Знайсці
05.12.2020 / 02:21РусŁacБел

Жанчына, пасля штурханіны з якой пасадзілі хлопца: Навошта яны правакуюць людзей белымі і чырвонымі стужкамі? Я хачу зялёненькі!

Яшчэ ў верасні ў адным з мінскіх двароў адбылася штурханіна: жанчына хацела зняць белыя і чырвоныя стужкі, мясцовыя хлопцы ёй не давалі. У выніку нядаўна адбыўся суд над адным з іх — хлопец атрымаў два гады хатняй хіміі. 

«Наша Ніва» пагаварыла з Элінай Дзянісавай — той самай «неабыякавай грамадзянкай», якая зразала стужкі.

Дзянісавай 48 гадоў, працуе ў метро. Пра канфлікт яна памятае.

«Гэтыя стужкі — навошта яны правакуюць людзей, якія з гэтым не згодныя? Яны вывесілі тыя стужкі і [нібыта паказваюць], што гэтыя тры дамы, каля якіх тое развесілі, усе згодныя з іх меркаваннем. Гэта ж зразумела, што сімвалізуюць тыя стужачкі, правільна? Нейкае іншае мысленне, што яны не прызнаюць беларускія сімвалы. А мы прызнаём беларускія сімвалы, чаго яны павесілі вось гэта? — пытаецца Дзянісава. —

Яны выказалі сваё меркаванне, а я выказала сваё. Гэта грамадскае месца, кожны мае права выказацца».

Эліна кажа, што сама ў тым двары не жыве: «У гэтым двары жыве мая родная сястра, я да яе часта хаджу, мы разам сабачак выгуліваем».

Сястра і здымала канфлікт на відэа, кажа Дзянісава. Пазней па матывах відэазапісу СТБ зрабіла рэпартаж:

«Я вешала зялёныя стужачкі — іх чамусьці знялі. І не даюць павесіць. Як гэта патлумачыць? Адганяюць, кажуць: мы хочам, каб быў такі колер. Я адказваю: а я хачу зяленёнькі!» — згадвае Дзянісава.

Тое, што яна наводзіць парадкі ў чужым двары, Эліну не засмучвае: «Гэта наша Беларусь, наша агульная зямля. Двор — не прыватная тэрыторыя, я ж не прыйшла ў кватэру! Гэта агульная тэрыторыя беларускага народа!»

Падчас сутычкі Эліна траўмавала руку: расцяжэнне. Яна схадзіла да доктара і напісала заяву ў міліцыю.

Днямі быў прысуд. Той хлопец атрымаў 2 гады «хатняй хіміі». Яго прызналі вінаватым у хуліганстве.

«На судзе ў мяне спыталі, на якую суму я пацярпела. Я не планавала патрабаваць нейкую кампенсацыю, але калі суд прапанаваў… Я ацаніла маральную шкоду ў 250 рублёў. Я не настойвала, але суд прысудзіў таму хлопцу гэтую суму мне сплаціць.

Я не хацела, каб яго так жорстка пакаралі, прасіла, каб яму далі штраф — проста каб ён ведаў, што ёсць пакаранне. Але паўплывала, што ён меў не адно адміністратыўнае парушэнне».

Эліна кажа, што вераснёвая сутычка ў яе была не апошняя.

«Пару тыдняў таму ў нас у раёне павыходзілі нейкія малалеткі. Я выязджала з двара — дарога была перакрытая людзьмі. Тады я ўзяла дзяржаўны сцяг і выйшла з машыны. А ў мяне яго адабралі, зламалі і выкінулі ў сметніцу. Я забрала яго адтуль.

Я нікога не чапала, я паказвала, што не ўсе любяць бел-чырвона-белы сцяг. Навошта ў мяне забралі маю маёмасць? Гэта нармальна — нападаць на жанчыну, якая ім па ўзросце як маці?»

Гэты канфлікт таксама трапіў на відэа.

Дзянісава кажа, што працуе ў мінскім метрапалітэне энергадыспетчарам. З сілавымі структрурамі ні яна, ні яе сваякі не звязаныя — хіба толькі сын служыў у МУС, але даўно.

«Але я сама гатовая ісці працаваць у органы — каб навесці парадак, каб людзі выконвалі закон. Калі нейкія грамадзяне з чымсьці нязгодныя — зафіксіруйце сваю пазіцыю. У вас іншае меркаванне? Прад’явіце пісьмова нейкую паперу. А што гэта за хаджэнне такое, што на вуліцу не выйсці? Парушаюць правілы руху, машыны гудуць — гэта што, нармальна?

На працы я адна ў дыспетчарскай, таму мы не размаўляем. А ў сям’і — усе за дзеючую ўладу, усе сваякі.

Сілавікі выконваюць сваю працу. Калі ніхто не парушае — яны нікога не чапаюць. Яны затрымліваюць тых, хто п’яны, пад наркотыкамі, хто неадэкватны, разумееце? Я не бачу, каб кагосьці без нагоды затрымалі».

Але як жа відэа? Тое, дзе людзей са звязанымі рукамі праганяюць праз дубінкі сілавікоў на Акрэсціна? Ці тое, дзе журналістцы «Нашай Нівы» сілавікі страляюць у нагу?

«Нікога не б’юць, гэта фэйкі. У нас не той менталітэт, каб збіваць ці гвалціць. Калі чалавек вельмі агрэсіўны — ну ведаеце, яго трэба неяк прыструніць. А так у нас сілавікі, міліцыя, АМАП настолькі лаяльныя, што параўнайце з Польшчай ці Францыяй — там не глядзяць, ці жанчына, ці стары.

А журналістка знаходзілася ў гарачай кропцы, не забывайцеся. Вы можаце трапіць пад нейкую раздачу ў цэнтры нейкіх падзей, гэта небяспечна. Калі ідзе эфект натоўпу, гэта вельмі страшна, натоўп можа задушыць. Калі б сілавікі не ўмешваліся ў гэты натоўп, у нас была бы другая Няміга, калі натоўп падушыўся ў метро і загінулі людзі.

Не, сілавікі не б’юць і не страляюць. Яны проста палохаюць, каб людзі разумелі, што яны могуць падвергнуць сябе небяспецы».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930