясной, разам з вылучэннем Ціханоўскага і Цапкалы, сталася тым першым каменьчыкам, што зрушыў лавіну, якую карнікі не могуць утаймаваць да гэтай пары.

Чытайце таксама: Дашкевіч пра Бабарыку: Ён не мог быць лідарам для соцень тысяч чалавек, якія выйшлі і ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг

І тое, колькі людзей з ходу запісалася ў ягоную ініцыятыўную групу, і тое, колькі тая група сабрала подпісаў, і

розныя іншыя шматлікія факты і факцікі абсалютна адназначна сведчаць пра тое, што гэты чалавек меў вялікую папулярнасць — відаць, значна большую за ўсіх іншых прэтэндэнтаў.

Падабаецца гэта нам ці не падабаецца. І тыя людзі, якія на яго працавалі і якія за яго збіраліся галасаваць (ды наўрад ці кардынальна змянілі свае сімпатыі і цяпер), сёння ходзяць пад бел-чырвона-белымі сцягамі. З якімі ім яшчэ хадзіць — з аўтазачнымі?

Увогуле, па-мойму, вялікая маніпуляцыя прадстаўляць Бабарыку і ягоную каманду як ледзь не лютых ворагаў бел-чырвона-белага сцяга, якія цяпер зубамі скрыгочуць і валасы на сабе рвуць, бачачы ягоную папулярнасць.

Наколькі я памятаю, ніколі з вуснаў Бабарыкі і ягонага найбліжэйшага атачэння не гучала на адрас БЧБ ніякага негатыву. Іншая справа — што відавочна ў пачатку выбарчай кампаніі была ўстаноўка на пытанні сімволікі (як і на пытанні мовы) не зацыклівацца, па магчымасці яго абыходзіць або выказвацца абцякальна. Што і рабілася. Бо лічылася, што для асноўнай масы насельніцтва гэта не прынцыпова і не цікава, а робячы акцэнт на гэтым хутчэй шмат каго адвернеш, чым прыцягнеш. На практыцы ж аказалася, што ніякай праблемы ў выніку не ўзнікла, яе перабольшвалі. І думаю, усе гэтаму толькі радыя.

Не сумняваюся, што і Бабарыку сустракаць з турмы будуць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, і сам ён ахвотна і нязмушана пад гэты сцяг стане. Без усялякіх унутраных згрызот.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера