Знайсці
04.12.2020 / 18:21РусŁacБел

З працы звольнілі ідэолага Жлобінскіх электрасетак — на яе ўчастку перамагла Ціханоўская. Без працы застаўся і муж

Натальля і Дзьмітры Чавускіны

30 лістапада быў апошні працоўны дзень намесьніцы дырэктара па агульных пытаньнях філіялу «Жлобінскія электрычныя сеткі» РУП «Гомельэнэрга» Натальлі Чавускінай. Бяз працы застаўся і яе муж — начальнік аддзелу сацыяльнага разьвіцьця электрасетак, піша «Радыё Свабода».

Афіцыйная прычына звальненьня — грубае парушэньне працоўных абавязкаў.

Падставай стала рашэньне камісіі па супрацьдзеяньні карупцыі, якая «прызнала магчымасьць наяўнасьці ці патэнцыйнага ўзьнікненьня канфлікту як у службовых асоб прадпрыемства».

Самі Чавускіны перакананыя, што прычына ў іх актыўнай грамадзянскай пазыцыі. Натальля Чавускіна была старшынёй, а Дзьмітрый — сябрам камісіі на ўчастку, дзе перамагла Сьвятлана Ціханоўская.

За ўдзел у маршы Дзьмітрый адседзеў 15, а Натальля — 10 сутак у жлобінскім ІЧУ.

Натальля адпрацавала ў электрасетках 15, а Дзьмітрый — 13 гадоў. Дысцыплінарных спагнаньняў ня мелі. Палітыкай не цікавіліся. Да таго часу, пакуль у краіне ня здарылася 9 жніўня 2020 году.

«Выбарцы нам казалі: «Гарыце ў пекле!»

На мінулых выбарах Натальля ўзначальвала ўчастковую камісію. Дзьмітрый быў сябрам камісіі. Паводле словаў Натальлі, усе сябры камісіі пагадзіліся сумленна лічыць галасы. «Па-іншаму я не магла. Як бы я потым спала? Вырашыла зрабіць так, каб не было сорамна. Калі сябры ўчастковай камісіі абыходзілі выбарцаў — раздавалі запрашэньні, то некаторыя пракліналі камісію і казалі: «Гарыце вы ў пекле!» Многія выбарцы прасілі, у тым ліку і мяне, сумленна правесьці выбары», — кажа Натальля.

На яе ўчастку Ціханоўская набрала прыкладна 220 галасоў, Лукашэнка — каля 120. Усяго галасавала каля 400 чалавек.

«Да жніўня мы былі абсалютна апалітычнымі. Жылі ў сваім сьвеце — сям’я, сабакі, і нам ніхто не патрэбны. Пра тое, што адбываецца ў краіне, ведалі нейкі мінімум», — кажа Дзьмітрый.

«Што вы за ідэоляг, што вашыя людзі ходзяць абы-куды!»

Сям’я жыве ў цэнтры Жлобіна. 10 жніўня яны сталі сьведкамі, што на вуліцах гораду пачалася «проста бойня». Потым супрацоўнікі электрасетак, якія трапілі «пад раздачу», расказвалі гэта ўсё Натальлі. «Гэта было пекла. Білі ўсіх, і білі моцна. Так сьціскалі сьцяжкамі рукі, што яны чарнелі! Я была ў шоку. А на працы мне казалі: «Што вы за ідэоляг, што вашыя людзі ходзяць абы-куды», — кажа былы ідэоляг.

Тым часам кіраўніцтва прасіла яе правесьці зь «нядобранадзейнымі» гутарку.

«Я ім параіла быць разумнымі, каб не трапляцца зноў… А камандаваць людзьмі — хто я такая?» — кажа Натальля.

«Нас абурыў той гвалт, які адбыўся ў нашым горадзе. Быў сход, на якім прысутнічаў начальнік міліцыі. Ён абяцаў, што за мірныя маршы нікога ня будуць караць. 16 жніўня якраз быў чарговы марш. Мы выйшлі таксама, бо нам было цікава паглядзець, што робіцца ў нашым горадзе. Усё было абсалютна мірна, спакойна. Людзі ішлі радасныя, са сьцягамі. Міліцыя нікога не чапала, не папярэджвала. Адчувалася, што гэта такая дэманстрацыя, кшталту 9 траўня», — кажа Дзьмітрый.

«Людзей пазбаўляюць права заставацца людзьмі»

Суд палічыў, што Натальля і Дзьмітрый былі «актыўнымі ўдзельнікамі» несанкцыянаванага мерапрыемства, і пакараў іх арыштам. Натальля атрымала 10, Дзьмітрый — 15 сутак.

«Доказам майго актыўнага ўдзелу суд палічыў белую сукенку, у якой я была. І белыя кветкі ў Дзьмітрыя», — кажа Натальля.

У пастанове суду было напісана, што толькі такое пакараньне, як суткі, дапаможа «актыўным удзельнікам» усьвядоміць сваю віну.

«У мяне быў шок ад гэтага прыніжэньня — разьдзявацца дагала, брудная камэра, не цячэ вада, далі толькі адну прасьціну і кавалак коўдры. Вобшукі раніцай і вечарам. Холад страшэнны. Напэўна, усе былі б задаволеныя, каб я плакала. Але я ня плакала і на іх пытаньні адказвала, што ў мяне ўсё добра. Ня ведаю, чаго яны хацелі дабіцца ад нас. Але дабіліся супрацьлеглага», — кажа Натальля.

Частку тэрміну яна сядзела з жанчынамі, якіх судзілі па крымінальных артыкулах. «Мяне абурала, як да іх ставяцца! Яны ж людзі ў першую чаргу. Людзей караюць так, што пазбаўляюць іх права заставацца людзьмі. Калі тыя жанчыны выслухалі маю гісторыю, то моцна абурыліся, маўляў, што гэта за краіна, калі такія людзі трапляюць у турму», — згадала былы ідэоляг.

У ізалятары Натальлю і Дзьмітрыя выклікала на гутаркі міліцэйскае начальства. Іх папікалі за іхную пазыцыю і расказвалі, як міліцыя «ўратавала краіну».

«Радыкальна настроеныя асобы, якія не падтрымліваюць канстытуцыйны лад»

Пасьля адбыцьця Чавускінымі сутак начальнік Жлобінскага РАУС Генадзь Мельнік накіраваў зварот да дырэктара Жлобінскіх электрасетак. У лісьце ён піша, што Чавускіны, у абавязак якіх уваходзіць ідэалягічная праца ў калектыве, «самі зьяўляюцца радыкальна настроенымі асобамі, якія не падтрымліваюць канстытуцыйны лад». «Унутраныя перакананьні Чавускіных могуць адмоўна ўплываць на ідэалягічны складнік вашага прадпрыемства, спрыяць фармаваньню ў яго нэгатыўнага стаўленьня да ўлады і апарату дзяржаўнага кіраваньня», — напісаў начальнік міліцыі.

«Цяпер такі час, што нельга ісьці на кампраміс з сумленьнем»

На прадпрыемстве склікалі пазачарговую камісію па супрацьдзеяньні карупцыі і вырашылі, што ў Натальлі і Дзьмітрыя як, з аднаго боку, мужа і жонкі, а з другога — службовых асоб, ёсьць патэнцыйная магчымасьць узьнікненьня канфлікту інтарэсаў. Прафсаюз даў згоду на звальненьне. Так Чавускіны засталіся бяз працы.

«Хіба, калі мяне прызначалі на працу, ня ведалі, што мы муж і жонка? Або мы гэта хавалі і гэта было таямніцай? Законам не забаронена працаваць так мужу і жонцы. Я лічу нашае звальненьне незаконным», — кажа Натальля.

«Мы вырашылі судзіцца, бо гэта несправядліва», — кажа Дзьмітрый.

Яны ўступілі ў незалежны прафсаюз РЭП і з дапамогай прававога інспэктара Леаніда Судаленкі падрыхтавалі пазоў у суд.

«Мы знойдзем сабе працу. Мы ня згубімся ў гэтым жыцьці. Мы бывалі шмат разоў за мяжой. Але цяпер я прынцыпова хачу жыць у Беларусі. Нельга цярпець тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, гэты гвалт! Цяпер такі час, што нельга ўступаць у кампрамісы са сваім сумленьнем», — кажа Дзьмітрый.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930